Пласцінка пра "гонар, баязлівасць і дабро" з "залётамі" ў класічную музыку з’явіцца гэтай вясной. Па словах Ліберзона, альбом знаходзіцца на фінальнай стадыі – ужо 1-га сакавіка каманда плануе аддаць "майстар" на студыю гуказапісу "Снегири". У пласцінку ўвайшло 12 кампазіцый, і, магчыма, бонус-трэк – песня "Стаканы" – трыб’ют да юбілея Барыса Грабеншчыкова, у якім гурт браў удзел.
"З узростам, па-першае, абрастаеш дзецьмі, а па-другое – жыццёвым досведам, і хочацца падзяліцца ім з малодшым пакаленнем. А ўлічваючы тое, што мы зануды і рэдкасныя снобы і ныцікі, то даводзіцца занімацца маралізатарствам. Вось і альбом у нас атрымаўся маралізатарскім – пра разумнае, добрае, вечнае", – тлумачыць сутнасць будучай пласцінкі лідар "Кассиопеи" Аляксандр Ліберзон.
Па настроі альбом атрымаўся вясёлым, задорным і аптымістычным. Да таго ж, дадае Ліберзон, акрамя Іллі Чарапко-Самахвалава вакальныя партыі на пласцінцы выканае жаночы, амаль оперны "хор".

"У пласцінцы будзе вельмі многа жывых інструментаў і запрошаных вакалістаў. Там будуць жывыя трубы, жывыя скрыпкі і жывыя дзяўчаты-спявачкі, – смяецца Аляксандр. – У некалькіх песнях будуць асобныя бэк-вакалы, а месцамі – нават амаль лідуючыя партыі ледзь не опернага характару. І, дарэчы, так атрымалася, што там будзе шмат "залётаў" у класічную музыку".
Па кантракце паміж "Снегирями" і "Кассиопеей" пасля выхаду трэцяга альбома лэйбл павінен займацца канцэртамі гурта яшчэ год. Але па індывідуальных дамоўленасцях з прамоўтарам "Кассиопеи" Аляксандрам Багданавым, усе канцэртныя туры для музыкаў выстройвае агенцтва "Bo Promo". Такім чынам, альбомам "Сэрца аддаю дзецям" гурт "Кассиопея" плануе развітацца са студыяй "Снегири".
Текст: Міра Шульц, Еўрарадыё