Легендарны гурт "Крама" прэзентаваў на сайце "Еўрарадыё" пяць песень з новага альбома "Белая вада". У тым ліку, песні, з-за якіх на 5 гадоў спынілася студыйная праца. Цяпер музыкі называюць іх лепшымі на дыску.
Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 28 лістапада ў Палацы культуры Чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7), а ў продажы ён з’явіцца на днях.
"Менавіта на песнях "Белая вада" і "Колькі дарог" мы спынілі працу над альбомам, – распавядае лідар гурта Ігар Варашкевіч. – Атрымалася, што палова дыска была запісана ў 2009 годзе, а другая палова фактычна праз пяць гадоў. Але гэта ўжо засталося ў мінулым, а тады на рэпетыцыях у нас з Сержуком Трухановічам узніклі, так бы мовіць, творчыя непаразуменні. Нягледзячы на гэта, у выніку атрымалася так, што гэтыя песні я лічу сваімі любімымі і самымі ўдалымі трэкамі на альбоме".
На песню "Дзяўчынка са шклянымі вачамі" яшчэ ў ліпені "Крама" зняла кліп, які самі музыкі назвалі "першым відэа гурта, да здымак якога падышлі адказна і прафесійна". "Дзякуй богу, але ж мы ідзем дамоў" таксама ўжо добра вядомая наведвальнікам канцэртаў калектыву, але пакуль не выдавалася.
"Я заўсёды хацеў зрабіць такі дарожны альбом, – каментуе агульную тэматыку амаль усіх песень "Белай вады" лідар гурта. – Але неяк не атрымлівалася, былі толькі асобныя песні. А я вельмі люблю дарогу і гэтая тэматыка мне вельмі блізкая".
Па словах Ігара Варашкевіча, усе 10 трэкаў альбома "Белая вада" былі напісаныя даўно. Напрыклад, трэк "Твой накірунак", які таксама вельмі падабаецца музыку, чакаў свайго часу з 1995 года. Нагадаем, раней лідар гурта называў альбом лепшым у дыскаграфіі "Крамы". Дыск выдадзены на лэйбле БМАgroup.
У дзень канцэртнай прэзентацыі "Еўрарадыё" прадставіць астатнія пяць песень альбома "Белая вада". Квіткі на выступ "Крамы" ў ПК Чыгуначнікаў каштуюць 120 000–280 000. Даведкі па тэлефоне: (29)6490888, (29)8517706.
Текст: Вячеслав Радионов, Ultra-Music