Гурт Holy Chimp, створаны беларускімі музыкамі ў Польшчы, выдаў новы максі-сінгл "Karol z Sałomy", які складаецца з трох трэкаў. Гэта першы сінгл з дэбютнага паўнафарматнага альбома гурта, што выйдзе неўзабаве.
Новы рэліз уяўляе сабою мяшанку з двух версіяў загалоўнага трэка – арыгінальнай ню-металічнай і электроннай, якую зрабілі музыкі гурта Till it Bleeds.
– Дадзены сінгл з‘яўляецца першай ластаўкай з альбома, запіс якога быў скончаны ўжо год таму. З-за пэўных жыццёвых акалічнасцяў далейшы працэс быў замарожаны. Цяпер нарэшце, пераадолеўшы крытычны момант, мы здолелі знайсці чалавека, які робіць нам звядзенне і майстэрынг. Ім з’яўляецца ўкраінскі музыка і гукарэжысёр Кірыл Момат, вядомы па колішняй працы з гуртом "Тінь Сонця", – распавядае гітарыст Юрась Лявіцкі.
У максі-сінгл "Karol z Sałomy" таксама трапіла кавер-версія Holy Chimp на песню Лявона Вольскага "Старшыня" з саўндтрэка да фільма "Жыве Беларусь!"
– Перадусім, мы фанаты таленту спадара Вольскага. Падчас прагляду фільма зачапіла менавіта гэтая яго песня і, канешне, фірмовы сцёбны тэкст Лявона. З іншага боку, не спадабалася яе штучнае гучанне і тое, што яна абрываецца без развіцця на другой хвіліне. Таму мы вырашылі выправіць гэта. Адкрыю таямніцу: на альбоме будзе яшчэ адзін кавер на песню Лявона, – тлумачыць Юрась Лявіцкі.
Гурт Holy Chimp з’явіўся ў 2012 годзе ў польскім горадзе Ўроцлаве. У яго склад увайшлі гітарыст Юрась Лявіцкі, вядомы па ўдзелу ў гуртах ID:Vision і Inner Resistance, і Аляксей Некрылаў, які спявае ў готык-гурце Till It Bleeds, а таксама польскія музыкі. У 2013 году Holy Chimp выдалі EP "Z-pad śnіehu…" і сінгл "Viasnovy".
Тэкст: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music
Комментарии
вспомнился шведский
вспомнился шведский Clawfinger... в целом для беларуси и для данного направления неплохо