Вакальнае трыа "Акана" мае дзве добрыя навіны. Яны тычацца сумеснага праекту Kazalpin, які "Акана" робіць разам са швейцарскім бэндам Albin Brun Alpin Ensemble. Па-першае, пасля двухгадовай працы на нямецкім лэйбле Сhallengerecords у музыкаў выйшаў альбом. Па-другое, праект выпраўляецца на гастролі ў падтрымку пласцінкі.
За падрабязнасцямі "Еўрарадыё" накіравалася на рэпетыцыю дзявочага трыа, якое ўжо 10 лістапада чакаюць у швейцарскім Люцэрне.
Руся: Ну вось менавіта сёння мы сабраліся на рэпетыцыю, каб аднавіць адну з песень, якая называецца "Гарэла сосна". Таксама мы яе павязем зараз у Швейцарыю на рэпетыцыі і будзем рыхтаваць да беларускага і да швейцарскага тураў.
– А колькі ў вас будзе там часу на рэпетыцыі?
Ірэна Катвіцкая: 5 дзён, а потым будзе гастрольны тур. Вось за 5 дзён мы павінны прыйсці ў форму (смяюцца).
Прэзентацыя альбома праекту Kazalpin адбудзецца ў васьмі швейцарскіх і чатырох беларускіх гарадах. Ужо зараз жыхары Еўропы з задавальненнем набываюць і слухаюць дыск "Kazalpin". Ці атрымаюць такую магчымасць беларусы, пакуль не вядома – замежныя лэйблы вельмі сур’ёзна абараняюць свае аўтарскія правы. Па гэтай жа прычыне альбом не будзе выкладзены ў Сеціве.
Руся: "Цяпер мы вядзем перамовы з West-Records на гэты конт. Але нам вельмі цяжка дамовіцца са швейцарскім і нямецкім бокам, бо яны вельмі хвалююцца за капірайты і за аўтарскія правы. А як вы ведаеце, на Беларусі з аховай аўтарскіх правоў працаваць даволі складана. Таму на дадзены момант мы не ўпэўненыя, што зможам дамовіцца. Вельмі б хацелася зрабіць невялікі тыраж, каб ён прадаваўся ў беларускіх крамах таксама".
"Акана" называе дыск "Kazalpin" першым у гісторыі беларускай музыкі інтэрнацыянальным этна-джазавым альбомам. З такім стылістычным вызначэннем пласцінкі згодныя і прадстаўнікі лэйбла Сhallengerecords. Праўда, робіць рэмарку Руся, ёсць тут і нюансы.
Руся: "Джаз Albin Brun Alpin Ensemble – гэта не класічны джаз. Там ёсць шмат месца для імправізацыі, для аўтарскіх вынаходніцтваў. Гэта сучасны джаз з элементамі альпійскіх народных мелодый.
Ірэна Катвіцкая грунтоўна прэзентуе змест пласцінкі.
Ірэна Катвіцкая: "У альбоме ёсць тры стылістычныя буйныя пласты. Будзе прадстаўленая беларуская аўтэнтыка, арыгінальныя інструментальныя кампазіцыі Альбіна і тое, што мы назвалі нашым сумесным праектам – наша ядро – сумесныя аранжыроўкі і этна-джазавыя кампазіцыі".
На жаль, усе міжнародныя праекты аднойчы завяршаюцца. Пакуль не вядома, ці ёсць будучыня ў праекту Kazalpin, аднак музыкі спадзяюцца што-небудзь для гэтага прыдумаць.
Руся: "Вядома, не хацелася б на гэтым спыняцца, маўляў, зніклі фонды, і знік Kazalpin. Вядома, што мы будзем спрабаваць прадаваць гэты праект на нейкія фестывалі. І спадзяюся, што мы здолеем знайсці новае фінансаванне, бо, насамрэч, гэта новае слова як для беларускай музыкі, так і для швейцарскай сучаснай музыкі".
Беларускі тур Kazalpin пачнецца 30 лістапада выступам у Мінску..
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"