Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Рэдактар парталу "Тузін Гітоў" (ад 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё. Рэдактар і суаўтар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (2004), прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), арганізатар канцэртаў "Тузін.Unplugged"/"Жывы Тузін" (з 2011).
Год засьведчыў – крызысу няма ў нас нават у такім крызысным жанры, як поп-музыка, якая таксама можа апынуцца нефарматнай і свабодалюбівай, як трэкі Каржа ці Navi (якія не пасьпелі з альбомам у 2013, але яўна будуць руліць у 2014). Гэты год падараваў нямала выдатных рок-альбомаў (Sciana і Пукст), вырашаных у тым ліку самым выдатным чынам у unplugged-рэчышчы (нажаль, не прайшоўшая па крытэрыях Naka Piano і паспяховае Bosae Sonsa фармату "Адпусьці").
У пэўнай ступені 2013 стаў яшчэ і прарывам электроннай музыкі (пра (((О))) казаць лішне, падзівіў яшчэ Gorbach і Gran+, а таксама Shuma, якая паказвае сваю творчасьць толькі сынгламі пакуль). У год, калі няма фольк-альбому ані ад "Палацу", ані ад "Троіцы", было каго намінаваць на фольк-альбом году, зьявіліся падставы для заснаваньня новай намінацыі "Інструмэнтальны альбом". Быў нават выключны рэліз у жанры шансону.
Чаго тут наракаць – беларуская музыка становіцца ўсё больш разнастайнай у сваім жанравым абсягу, а слухаць яе ўсё прыемней. А яшчэ зьвяртае ўвагу на сябе цікавая адметнасьць – ангельскамоўных працаў у сьпісах лідэраў году практычна няма.
1. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Варанок" – слухаць
Гэта альбом, каштоўнасьць якога не ацэняць людзі, якія знаходзяцца па-за кантэкстам беларускай музыкі і паўтараюць адну-адзіную мантру пра Міхалка-Лучанка-Чарапка. Новы альбом Вайцюшкевіча пакліканы заняць нішу турэмнага шансону. За выкананьне песень на такую тэматыку па-беларуску практычна ніхто ня браўся. Сваёй унікальнай канцэпцыяй, выдатным музычным рашэньнем, выключнай паэзіяй, часам па-хуліганску нечаканай, аўтарства класыка Бураўкіна, гэты альбом і каштоўны.
2. Sounduk "Наше время" – слухаць
Найбольш дэтальна прапрацаваная праца з усёй дыскаграфіі Хітрык. Sounduk дасягае тут поўнай гармоніі музыкі з паэзіяй. Кожны нумар зроблены ў адпаведнасьці з законамі драматургіі і ўяўляе зь сябе невялічкую п’есу. Дасканалы альбом, што тут скажаш.
3. BosaeSonca "Адпусці" – слухаць
Самая вытанчаная праца году. Запісаны ў адрозьненьне ад свайго брата (не блізьнюка!) дыску "Залаты" практычна на адным подыху, лайвам на студыі. Вынік атрымаўся нечаканым пэўна нават для саміх музыкаў. Выйшла ня проста акустычная справаздача за мінулыя гады, а сьпелы ды актуальны новы альбом з сваёй непаўторнай атмасфэрай і неверагоднай энэргетыкай.
4. Макс Корж "Жить в кайф" – слухаць
Хацеў таго Макс ці не, але ён цяпер здольны ўплываць на лад мысленьня цэлага пакаленьня. Справу ён мае найперш са слухачамі старэйшага школьнага ўзросту, для якіх ён стаў увасабленьнем "беларускай мары". І гэта ня толькі вялікі гонар, але і велізарная адказнасьць, варта пра гэта не забываць. Дзіўна, што па-за ўвагаю экспэртаў (па галасаванні, але ўсё ж) прайшоў яшчэ адзін герой гэтага жанру, які дасягнуў неверагодных посьпехаў летась – Muravei.
5. Sciana "Мы застанемся" – слухаць
Самы драйвавы альбом году. Няпроста было перажыць зьнікненьне саксафону, але электроніка цалкам гарманічна ўплялася ў аранжыроўкі гурта. У студыі "Сьцяна" гучыць непагана, але варта іх слухаць найперш ужывую, каб адчуць усю красу і сілу берасьцейцаў.
6. Pukstband "Последний альбом" – слухаць
Самы нэрвовы альбом году. Песьні, якія шліфаваліся гадамі, а то дзесяцігодзьдзямі, урэшце сасьпелі настолькі, што альбом ад першага праслухоўваньня прымаецца за клясыку. Праўда ня ясна клясыку чаго. Пукста можна памылкова нават за поп-артыста прыняць (калі не даслухаць песьню да канца). Але найбольш бы яму пасавала вызначэньне – шок-рокер.
7. BosaeSonca "Залаты" – слухаць
Электрычны альбом каманды Алеся Ката-Зайцава дэманструе напоўніцу магчымасьці каманды, якую лічылі каля-бардаўскай і па звычцы запісвалі ў пачаткоўцы. Між тым, гэта абсалютна сьпелая творчая адзінка, якая мае ўсе дадзеныя для таго, каб загучаць у навушніках кожнага другога беларускага маладзёна, які не завіс на Каржы.
8. Стары Ольса "Santa Maria" – слухаць
Яшчэ адзін альбом, які абсалютна незаслужана выпаў зь ліку адзначаных за год працаў. Кожная новая праца гурта "Стары Ольса" – падзея для беларускай музыкі надзвычайная. Гэтыя музыкі капаюць грунтоўна ды ўдыхаюць новае жыцьцё ў забытыя творы. Роўных ім у інтэрпрэтацыі музыкі даўніх часоў у нас, а то і суседніх краінах, проста няма. Безумоўна, гэта найлепшы інструмэнтальны альбом году…
9. Pafnutiy's Dreams "The Sandman" – слухаць
… Дзіка і няёмка параўноўваць інструмэнтальную музыку "Пафнуція" ды "Ольсаў" ды разводзіць іх па ўмоўных месцах. Але давялося. Ясна, што Кузюковіч робіць не такую маштабную працу. Але менавіта ён запісаў самы дзіўны альбом гэтага году. Пры ўсім уменьні і дасканаласьці гэтая праца – не выпяндрож, як гэта часта бывае ў інструмэнтальных альбомах.
10. ili-ili "List" – слухаць
Акрамя анансаваных раней бездакорных гітоў "Сэрцы" і "Танчыць" каманда сабрала на альбоме практычна роўназначны ім па магутнасьці матэрыял. Калі зьяўляюцца падобныя альбомы, сэрца радуецца.
Тэкст: Experty.by