Гурт "Мутнаевока" прэзентаваў на Ultra-Music сінгл "Апантаны", які, па словах музыкаў, адлюстроўвае свежае гучанне гурта. Рэліз змяшчае два трэкі: аднайменны "Апантаны", а таксама песню "Восьмая восень". "Песня "Апантаны" – гэта шчырая споведзь пра любоў без лішніх словаў і прэлюдый", – кажа лідар гурта Яўген Змушка.
"Паўтарэнне слоў "я плыву" ахарактэрызоўвае ўтапічны кругаварот пошукаў адказаў на спрадвечнаыя пытанні, пастаўленныя чалавекам самому сабе, – працягвае ён. – Што ёсць свабода? Што ёсць любоў? У ва што я веру? Наколькі я здольны да канца праплыць па вытоках сваёй крыніцы?"
Запіс будучага альбому гурта ладзіўся ўласнымі сіламі. У якасці саўндпрадусараў выступалі самі музыкі, а таксама гукарэжысёр Анатоль Шманай.
"Кампазіцыя "Апантаны" у якасці прэм’еры была адабрана невыпадкова: па-першае, яна адлюстроўвае свежае гучанне ансамбля, тым самым крыху зазіраючы у будучы кірунак гурта, а па-другое, гэта ёсць канстатацыя формы сацыяльнай нязгоды як адно з выяўленняў панк-року", – кажа Яўген.
Прэзентацыя новага альбома гурта адбудзецца на наступным тыдні на Ultra-Music. Канцэртная прэзентацыя другога альбома адбудзецца ў мінскім клубе Re:Public 22 траўня. Таксама музыкі плануюць зняць кліп на адну з кампазіцый.
Гурт "Мутнаевока" актыўна дзейнічае з 2009 года. Дэбютны паўнафарматнік гурта "Пошлы гламур" выйшаў у 2010 годзе. Музыкі прымалі ўдзел у буйных фестывалях "Рок за бобров", "Соседний мир", "Рок-млын".
Тэкст: Аляксандр Чарнуха, Ultra-Music