Штатный эксперт и член "Большого жюри". В музыкальной журналистике с середины 70-х. Печатался во множестве белорусских изданий, автор и ведущий ряда программ на телевидении и радио. Один из авторов "Толкового словаря терминов популярной музыки" (1994, 1999), автор идеи и составитель книги "Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі" (2008).
Зьвярнуў увагу на тое, што ў маёй асабістай дзесятцы тры пазыцыі належаць дэбютантам. Вынік вельмі для іх неблагі, хоць, шчыра кажучы, тая дзесятка магла б, відаць, цалкам складацца з дэбютных альбомаў. І невыпадкова: 2009-ы быў надзіва багаты на дэбютныя выданьні.
Істотным момантам падчас падвядзеньня агульных вынікаў быў для мяне і той факт, што выканаўцы, якія набралі ў мяне найбольшую колькасьць балаў, зьведзеныя разам, далі падставу для некаторых сумненьняў у слушнасьці выстаўленых раней ацэнак. Цалкам магчыма, што цяпер я крыху й ператусаваў бы тую дзесятку. Але ж справа была зробленая, мы – людзі чэсныя, а таму даводзіцца каментаваць удзельнікаў дзесяткі менавіта ў такім, а ня іншым парадку.
1. In Search For "Faith"
Музыку люблю. У якой маюцца разьвітыя формы, у якой да месца ўжываюцца нетыповыя для року інструмэнты, якая насычаная па гучаньню, а кожны з музыкаў дакладна вывучыў сваю ролю. Плюс – выдатны голас Яна Жанчака. Тады й пачынаеш забываць, што сама музыка, магчыма, ня надта актуальная. Мяне ж пераконвае яе якасьць.
2. Без Билета "Africa"
Віталь Артыст надзвычай натуральны як у жыцьці, так і ў тым, што ён робіць у музыцы. Пэўны агульны мэлянхалічны настрой альбому прасякнуты "красивостью", якая падчас стварэньня гэтай праграмы аніяк не была самамэтаю, а якраз той самай натуральнасьцю, якая мяне й пераканала, захапіла. Слабавольны я, аднак, чалавек...
3. WZ-Orkiestra & салісты "Мой сябра анёлак"
Высокая пазыцыя гэтага альбому была прадыктаваная найперш тым, што ў нас да крыўднага мала якасных сучасных запісаў, адрасаваных дзецям. На маю ацэнку паўплываў яшчэ і факт ранейшага выданьня дыску "Калыханкі", зноў жа інсьпіраванага Зьміцерам Вайцюшкевічам. То бок маем ужо пэўную суму ацэнак. Ну й няхай так!
4. Apple Tea "V"
Ну, выкарыстаў я на поўніцу службовае становішча. Ну, карупцыянэр я злосны. І што? Хто будзе супраць таго, што музыка гэтая не для самых шырокіх мас, што Ігар Сацэвіч піша складаныя і прыгожыя тэмы, што аранжаваньні іх – як у падручніку для вну, што музыкі паказальна выдатна выконваюць тое, што належыць. Магчыма, альбом гэты крыху акадэмічны, але дай Бог каб такую акадэмію скончылі ўсе ўдзельнікі гэтай дзесяткі!
5. Atlantica "Taboo"
Апошні альбом калектыву пераканаў такі мяне, што ён здольны дэманстраваць пап-музыку айчыннага замесу на высокім узроўні. Планка для сяброў-канкурэнтаў па цэху, так бы мовіць, пастаўлена. І калі нехта зь іх здолее "скочыць" гэтак жа ўпэўнена і высока ў годзе 2010-м, напэўна трапіць у маю дзесятку. Толькі, здаецца, "Atlantica" застаецца пакуль у сэктары адна...
6. The Toobes "Hello"
Музыкі проста ўразілі мяне неўтаймаванай энэргетыкай, але яшчэ больш – музыкай. Дагэтуль не магу зразумець, чаму такія маладыя хлопцы, якія яшчэ й гаварыць толкам не навучыліся, зьвярнуліся да таго, што нарадзілася ў року больш за 60 гадоў таму? Але яны пераканальна пішуць і выконваюць гэта, пры гэтым уся тая ж дзікая, жывёльная энэргетыка дазваляе не зьвяртаць увагу на пэўную фрагмэнтарнасьць опусаў, некаторую іх аднастайнасьць. Абы галовы не закруціліся ад хуткіх посьпехаў!
7. CherryVata "ViaVanilla"
Зноў жа на відавоку ганебнае выкарыстаньне службовага становішча... Дзіма Літвіновіч (ён жа Diamos Roll) – сваяк. Гітарыст Аляксей Доўнар, які працаваў у першым складзе групы, – яшчэ большы сваяк. Але я надзвычай прыемна ўражаны арыгінальнасьцю музычнай канцэпцыі і тым, як яна падаецца музыкамі. Калі ўсё толькі пачыналася, я, прызнацца, ня верыў, што працяг можа быць. Ня верыў і пасьля таго, як быў выдадзены дэбютны альбом. Цяпер мушу ўзьняць дагары абедзьве рукі.
8. Ляпис Трубецкой "Культпросвет"
Вы заўважылі, што (калі не памыляюся) аніводнай песьні з гэтага альбому ў радыёратацыях у Беларусі няма? Добра, нават калі нешта час ад часу й прарываецца ў эфір, агульнай карціны гэта не мяняе. Ну і добра! Альбом – безумоўнае сьведчаньне творчае і мужчынскае эвалюцыі Міхалка як галоўнага "завадзілы" банды. Так, крыху плякатна, крыху незавершана месцамі па форме, але ж праграма не пакідае абыякавым. А што да радыёстанцый, дык яе проста палохаюцца! Значыць, справа зроблена дасканала!
9. Port Mone "Dip"
Каб тры чалавекі выдавалі "на гора" такую густоўную, багатую на фарбы і іх адценьні музыку – такога сярод беларускіх музыкаў я раней, відаць, і не сустракаў. Творчасьць на вышэйшым узроўні! Парушэньне ўсіх разам узятых фарматаў, удар пад дых тым, хто думае, што без вакалу папулярная (у шырокім значэньні) музыка існаваць ня можа. Яны не сьпяваюць? Якое шчасьце! Вы сьпяваеце? Паслухайце Port Mone. Цалкам верагодна, што назаўсёды пакінеце сцэну...
10. Vicious Crusade "Freedom Comes…"
Праграма высьпела, як добрае віно. І падаецца яна да "стала" без мітусьні, без біцьця ва ўласныя грудзі (маўляў, вось якія мы, мэгазорныя!), годна й салідна. Тут адчуваецца ўласны почырк, тут прысутнічае ўласнае бачаньне ня толькі навакольля, але й свойго месца ў тым навакольлі. Зноў жа, можна згадаць пэўны мэтал-акадэмізм, але я назваў бы тое напаўненьне класыкай стылю. Што аніколі нікому яшчэ ня шкодзіла...