Кабарэ-бэнд "Серебряная свадьба" вяртаецца пасля гадавога адпачынку з альбомам адразу ў двух частках. Назваць дыск было вырашана ў гонар "першага дыяпраектара" Laterna Magica. Адпаведна і ў праграму "Волшебный фонарь" і на сам дыск музыкі адбіралі песні-гісторыі, якія падчас праслухоўвання абуджаюць фантазію і ў галаве ўзнікаюць яскравыя малюнкі.
У асноўным, гэта старыя песні, прызнаецца вакалістка калектыву Святлана Бень, якія ўжо шмат разоў выконваліся, але пакуль яшчэ не запісваліся. Першая частка дыску Laterna Magica з'явіцца ўжо хутка, абяцаюць музыкі, а вось другая – толькі ў верасні-кастрычніку гэтага году. Дарэчы, выкладаць альбом у інтэрнэт музыкі, як і заўсёды не плануюць.
"Не, гэта будзе дыск, – кажа Святлана. – Мы ж такія фетэшысты. Нам падабаюцца прадметы, якія можна кранаць, якія нясуць энергію. Мы хочам зрабіць гэта з цікавым мастаком, каб была візуальна вельмі прыемная і прыгожая рэч, якую можна трымаць у руках і атрымліваць асалоду ад валодання ёю".
Нагадаем, што зараз у музыкаў праходзіць міні-тур па беларускіх абласных цэнтрах, але там "Серебряная Свадьба" пакуль не выконвае новай праграмы. Плануецца, што Laterna Magica будзе прэзентаваная ў красавіку-траўні з характэрнай для гурта колькасцю рэквізіту і "Чароўным ліхтаром".
Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"