12 сьнежня на 12-годзьдзе парталу Tuzin.fm адбылася цырымонія ўручэньня штогадовай музычнай прэміі "Героі году". Акрамя дзьвюх галоўных намінацыяў, лёс якіх вызначае рэдакцыя парталу, былі абвешчаныя пераможцы ў намінацыях "Кліп году", "Песьня году" ды "Альбом году", якіх абіраюць наведнікі сайту.
"Кліпам году" стала відэа гурта Re1ikt на песьню "Чаго ты, лося". У намінацыі "Песьня году" перамагла кампазыцыя "Будзь злой" праекту "Мама". А "Альбомам году" ў выніковым галасаваньні слухачы абралі альбом гурта Akute "Рэальнасьць і сны".
У намінацыі "Адкрыцьцё году" перамагла Паўліна Цімохіна з гуртом Pauline. У гэтым годзе музыкі таксама сталі фіналістамі Revolution Music Fest Belarus і конкурсу "Засьпявай 2:0", паўфіналістамі "Маласольнага фэсту", пераможцамі DreamFest ArtRock.
У прэтэндэнтах на галоўную ўзнагароду "Героі году" сёлета былі: Brutto, Navi, "Крамбамбуля", Tonqixod, Зьміцер Вайцюшкевіч, Šuma ды гурт Re1ikt. Navi і Re1ikt узялі ўдзел у канцэрце. Алесь Дзянісаў з гурта Dzieciuki, які быў прызнаны "Герояму году – 2014" адмыслова прыехаў з Горадні, каб выканаць адказную місію і абвесьціць пераможцу – гурт "Крамбамбуля".
Сёлета гурт Лявона Вольскага даў маштабны канцэрт у Вільні, выдаў шыкоўны альбом "Чырвоны штраль" ды сыйшоў у лясы. Але абяцаў вярнуцца. Узнагароду за ўвесь гурт атрымаў саксафаніст і адзін з вакалістаў гурта Павал Аракелян, Лявон Вольскі граў у гэты дзень канцэрт у Варшаве.
Тэкст: паводле Tuzin.fm