Гурт IQ48 выклаў на сваім сайце інтэрнэт-рэліз "Зрабі сам. Акустыка" - адмыслова запісанае і знятае ў стылі unplugged аўдыё і відэа да 10 песен, сярод якіх кавер на песню Depeche Mode "Enjoy The Silence".
Што гэта такое і з чым ядуць?
На базе сваёй студыі для самых адданых прыхільнікаў хлапцы жыўцом зайгралі "пад акустыку" 9 сваіх твораў, а таксама беларускамоўны кавэр на песьню "Enjoy The Silence" гурта Depeche Mode. Відэаварыянт гэтага канцэрту выйшаў і на DVD.
Узяўшыся за акустыку, гурт вырашыў праверыць, ці "здольны ён "браць" слухача ня толькі моцным гукам, такі выклік самому сабе: а ці загучаць мае песьні ў простым выглядзе, ці будзе што ў іх слухаць?" Рэалізацыя новай задумкі выйшла музыкам у 50 даляраў.
Адкуль ідэя?
Паміж рэлізам свайго папярэдняга альбому і тым, як пачаць рыхтаваць новы матэрыял, музыкі вырашылі не таптацца на месцы, а зрабіць нешта незвычайнае — зайграць свае ўжо вядомыя песьні па-іншаму, без уласьцівых гурту рокавых гітар, больш лірычна, падобна на тое, што называецца ў сьвеце словам unplugged.
Чаму менавіта "акустыка"?
У Беларусі гэтым яшчэ практычна ніхто не займаўся, каб ня проста перапрацаваць свае песьні "пад акустыку", а зрабіць з гэтага гатовы да ўжываньня відэапрадукт.
Грошы і хто за гэтым стаіць?
Рабілі праграму хлопцы самастойна (адсюль і назва адпаведная — "Зрабі сам"), без фінансавай ці іншай падтрымкі лэйблаў, спонсараў і іншых варацілаў шоў-бізнэсу. Такім чынам, бюджэт праекту склаў 50 даляраў, астатняе грашыма не вымяраецца — дапамаглі сябры і прыхільнікі гурта.
Запісвалася праграма на студыі гітарыста IQ48 Паўла Яноўскага "Таксафон", а вокладку для DVD зрабіў Юра Сідун (Generation.by)
Дзе знайсьці?
На афіцыйным сайце гурта www.iq48.net. Там відэа і мр3. Усё качаецца бясплатна, бо гэта падарунак музыкаў аматарам IQ48 і людзям, якія падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць гурт. Таксама існуе "калекцыйнае выданьне" гэтага DVD, але яго наклад абмежаваны і ён прадаецца выключна на канцэртах, а таксама на спэцыялізаваных гандлёвых кропках. Па словах музыкаў, усе сродкі ад продажу дыскаў адпраўляюцца "дамоў на Марс" альбо ідуць на іншыя дабрачынныя мэты, паведамляе прэс-служба гурта.
Фота са здымак і тэкст пра здымкі.
Тэкст: Воля Кузьміч
Фота: Юра Сідун
Generation.by