Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Музычны рэдактар, аўтар і вядучая праграмы "КаляРока" на "Аўтарадыё" (2004-2007). З 2008 – музычны рэдактар і журналіст "Еўрарадыё". Удзельніца гуртоў "Яр" і Hoha Band, творчы псеўданім – Маша Яр.
Хоць мы тут праз аднаго і скардзімся, што "альбомны" 2016-ты быў абы-якім, выбіраць дзясятку ўсё ж было з чаго. Флагманы беларускага року і ваколіцаў сітуацыю трымалі пад кантролем, а астатнія, калі і махалі вёсламі, рабілі гэта не горш, чым летась і пазалетась – стабільна для нашага мора.
1. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць
Гэтым разам Чарапко і кампанія сваё складанае і шматпавярховае ўціскаюць у трохпавярховае простае. Варонка, якая захоплівае з першых гармоній і доўга не адпускае пасля апошняга такта. Ці не лепшы з усіх лепшых дыскаў дыск "Пятлі".
2. Mustelide "Spi" – слухаць
Наташа Куніцкая стварае прыгажосць, падобную да павуціння. То ў ім апынаецца кропля дажджу, то прыляціць лісток, то патрапіць мушка, то з'явіцца сам гаспадар. Той самы свежы подых у беларускай музыцы.
3. Грёзы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць
Паша Кузюкян вярнуўся да "Мрояў" і запісаў сумны і кранальны альбом пра смерць. З прыгожымі сола валторны, вар'яцкімі скрыжаваннямі і вершамі. Паша – той, хто не дасць зачахнуць беларускай музыцы.
4. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах" – слухаць
І Сяргей Пукст таксама. Гэтым разам рубіць праўду-матку і раздае аплявухі тым, хто яго, на жаль, наўрад ці пачуе. Ну, у нас таксама, зразумела, баліць шчака, але хочацца большага рэзанансу. Сумны і смешны дыск, які не згубіць актуальнасць у бліжэйшую дзесяцігодку дык дакладна.
5. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць
Некалькі супярэчлівы, але пранізлівы, вельмі асабісты і праўдзівы дыск. Тут усё зразумела (але далёка не з першага разу), дакладна і нічога лішняга. Як удох і выдах.
6. Akute "Пластыка" – слухаць
Каманда гне сваю лінію і, на першы погляд, асабліва не замарочваецца. Усё тыя ж абстрактна-рамантычныя песні з запамінальнымі мелодыямі і даўкімі гармоніямі. З іншага боку, маюць месца выверанае гучанне і ўсё большая схільнасць у бок поп-року. І гэта зусім не кепска.
7. Shuma "Сонца" – слухаць
Прыемны лёгкі фолк-клубняк без перагібаў і паглыбленняў. "Сонца", якога ў нашых шыротах мала, якое выглядае рэдка, якое неабходна.
8. Сергей Пукст "Путь домой" – слухаць
Ізноў Пукст, але гэтым разам без аплявух. Сціснуты ў 15 хвілін маналог спевака выпрабоўвае слухача на трываласць: набор урыўкаў тэкстаў, нот, шумаў, крыкаў, думак, сумневаў і пакутаў. Постмадэрнізм чыстай вады і крыху матэматыкі.
9. Nebulae Come Sweet "It Is Not The Night That Covers You" – слухаць
Адзін з самых выразных дэбютаў. Насычаны, магутны, з мелодыямі, прыемнымі для вуха.
10. Зміцер Вайцюшкевіч "Камета" – слухаць
Вайцюшкевіч пераспяваў Ногавіцу, і яму зрабіць гэта было зусім нескладана: абодва творцы, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, думаюць падобнымі катэгорыямі. А добры беларускі пераклад, што натуральна, надае дыску зусім тутэйшую афарбоўку. "ідэяльна". Ураўнаважаны альбом.
Experty.by