З нагоды выхаду свайго трэцяга студыйнага альбома HMR гурт IQ48 у асобе вакаліста Сашы Ракаўца і гітарыста Яўгена Бузоўскага прызналіся "Тузіну Гітоў", што кінулі сьпяваць "ні аб чым", паразважалі адносна пераезду ў Каліфорнію і ўрэшце акрэсьлілі тую аўдыторыю, якой адрасуюць свае песьні: "Наш альбом найперш будзе запатрабаваны прадстаўнікамі пакаленьня Y – тымі, хто нарадзіўся яшчэ ў СССР, але сфармаваўся як асоба ў часы незалежнай Беларусі".
Cвой новы дыск HMR самі "айк’юшнікі" называюць "моцным альбомам". "Гэта сымбіёз нашых музычных i чалавечых здольнасьцяў, абсалютна калектыўная праца, бы адзiны арганiзм", – дае сваю ацэнку выніку працы вакаліст каманды Саша Ракавец. HMR пiсаўся ў чэрвенi – верасьнi 2011 году на студыi "Таксафон", якую трымае гiтарыст каманды Павал Яноўскі. У альбоме 11 песень – 10 цалкам сваiх i адна, запісаная сумесна зь Vinsent. Музыку да альбома IQ48 стваралі ўсiм гуртом, тэксты пісалі Саша Ракавец i Яўген Бузоўскi. Яшчэ з двума тэкстамі дапамог былы вакалiст каманды Фрэйд, зь якім аднавілі супрацоўніцтва. Акрамя сумеснага тэксту зь Vinsent, увесь альбом рабiлi самi музыкі, нават дызайн вокладкi. На пытаньні ТГ адказваюць вакаліст Саша Ракавец (С.Р.) і гітарыст Яўген Бузоўскі (Я.Б.)
– У гэтым альбоме вы сталееце? Ці застаецеся звыклымі, тымі, якімі вас усе ведаюць?
Я.Б.: Наконт сталасьці скажу, што гэты дыск больш дарослы, у параўнаньні зь першымі двума. Вельмi драйвовы. Таксама асаблiвыя зьмены тут адбылiся ў тэкстах, тэкстаў "ні аб чым" няма, практычна кожны радок у той цi iншай ступенi аўтабiяграфiчны, з рэальнымi прататыпамi. Вершы нараджалiся стыхiйна i адразу, мы намагалiся нiчога пасьля зь iмi не рабiць, не рэдагаваць, каб пакiнуць чыстай тую першую, натуральную эмоцыю, нэрв. Увогуле, цяпер гэта наш падыход такi да ўсяго жыцьця, у тым лiку i да творчага працэсу – проста адсякаем усё непатрэбнае ад першае думкi, эмоцыi, застаецца толькi шчырасьць. Мы тыя, хто ёсьць i нiкога зь сябе ня корчым, застаемся сабой, нам проста немагчыма ня рухацца, не ствараць нешта цiкавае i энэргiчнае.
– Назву альбома разглядаць як даніну павагі захапленьню маладосьці ці неяк інакш?
С.Р.: Можна сказаць і так, але, хутчэй гэта проста iронiя над аматарамi олд-скулу, у лiк якiх мы таксама ўваходзiм. Мы досыць немаладыя ўжо перцы (сьмяецца). Такiм чынам гэта i самаiронiя. Трыб’ют самаіроніі і музычнаму олд-скулу.
– А самі не хацелі бы граць гэві-мэтал?
Я.Б.: У нас атрымліваецца нейкі свой гэві-мэтал, што толькі радуе. Але мэтал у чыстым выглядзе граць ня хочацца, нецікава. Іншая справа зьмешваць мэтал зь нечым, з фанкам ці гіп-гопам, напрыклад. Але гэта ўсё даўно мае агульную і вельмі шырокую назву – альтэрнатыўная музыка, яе мы і граем. У альтэрнатыве можна граць і зьмешваць усё, але галоўнае: не выносіць сваімі шызафрэнічнымі стылёвымі кактэйлямі мазгі слухачам. Усё ж такі гэта музыка, яна павінна "слухацца". Тут патрэбны густ i досьвед, як мiнiмум.
– У прынцыпе не шкадуеце пра абраны музычны шлях? Не адчуваеце сябе закладнікамі свайго стылю?
Я.Б.: А чаго шкадаваць, калі займаесься ўлюбёнай справай? Тым больш, як ні банальна гучыць, але мы не абіралі такі шлях, гэта ён нас абраў. Мы даўно ўжо перайшлі той Рубікон, калі патрэбна кідаць "гэныя ракінролы" дзеля пасьпяховай кар’еры, а па выходных рамантаваць свае "жыгулі". Мы свой выбар зрабiлi i не шкадуем. Калі столькі часу мы ў гэтай музычнай тэме, дык ужо трэба ісьці да канца!
С.Р.: Закладнiкамi якога стылю? Мы для сябе нiколi не вызначалi той самы стыль, гэта справа экспэртаў i крытыкаў. Калi маецца на ўвазе стыль "сьцёб+саксафон", дык у HMR няма ні першага, ні другога. Але іронія засталася, мы ж не зануды (усьміхаецца).
– А няма шкадаваньня, што вы беларуская група, а не, скажам, каліфарнійская?
С.Р.: Шкада, што ў нас шоў-біз ня як ў Каліфорніі. А так, наадварот ёсьць гонар, што мы сапраўдныя жаўнеры андэграўнду, працуем у практычна ваенных умовах, у культурным вакуўме, ва ўсеагульнай атмасфэры апатыi.
– Няўжо сапраўды няма адчуваньня недарэалізаванасьці?
Я.Б.: Канечне ёсьць! Маем шмат чаго сказаць і рэалізаваць безьліч ідэяў. Жыцьцё веееельмi шырокая штука! Не хапае толькi жывых выступаў, асаблiва на Радзiме. Акрамя гэтага, што тут i каму шкодзiць рэалiзавацца? Завалi слухачоў цiкавай i якасная музыкай i ўсё запрацуе!
– Як мяркуеце, хто найперш набудзе ваш альбом?
Я.Б.: Першымі набудуць тыя, хто яго чакаў. Пэўна, думаючыя, адукаваныя людзi, фанцiкi жывога гiтарнага саўнду. Можа i дарослая праслойка аматараў олд-скулу. Пакаленьне Y, тыя, хто нарадзіўся яшчэ ў СССР, але сфармаваўся як асоба ў часы незалежнай Беларусі. Менавіта гэтая генэрацыя цяпер па-добраму руліць, яны і набудуць перш за ўсіх.
Новы альбом HMR выйдзе ўвосень 2011 году.
Тэкст: Іван Бяспалы, "Тузін Гітоў"