Праект Buben Naruszewicz Baisan прадставіў свой другі альбом "Enighet Ensamhet". Дыск цалкам запісаны на аналагавым абсталяванні, прычым ў адзін дубль, ці, як кажуць у дэльце Сажа, – "у лінію". Лонгплэй традыцыйна складаецца з твораў на беларускай і англійскай мовах. Запісаная жывая сэсія пераносіць слухача ў атмасферу камерных "лайваў" калектыва.
"Пасля альбома Bulbahuana склалася парадаксальная сітуацыя, калі ёсць павольны разважлівы запіс і канцэрты: шалёны драйв словаў і музыкі. Гэтым разам мы імправізавалі ўсе разам, як на жывых выступах: можна пачуць паўзы, момант смакавання віскі ці размовы паміж удзельнікамі. Шведская мадэль светаадчування Лагом добра апісвае наc: максімальная свабода для кожнага з павагай да межаў іншага. Мы падзяліліся са слухачом сваім светам і таму назвай ёсць два цэнтральныя тэрміны гэтай філасофіі: Enighet i Ensamhet", – адзначаюць удзельнікі Buben Naruszewicz Baisan.
Бліжэйшы выступ Buben Naruszewicz Baisan адбудзецца 28 красавіка на фестывалі "Прывіды Тахелеса". У планах гурта – выданне адмысловай англамоўнай кампіляцыі для сусветнага слухача, запісу канцэрта-прэзентацыі "Bulbahuana" ў праекце "Біт-кафэ" і відэаверсіі аднаго з канцэртаў.
Будуць і сольныя актыўнасці. У траўні выйдзе міні-альбом Улада Бубена з украінскай паэткай Angie Siveria, Байсана можна будзе паслухаць ужывую ў Кіеве, Гомелі і Чарнігаве (19, 20, 27, 28), Нарушэвіча – 20 траўня ў музеі Багдановіча.
Набыць альбом можна на iTunes.
Тэкст: Experty.by паводле прэс-рэлізу