Самы незвычайны гурт Беларусі прэзентуе свой дэбютны альбом 13 сакавіка. Стваральнік і ўдзельнік праекта Port Mone Аляксей Варсоба распавёў "Еўрарадыё" пра тое, як гурт рыхтуецца да прэзентацыі, хто, акрамя музыкаў, з'явіцца на канцэрце, як доўга яшчэ будзе існаваць праект і чаго шукае ў жыцці сам Лёша.
Інструментальнае трыа Port Mone было створана пяць гадоў таму. За гэты час гурт узяў удзел у шматлікіх сур'ёзных фестывалях, а дэбютны альбом "Dip" атрымаў самыя высокія адзнакі крытыкаў. Так, напрыклад, харвацкі музычны партал "Тэрапія" назваў "Dip" лепшым замежным альбомам 2009 году, а расійскі рэсурс Rolling Stone даў Port Mone вельмі высокую адзнаку – 3,5. Напрыклад, альбом адноўленай брытанскай чацвёркі "Skunk Anansie" атрымаў толькі два балы, а знакаміты на ўвесь свет рэпер 50 Cent – тры.
Альбом Port Mone "Dip" быў запісаны ў Мінску ў студыі Андрэя Жукава і ў 2009 годзе яго выдаў незалежны маскоўскі лэйбл "Геаметрыя". (З "Геаметрыяй" таксама працавалі, напрыклад, "Аукцыон" і "Телевизор"). У Беларусі ж пласцінка выдаецца толькі цяпер. 13 сакавіка West Records выдасць афіцыйны беларускі рэліз і ў гэты ж дзень адбудзецца прэзентацыя альбома. З яе мы і пачалі сваю гутарку з Лёшам.
Аляксей Варсоба: Рабіць прэзентацыю практычна бессэнсоўна. Мне ўсё кажуць, што гэта "трэба!". Мяне доўга ўгаворвалі, а я ўсё не магу зразумець, навошта гэта трэба.
Еўрарадыё: Усё ж, ты вырашыў. Гэта вельмі прыемная і доўгачаканая падзея для Мінска. Распавядзі, што будзе адбывацца на канцэрце?
А.В.: На прэзентацыі з намі будзе працаваць віджэй з Літвы, VJ Makaura (Аўрэлия Макунайтэ), неверагодны відыёмастак! Я думаю, што ў нас усё атрымаецца. Да нас на канцэрт прыйдуць нашы сябры і блізкія людзі. Мы ўсе запрасілі сваіх бацькоў. Нібыта гэта не канцэрт, а справаздача пра зробленую працу (смяецца).
Мне складана рыхтавацца да гэтага канцэрту, таму што для мяне і для хлопцаў гэта вельмі вялікая адказнасць. Вось, хвалявання перад канцэртамі ўжо даўно няма, а перад прэзентацыяй ёсць!
Еўрарадыё: Ці плануеш ты запрасіць на прэзентацыю нейкіх іншых музыкаў?
А.В.: Не, мы не будзем запрашаць кагосьці старонняга. Мы пакажам новыя песні і, прычым, мы плануем граць не ўвесь альбом, а толькі некаторую яго частку. Хочацца зрабіць нейкую моцную для нас і для слухача падзею.
Еўрарадыё: Табе ўвесь час задаюць пытанні пра тое, ці з'явіцца ў праекце Port Mone голас. Можа быць, мае сэнс пагадзіцца са слухачамі і зрабіць выключэнне хоць бы для прэзентацыі? Няўжо, ты ніколі так і не паспрабуеш упусціць чалавечы голас у музыку Port Mone?
А.В.: У гэтым праекце абсалютна дакладна голасу ніякага не будзе, ён тут не патрэбны, я лічу. Нейкія асобныя праекты з вакалістамі магчымыя.
Еўрарадыё: Гэта значыць, на Port Mone твая праца не спыняецца, дакладна ?
А.В.: Так. Але, Port Mone гэта самае галоўнае, вядома ж. Але, баюся, што гэта хутка скончыцца. Я разумею, што ў мяне ёсць яшчэ час, рэсурс, нейкая магчымасць спрабаваць трымацца на плыву і працаваць далей. Але, я разумею, што гэта доўга не працягнецца. Вось тая самая кропка…. калі яна наступіць, я не ведаю. Але, у мяне такое адчуванне, што гэта адбудзецца вельмі-вельмі хутка. Ну, прама наогул хутка, мне здаецца. Звязана гэта з тым, што даводзіцца проста выжываць.
Еўрарадыё: Ці не спрабаваў ты рабіць музыку для кіно, тэатра, рэкламы, тэлебачання?
А.В.: Пакуль мы толькі даём канцэрты. На жаль, толькі так. Мы вельмі хочам выступаць, працаваць з кінаіндустрыяй, шукаем кантакты, знаёмімся… Можа быць, нават дакучліва ў нейкія моманты сябе паводзім, але не атрымліваецца ў нас пакуль шмат выступаць. І не зразумела, чаму. Я думаю, што нам проста патрэбны чалавек, які асабіста з кімсьці звядзе, таму што фармальныя кантакты не працуюць.
Еўрарадыё: Штосьці сумная карціна атрымліваецца, Лёша. Ці сочыш ты за музычным рынкам, ці ў курсе ты, як і што прадаецца, якія сучасныя трэнды?
А.В.: Так. Я трошкі цікаўлюся гэтым. Сачу за навінамі, чытаю літаратуру… Я ў курсе падзей, але штосьці ўжываць, штосьці планаваць… мне здаецца, гэта не мая задача. Блін! Пра гэта наогул вельмі складана казаць. Проста, ці гэта робіш, ці гэта. Ці ты музыка, ці ты менеджэр. Рабіць дзве справы адначасова, гэта, як стрэліць у дзве цэлі адначасова.
Еўрарадыё: Альбом "Dip" атрымлівае самыя добрыя водгукі і высокія адзнакі, гэта дапамагае табе трымацца на плыву?
А.В.: Я спадзяваўся на такую рэакцыю СМІ і, дзякуй Богу, гэта спрацавала. Нейкі водгук, водгук ад публікі, водгук ад крытыкаў, ён усё ж зрабіў нейкую працу для Port Mone. Зараз я ўжо ўсё менш чую пытанні накшталт "А што гэта за музыка такая, а што вы граеце такое дзіўнае, а чаму ў вас няма вакалу…" і інш. Гэта значыць, слухачы нам не вельмі давяралі раней.
Бо, чалавек не заўсёды можа сам прааналізаваць штосьці і абаперціся на сваё меркаванне. Таму, ён разлічвае на меркаванне кагосьці. І вось калі ў друку, у інтэрнэце, на тэлебачанні, на радыё пачалі з'яўляцца матэрыялы пра Port Mone, то людзі ўжо змаглі абапірацца на меркаванне СМІ і зараз як бы завочна ставяцца да нас з вялікім даверам, з большай сур'ёзнасцю, маўляў, так, Port Mone, штосьці такое цікавае мы пра іх чулі.
Еўрарадыё: Сапраўды, даць выразнае азначэнне стылю Port Mone, ці дэталёва прааналізаваць вашу музыку няпроста. Звычайна, побач з вамі ўпэўнена ставяць сцяжок "ambient" і на гэтым усё. Але Port Mone гэта не зусім ambient. Цябе гэта слова не раздражняе?
А.В.: Па вялікім рахунку ambient гэта штосьці добрае. Проста цяпер гэта слова мае такую канатацыю, што ambient гэта штосьці разняволенае і саплівае. У гэтым сэнсе мяне раздражняе, калі Port Mone называюць гуртом, які выконвае ambient. А той ambient, які добры, яго часта не ведаюць.
Еўрарадыё: Добра, а як бы ты сам вызначыў свой стыль?
А.В.: Гэта для мяне ўсё вельмі незразумела. Я разумею, што даць азначэнне стылю нібыта і неабходна, што трэба даць нейкую зачэпку, але гэта настолькі складана, што не толькі ў нас саміх не атрымліваецца гэта вызначыць, але і ў многіх людзей, з якімі я размаўляў, таксама нічога не атрымліваецца. Здаецца, што гэта нейкага кшталту рэалізм.
Еўрарадыё: Пры ўсёй тваёй музычнай адукацыі, нават табе цяжка артыкуляваць стыль, у якім працуе Port Mone. Дзіўна. Ёсць такое меркаванне, што музычная адукацыя наогул можа аказацца не карыснай для музыкі. Давай пагаворым пра гэта. Скажам, ці ёсць у тваім жыцці нейкі натхняючы прыклад музычна неадукаванага выканаўцы, які робіць сапраўды крутую музыку?
А.В.: Так. Адзін з іх – гэта Тэлоніўс Монк. Дзіўны джазавы музыка. Я яго даволі часта слухаю ў параўнанні з іншай музыкай. Я вучуся ў яго, гэта я дакладна магу сказаць. Рокін Допсі, народныя выканаўцы…
Еўрарадыё: Так што жа з музычнай адукацыяй? Вось, асабіста табе яна дапамагае ці замінае?
А.В.: Асабіста мне часам яна дапамагае, вядома, а часам замінае. Усё адносна. Абапіраючыся на свой досвед, я магу сказаць, што ў апошніх п'есах Port Mone, якія цяпер у працы, мая адукацыя не карысная. Ёй нам няма дзе дапамагчы нават. Магчыма, мая музычная адукацыя проста вельмі дрэнная. Яна не бачыць тых месцаў, над якімі я цяпер працую. Таму, можна сказаць, што яна быццам і бессэнсоўная.
З іншага боку, яна дала мне веды не столькі ў стаўленні гармоніі і формы і г.д., колькі ў плане правядзення рэпетыцыі, сур'ёзнасці вось гэтай музычнай. То бок, музычная адукацыя пазнаёміла мяне з музычным станам. І прафесіяналізм, мне здаецца, менавіта ў гэтым заключаецца.
Калі музычная адукацыя дае ўпэўненасць, то, магчыма, гэта няправільная музычная адукацыя. Яна павінна даваць толькі выразнасць, каб ты ўмеў музычна ясна думаць, ясна слухаць, бачыць і знаходзіцца ў ясным стане, калі ты штосьці складаеш ці выконваеш.
Еўрарадыё: Напачатку нашай гутаркі ты сказаў, што, адчуваеш, што хутка табе давядзецца ўсё кінуць, і ты перастанеш займацца музыкай. Калі б у цябе быў шанец "пераіграць" сваё жыццё і стаць багатым, паспяховым бізнесменам, напрыклад, ты б "пераіграў"?
А.В.: Я думаў пра гэта раней і мне не прыйшлося думаць пра гэта шмат. Калі б я мог гэта не рабіць, я б не рабіў, гэта праўда! І таму я кажу пра тое, што кінуць музыку для мяне гэта штосьці зусім незразумелае. Гэта быццам бы ампутацыю нейкую зрабіць. Я кажу "кінуць", а сам яшчэ не разумею, пра што я кажу. Так што пытанне прыярытэту грошай ці музыкі для мяне не існуе. Тое, што я атрымліваю, займаючыся музыкай, валодае для мяне вялікай каштоўнасцю. Яно для мяне вельмі значнае.
Еўрарадыё: А наколькі значныя для цябе грошы?
А.В.: Грошы ж патрэбныя як працэс абмену энергіяй. Калі няма адказнасці, якая выяўляецца гэтым момантам аплаты, то няма і ўчынку, які ты робіш. Зарабіць музыкай гэта не значыць "зарабіць сабе на ежу", а значыць наяўнасць моманту адказнасці і абмену плыні энергіі. Насамрэч вельмі мала трэба. Сур'ёзна. Напрыклад, я не ўяўляю, як можна больш за ўсё на свеце жадаць нейкую машыну. Гэта неяк вельмі дурасць, праўда.
Еўрарадыё: А чаго больш за ўсё жадаеш ты, Лёша?
А.В.: Я жадаю разумець. Гэта горкі досвед, я гэта ведаю, і ўсё адно туды іду. Мне вось гэта цікава…. Так.
Тэкст: Руся, Варшава
Фота і відэа: Tarantino "Еўрарадыё"