О проекте

Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2011 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт і сябра "вялікага журы". Рэдактар музычнага парталу "Тузін Гітоў" (ад 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на NetRadio і на "Радыё Рацыя". Рэдактар і суаўтар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу", прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007). Аўтар ідэі і прадусар праекту "Тузін.Перазагрузка".

2011 год быў багаты на шыкоўныя рэлізы. Па-добраму агрэсіўнае і ўпэўненае вяртаньне зорак канца 90-х-пачатку 00-х: Памідора-рокера, Gods Tower і "КальЯн", так супала. Пераадкрыцьцё гурта "Ростра", што пераўтварыўся ў гурт B_Side. Раней яны гралі млявы патрыятычны фольк-рок, а раптам сталі выконваць ну амаль што актуальны трып-хоп.

Чарговая прыгажосьць ад "Троіцы" і новы альбом-дыямант ад "Ляпісаў", можа нават больш катэгарычны і больш яскравы. Akute такі ўрэшце ўварваліся ў сонм беларускіх рок-герояў з сваім дэбютнікам, над якім працавалі ўпарта і з душой не адзін год. Вельмі парадаваў вынік. Для поўнага шчасьця не хапала хіба новага рэлізу ад Ulis і альбому Вольскага з патрэбнымі песьнямі.

Лішнім словам хацелася бы згадаць яшчэ Hum Flying Bulletproof Noodle, што ня трапілі па выніку ў дадзены топ праз усе гэтыя падлікі, але выдалі катастрафічна прыгожы альбом. Хіба яшчэ зь дзясятачак працаў ёсьць, якія ня сорамна параіць паслухаць сябрам, калегам і знаёмым. Карацей, 2011 год дае падставы сказаць: я ганаруся за беларускую музыку і беларускіх музыкаў. Яны на слушным шляху і ўсё ў іх-нас атрымаецца.

1. Троіца "Зімачка" – слухаць

Кірчук, Дзьмітрыеў і Паўлоўскі стварылі на варшаўскай студыі музычны цуд у выглядзе свайго шостага нумарнога дыска "Зімачка". Гэта фактычна першы беларускі 3D-альбом, толькі што замест адмысловых акуляраў тут спатрэбяцца навушнікі, каб улавіць усе нюансы гучаньня гэтых чароўных песень.

2. B_Side "Smooth Season" – слухаць

Альбом надзвычайнай прыгажосьці. Ясна, што запісаны ён з аглядкай на заходнія шэдэўры 5-15-гадовай даўніны, але пры тым язык не паварочваецца назваць гэты дыск другасным. Наадварот – гэта адзін з самых адметных беларускіх альбомаў апошніх гадоў. Ён вельмі чысьценька запісаны, выдатна аранжаваны, зь вялікім пачуцьцём прасьпяваны. Яшчэ адзін велізарны плюс B_Side – тэксты, якія абсалютна ўкладаюцца ў музычную канцэпцыю.

3. Pomidor/Off "Патас/Попс/Прапаганда" – слухаць

Дыск запісаны ў выміраючым сёньня жанры шчырага і бескампраміснага беларускага року. Так проста і сумленна ў Памідорава атрымліваецца з той прычыны, што ён ня ставіць задачы камусьці спадабацца. Ён расказвае пра тое, што думае і перажывае, надаўшы гэтаму аповеду форму рок-песьні. Улічваючы вялікі музычны досьвед і немалы культурны багаж, паслухаць яго цікава і пазнавальна.

4. Akute "Дзевачкі і космас" – слухаць

У сваім імкненьні пазбыцца прывіду "Глюкаў" Стас і Рома перадумалі музычны канцэпт, дадаўшы U2-шную гітару, адмовіліся ад сацыяльшчыны і патрыятычнага надрыву на карысьць халоднай рамантычнасьці а-ля "Агата Кристи". Стаўка апраўдала сябе, паралелі зь іх мінулым гуртом адпадаюць самі сабой. Перад намі сьвежанькая і чысьценькая каманда, якая з "інтэрполаўскім" напорам заваёўвае сэрцы слухачоў.

5. Ляпис Трубецкой "Веселые картинки" – слухаць

Звычайна, калі на альбоме тры-чатыры моцныя рэчы, яго смела можна лічыць удалым. "Ляпісы" задалі нашмат вышэйшую планку – на іх дысках прахадных песьняў амаль не бывае. "Весёлые картинки" звышпрарыўной працай не назавеш, але планка вытрыманая: можна слухаць і пераслухоўваць ды расьцягваць на цытаты.

6. Gods Tower "Steel Says Last" – слухаць

Гэтая праца вяртае Gods Tower у цяперашні музычны кантэкст, здымае з гурта гэткі налёт манумэнтальнага пылу. І паказвае, што "гаставары" па-ранейшаму на вяршыні, яны здольныя запаліць і даць яшчэ шэдэўра. І што цікава, менавіта разам, як Gods Tower, яны сіла, бо іншыя праекты Лэсьлі Найфа, па шчырасьці, не ўспрымаліся ўсур’ёз.

7. КальЯн "Антыпазітыў" – слухаць

"КальЯн" сабраўся ізноў, каб запісаць магчыма лепшы альбом у сваёй дыскаграфіі. Вакаліст Алесь Дзянісаў, як той Федзя Чысьцякоў, што ў лепшыя свае часы гарланіў "Люди, одумайтесь…". Яго творы – ня проста крычалкі вечна незадаволеных усім панкаў. Алесь сьпявае пра тое, пра што думае шмат хто ў краіне. Але ён адзін зь нешматлікіх, хто проста і без надрыву можа прамовіць услых пра тое, што яму хочацца "блевануць на гэтую шэрую рахманасьць".

8. FolkRoll і Наста Някрасава "Vir" – слухаць

Даўнія беларускія песьні ў цудоўным пранізьлівым выкананьні гучаць у суправаджэньні альта, скрыпкі, кантрабаса, клярнэта. У аранжыроўках музыкі часам праяўляюць тую ж сьмеласьць, што і этна-трыё "Троіца", толькі што арыентаваныя FolkRoll больш на музыку клясычную. Тут сапраўды ўсё вельмі сур’ёзна, але не акадэмічна, з сваімі свавольствамі. Нібы "народнікі" і "клясыкі" перастрэліся з клезьмерамі ды паімправізавалі з разгорнутай душой.

9. Re1ikt "Рэкі прабілі лёд" – слухаць

Музыкі пазбыліся стандартнай песеннай формы, нагналі змроку ў тэкстах ды стварылі сем трэкаў-манумэнтаў, кожны зь якіх сягае 10 і болей хвілін. Але ў гэтай цягучасьці самы смак, альбом якраз разьлічаны на ўдумлівае праслухоўваньне. Можа, і хацелася б больш харызматычнага і яркага вакалу, але абраная стылістыка якраз і вымагае таго, каб ён не вытыркаўся, а хутчэй суправаджаў кампазыцыю.

10. Серебряная Свадьба "Сердечная мускулатура" – слухаць

Песьні-гісторыі пра верабейчыка, якому пагражае немінуючая сьмерць ды сабак, якія пакутуюць ад лютага мароза, могуць расчуліць нават самага зачарсьцвелага зануду. Падалося, што "Сердечная мускулатура" шмат у чым сугучная выдатнай праграме Вайцюшкевіча "Цацачная крама", як стылістычна, так і ідэйна. Толькі што ў гэтым выпадку ня ўсе песьні Бенькі можна раіць для праслухоўваньня дзеткам, затое ад усіх іх сыходзіць неверагодны пазытыў.

Тэкст: Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net