Мінскі гурт Termin X выклаў у Сеціва дэбютны альбом "Што дае нам магчымасць дыхаць". Гэта першы рэліз калектыва пасля сінгла "Закрэслі сваё імя", выдадзенага яшчэ ў 2007 годзе, і ўдзелу на фестывалі "Басовішча". Увесь гэты час музыкі будавалі ўласную студыю і працавалі над дыскам.
У альбом "Што дае нам магчымасць дыхаць" увайшлі 13 кампазіцый, напісаныя яшчэ ў перыяд з 2005 па 2007 гады. "Для музыкі зараз гэта вельмі доўгі тэрмін, бо кожны год змяняюцца тэндэнцыі, з'яўляюцца новыя стылі, – кажа вакаліст гурта Кірыл Домніч. – Мы як, напэўна, і ўсе музыкі, нешта прыдумваем і знаходзімся пад уражаннем ад бягучай моды, але для альбома выбралі ўжо дастаткова старыя трэкі".
Альбом атрымаўся маналітным як у музычным, так і ў сэнсавым плане. Старыя песні былі перазапісаны і крыху дапрацаваны, каб больш адпавядаць настрою дыска. "Нам падабаецца задаваць пытанні, заклікаць слухача да дыялогу. "Што дае нам магчымасць дыхаць" – гэта і пытанне, і сцвярджэнне, – тлумачыць пасыл альбома Кірыл. – Гэта наша асэнсаванне кавалачкаў, з якіх злеплена жыццё: каханне, сяброўства, грамадства, надзеі на будучыню, жарсць, непрадказальнасць пачуццяў і ліній лёсу. Гэта развагі пра ўсе тыя рэчы, якія надзяляюць сэнсам існаванне і прымушаюць нас дыхаць".
У запісе альбома, акрамя музыкаў гурта, прымалі ўдзел хор "Тоніка" ("Апошні дзень") і беларускі рэпер Кроў з гурта "Чырвоным па Белым" ("Не спыню ніколі"). "Жывая" прэзентацыя дыска адбудзецца ў бліжэйшы месяц, а пакуль "Termin X" рыхтуюцца да здымак свайго першага відэа.
Альбом "Што дае нам магчымасць дыхаць" гурта Termin X можна спампаваць на адмысловай старонцы – http://termin-x.ultra-music.com.