Лэйбл Crivia Records выдаў дэбютны альбом беларускага гурта Osterweg. Праект арыентаваны на эмбіэнтнае фолкавае гучанне, але не прэтэндуе на аўтэнтычнасць, сярэднявечнасць і кананічнасць.
– Музыка для тых, хто любіць бой маршавых барабанаў. Музыка для тых, хто любіць гул дудаў і перадсмяротныя крыкі ворагаў, – сапраўдны крыўскі фолк, ваяўнічы, суворы, халодны, нібы сталь клінка, – гаворыцца ў апісанні альбому на сайце Crivia Records.
У альбом увайшлі дзесяць трэкаў, сярод іх – кавэр на кампазыцыю Burzum ("Chiodaŭ Płač"), новае прачытанне сярэднявечных "танцаў смерці" ("Skoki Śmierci") і беларуская версыя нэафолк-гімну "Wir Rufen Deine Wölfe" ("Tvajoch Vaŭkoŭ My kličam"), запісанага разам з магілёўскім праектам Pragnavit. Мастэрынгам альбому займаўся Данатас Белькаўскас (Donis).
Праект Osterweg дэбютаваў з кампазіцыяй "Танец вайны", выдадзенай на адным са зборнікаў у 2011 годзе. Апошнія тры гады гурт вёў даволі актыўную канцэртную дзейнасць, паралельна ведучы працу над дэбютным альбомам. Па словах музыкаў, іх кампазіцыі – гэта ўласнае бачанне пэўных гістарычных падзей, духоўных і сакральных аспектаў.
Кампакт-дыск выдадзены ў трох варыянтах выкання і ўяўляе сабой ціснены фольгай digi sleeve, да якога дададзеныя постэр з тэкстамі песень і дзве каляровыя паштоўкі. Рэліз можна замовіць на сайце www.stigmata.name.
Тэкст: Вячаслаў Радзіонаў, Ultra-Music.