28 сакавіка 2001 года ў начным клубе "Тунель" упершыню ладзілі побытавыя танцы. Такой дыскатэкі тут яшчэ не бачылі! Кіраваў працэсам фолк-гурт "Ветах", які сёлета адзначае 15-годдзе. Легендарная каманда, што папулярызуе беларускі гук, адзначыць юбілей вялікім канцэртам.
"Ветах" ствараўся менавіта для таго, каб гэты гук – каранёвы, беларускі, этнічны – і ў спевах, і ў інструментальнай музыцы жыў і ў ХХІ стагоддзі. Нягледзячы на тое, што сучаснае грамадства не надта прымае каранёвую культуру, – тлумачыць ідэю гурта яго кіраўнік Вячаслаў Калацэй. – Калі мы не будзем прапаноўваць гэты гук, тады на яго не будзе і спажыўца. Мы лічым, што наш абавязак у тым, каб спадчына, якая нам засталася, не пераўтварылася ў музейны артэфакт".
"Ветах" аб’ехаў з канцэртамі ўсю Еўропу. 28 красавіка гурт дасць юбілейны канцэрт у мінскім клубе "Гудвін". Гэтым разам таксама без танцаў не абыдзецца! Апроч юбіляраў, у канцэрце возьмуць удзел калектывы кафедры этналогіі і фальклору Ўніверсітэта культуры, дзе працуюць удзельнікі "Ветаху" – "Кроса" Ларысы Рыжковай, "Этна-Суполка" Таццяны Пладуновай, і "Страла" Эвеліны Шчадрыной.
Сёлета "Ветах" рыхтуе да выдання 2 рэлізы. Першы – CD, працоўная назва якога "Лё!", прысвечаны песням веснавога цыкла. Другі – канцэртны DVD "Багемскі эцюд", запісаны падчас канцэрта "Ветаха" у Празе ў 2012 годзе.
Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"