Гурт "Крамбамбуля" выдаў альбом "Драбадзі-драбада" – першую вялікую студыйную працу за амаль пяць гадоў. За гэты час амаль цалкам зьмяніўся склад калектыву, ён набыў трохі іншае гучаньне, але на пазітыўны настрой твораў гэта не паўплывала. Лявон Вольскі адказаў на некалькі пытаньняў Experty.by.
– Упершыню пра планы на альбом вы распавялі яшчэ ўлетку 2010...
– Так, альбом запісвалі доўга і ўпарта, пачалі болей за год таму. Каб ня ўзьнікла вар'яцкая ідэя падвоенага альбому – то бок, прасьпяваць фольк-хіты ня толькі па-беларуску, але й на мовах арыгіналу, плытка з'явілася б значна раней. Але, мне падаецца, у гэткім варыянце альбом значна цікавейшы. Хаця, безумоўна, усё прасьпявана з акцэнтам, але, як кажуць носьбіты моваў (немцы, швэды, літоўцы...), гэта толькі дадае шарму.
Працавалі на студыі "Селах" з Андрэем Баброўкам. У альбоме 12 песень. Тры беларускія. Астатнія – эўрапейскія фольк-хіты. Ёсьць выключэньні – песьні аўтарскія, але іх цяпер сьмела можна называць "народнымі", як, напрыклад, "Cicha woda" (Польшча). Песьні з сынглу "Раз-два-тры – усе за стол" (2010) у альбом не ўвайшлі нават у якасьці бонусу, бо абсалютна ня ўпісваліся ў канцэпцыю.
– Мяркуючы па канцэртах і відэа "Гэта ня ветразь", у параўнаньні зь мінулымі альбомамі адчуваецца ўхіл у альтэрнатыву. Гэта ўплыў новага складу ці вам больш не цікава рабіць папулярную музыку?
– Мне падаецца, што якраз гэты альбом зроблены ў рэчышчы сучаснай папулярнай музыкі, а не альтэрнатывы. Але ў кожнага – свой погляд на гэтыя рэчы. Уплыў музыкаў, безумоўна, быў. Перадусім на адной зь першых рэпэтыцыяў было вырашана адмовіцца ад звыклага для мяне эклектычнага падыходу і рабіць увесь матэрыял у рэчышчы поп-панку. Ну, натуральна, не абыйшлося без ваганьняў – цяжэй-лягчэй – але, усё ж такі, стылістычна альбом, на мой погляд, болей "сцэмэнтаваны", і гэтым розьніцца ад папярэдніх працаў гурту.
– Якія новыя таленты вы і вашыя музыкі адкрылі ў сабе падчас запісу гэтага альбому?
– Як высьветлілася, у нас усе сьпяваюць. Без выключэньня. Таму бэк-вакалы ўсе музыкі й запісвалі. Яшчэ два чалавекі (ня будзем удакладняць, хто менавіта) адкрылі таленты грузчыкаў і начамі рэалізоўвалі гэтыя свае здольнасьці. Але празь некалькі месяцаў вырашылі зарыць гэтыя таленты ў зямлю. Бо яны пачалі перашкаджаць музыцы. А гітарыст Павал Трацяк (Паўлюк Рысь) прыдбаў і асвоіў электрасітар – рэдкі і вельмі эфэктны інструмэнт. Мне ж давялося папрацаваць перакладчыкам. Я й раней займаўся гэтай справаю, але тут давялося "запрэгчыся" па поўнай праграме – дзевяць розных моваў, трэба было кансультавацца, раіцца... Але гэта было прыемнае бавеньне часу. :)
– Як будзе выдадзены альбом? Ці чакаць у Інтэрнэце?
– Альбом выйшаў на дысках у дзвюх вэрсіях. Дарагая складаецца з двух дыскаў. Яе ўжо можна набыць у дыскарнях "Містэрыя гуку", а таксама ў інтэрнэт-краме OZ.by. Танная вэрсія мае толькі беларускамоўны дыск і яна літаральна заўтра-пасьлязаўтра зьявіцца ў гіпэрмаркетах і на аўтазапраўках. У Інтэрнэт афіцыйна выкладаць зараз не плянуем, можа пазьней, бліжэй да прэзентацыі – яна адбудзецца 11 лютага ў клюбе "Re:Public". Мы чакаем новага сайту "Крамбамбулі", ён неўзабаве мусіць зьявіцца, там і выкладзем альбом. Але беларускае "неўзабаве" можа цягнуцца і месяц. Таму давядзецца пачакаць. Адрэса будзе: krambambulya-band.com.