У г.п. Сокал пад Менскам ужо колькі тыдняў ці не самы стары малады гурт Беларусі IQ48 піша новы альбом. Штамп музычных крытыкаў пра "крызыс другога альбому" можна нацягнуць і на IQ. Пасьля выхаду "Герояў" у складзе гурта адбыліся значныя зьмены. Аднак ужо цяпер можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што пасьля таго, як IQ48 згубілі саксафон, яны знайшлі сябе. Журналісты Generation.by падслухалі рытмы гэтай восені.
Зрабілі крок назад
У студыі "Таксафон", якая месьціцца ў сутарэньні прыватнага катэджу на ўскрайку Менску, асьцярожная атмасфэра эўфарыі. Хлопцы адчуваюць, што справы ідуць як трэба.
"Мы плюнулі на ўсё, на арыентыры, і пачалі граць тое, што хочацца. Ён разьлічаны на жывыя канцэрты найперш. Нешта будзе", – гаворыць гітарыст і гукарэжысэр Павал Яноўскі.
Паша прыйшоў у гурт ужо пасьля выхаду другога альбому. Яго гітара і замяніла той самы саксафон, які здалёк мог падацца асноўнай фішкай IQ48. Гітара Яноўскага цяпер выдае нават гучаньне віялянчэлі.
"За год нарадзілі і запісалі. Усё арганічна. Я зараз яго слухаю і думаю, а што мы раней рабілі? Такі склад у нас зараз, што ўсё арганічна", – разважае заснавальнік гурта Яўген Бузоўскі.
Новыя IQ48, узрост якіх цяпер недзе па 30+/- гадоў, будуюць музычны сьветапогляд на першых пачутых некалі ў пачатку 90-х творах:
"Мы зрабілі крок назад. Выкінулі музыку за апошнія 15 гадоў, і пераасэнсавалі тое, што мы самі слухалі ў пачатку 90-х".
Стаяць на барыкадах
"Стаяць на барыкадах, імкнуцца ў космас – ня модна, ня модна ды ўжо позна", – сацыяльная тэматыка блізкая гурту ад пачатку стварэньня, яшчэ выразьней у новым альбоме.
Пакуль "быкі і цёлкі – ахвяры глямуру – танчаць у доме агракультуры", "выносіць розум – галоўная мэта" IQ48, пры гэтым нязьменна трымаючы "хвост пісталетам".
"Цяпер, калі нам будуць пляскаць у далоні на канцэртах, будзем адчуваць сябе вэтэранамі", – сьмяецца вакаліст Саша Ракавец.
Песьні для новага альбому IQ48 пісалі ў часы абсалютнай дэкаратыўнай стабільнасьці, а запісваюць іх у атмасфэры, калі нешта такі вось-вось "шандарахне".
Гэтая спалучэньне абяцае стварыць вельмі прыгожую актуальную музычную афарбоўку чаканай пераменлівай восені 2011.