Пазаштатны эксперт і сябра "вялікага журы". Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль". Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).
Прыкметай 2012-га музычнага сэзону ў Беларусі стаў збытак, перавышка гукавое інфармацыі. Новая рэлізы – альбомы, міньёны, сынглы – зьяўляліся ледзь ня штодня. І адслухаць такія аўдыёмасы было няпроста. Прытым, становіцца зразумелым, што колькасьць карыснае, важкае, дыхтоўнае інфармацыі, так бы мовіць, незямное прыроды, застаецца нейкай канстантай, пастаяннай велічынёй, якая, у прынцыпе, можа рэалізоўвацца праз розную колькасьць людзей. Прычыны такое перагрузкі зразумелыя – працэс гуказапісу й усяго, што яму папярэднічае ды ідзе пасьля, максымальна спрасьціліся. Любы чалавек пры наяўнасьці агульнадаступных кампутарных праграмаў у стане запісаць альбомчык ды выкінуць яго ў Сеціва. Дарэчы, на гэтым тле ўзрастае аўтарытэт тых музыкантаў, якія здольныя ня толькі клікаць мышкай, але й бегаць пальцамі па клявішах, кляпанах ці струнах. То бок, калі электроннае "музло" цяпер можа зрабіць кожны, то для здабываньня прывабнага гуку з акустычных інструмэнтаў трэба моцна пастарацца.
Калі яшчэ казаць пра тэндэнцыі, то рэхам пазамінулага году сталі новыя інтэрнацыянальныя экспэрымэнты на падставе беларускага фальклёру. Асабліва ўдалыя прыклады – беларуска-польская R.U.T.A. ды беларуска-францускі Le Projet Minsk. Неблагі альбом зь беларускімі сьпевамі выдаў піцерскі гурт "Иван Купала". Заўважна, што масавая папулярная песьня дэградуе як жанар, яна стала прымітыўным дзіцячым канструктарам з абмежаваным наборам акордаў і фразаў, у той час як старадаўні народны сьпеў застаецца пэўным эталёнам, неўміручай каштоўнасьцю й, канешне, крыніцай натхненьня. Цяпер варта шукаць новыя альбо забытыя спосабы гарманізацыі, спалучэньня інструмэнтаў. Ды й звыклыя музычныя тэорыі цяпер неяк не спрацоўваюць, як і народныя прыкметы, бо зьмяняецца клімат.
Індывідуалізацыя – таксама прыкмета часу, калі, скажам, франтмэн часта выступае без свайго бэнду альбо калі кожны з удзельнікаў гурту мае свой хатні, адрозны ад агульнага праект (і не абавязкова электронны). Сымбалямі й носьбітамі творчае самоты былі й застаюцца барды. Менавіта ў іх колах нараджаюцца прыстойныя песьні, хаця бардаўскіх рэлізаў у 2012 г. ня так шмат. Як прыклад, альбом віленскага лэптоп-барда беларускага паходжаньня Маркаса Палубенкі "No Fun In 101". Дзе індывідуалізацыя – там і камэрнасьць, там і адсутнасьць агульных герояў, агульных лініяў руху.
Усе разьбіліся на атамы, і тыя, хто ў стане, вынаходзяць з нулю сваю прыватную музыку, свой Сусьвет. Працэс цяпер адбываецца не лінейна – ад простага да ўскладнёнага ці наадварот – а лякальна, кропкава, неабмежавана разнастайна, дзе выйграе непадобны да іншых. Ды й паняцьце авангарду ў такіх анархічных стасунках становіцца састарэлым. Тым больш, калі ў гэты тэрмін укладаецца выключна эпатаж і гульня ў вар’ята. Пэўна, авангард – гэта цяпер тое, што нясе абноўлены зьмест, удакладненую інфармацыю, займаецца не абслугоўваньнем жыцьцёвага колазвароту, а вырываньнем зь яго.
Прыемна зьдзівіла ўвага незалежных рэсурсаў на альбом "Проволочного человека" – хлопца, якому надакучыла граць песьні, а зацікавіў бас-нойз. Сур’ёзным культурным сыгналам стаў конкурс электраакустычных кампазыцыяў "Formanta", праведзены дзяржаўным Радыё Культура. Сярод самых неардынарных праектаў году не магчыма не назваць і "Тузін. Немаўля". Агаломшыла ўтварэньне дуэту Вольскі – Аракелян, яшчэ нядаўна музыкаў нібыта з розных плянэтаў. Шматабяцальным выглядае зьяўленьне гуртоў Five-Storey Ensemble і The Arches.
Спадзяюся, 2013-ты стане ў музыцы годам засваеньня беларускімі музыкантамі нетрывіяльных формаў з джазавае альбо электроннае музыкі, пошукам новых ключоў да фальклёру, нечаканых калябарацыяў як унутраных, так і міжнародных. Хаця лепей, канешне, вынаходзіць уласныя пазастылёвыя падыходы, каб беларуская музыка не асацыявалася з разрозьненай кучай эрзацаў, каб з асобных атамаў сфармаваліся нябачаныя дагэтуль структуры. Спадзяюся, што нашыя музыкі зьвернуць увагу на іншыя інструмэнты, акром гітараў і лэптопаў, а сярод моваў для песеннага выказваньня будуць выбіраць беларускую, як самую сакральную, рэвалюцыйную, гарманічную й арыгінальную. Зрэшты, тэкстаў патрабуе, як правіла, не зусім выразная музыка. А пытаньне мовы ў творчасьці – перадусім, літаратурнае, а не музычнае. Музыка, уласна кажучы, і ёсьць унівэрсальнай мовай. Спадзяюся, што гэты год выдасьць ня толькі чарговыя паўтары сотні рэлізаў, але й адкрые невядомыя архівы. Відавочна, што мы з вамі, спадарства, жывем ў надзвычайны час, непаўторны, паваротны, непрадказальны, які разгортваецца ў нас перад вачыма й на які мы можам уплываць нават на ўзроўні ідэяў. Найважнейшае адбываецца зараз і тут!
Мейсцы ў маёй дзесятцы разьмеркаваныя ўмоўна, таму што альбомы па-свойму раўназначныя, кожны зь іх выконвае сваю функцыю. Не ўключыў у сьпіс "Hobby" Яўгена Канавалава, бо запіс усё ж архіўны, запісаны далёка ня летась. Як і альбом Drum Ecstasy "Play Loud", які быў цалкам зьмешчаны на іх сайце яшчэ ў 2011 г. Матэрыял, прадстаўлены на альбомах каляфальклёрных ансамбляў Vuraj і "Палац", таксама з большага быў добра вядомы загадзя. У выпадку з "Палацам" нават больш уразіла казка "Салдат-доктар": беларуская мова – сама па сабе музыка, тым больш, з вуснаў апавядальніка Алега Хаменкі. Не ўмясьціліся ў сьпіс два альбома "Моху", што прымусілі моцна задумацца наконт дызайнэрскіх гульняў з гукаўспрыйманьнем. Пазытыўныя ўражаньні пакінулі кружэлкі Yellow Brick Road, "Людзі на балоце", Exegutor, Akute, Slozhnie (узор інтэлектуальнага рэпу). Сярод міньёнаў 2013 г. адзначу New Image Orkestra, "Разьбітае сэрца пацана", Bosaesonca, Yellow Power… Увогуле, на першую пазыцыю ў сваім топ-лісьце я б паставіў альбом, які на Experty.by не разглядаўся, – Канстанцін Яськоў "Ludus Mobilis" (выбітнае спалучэньне сучаснага акадэмізму з электронікай).
1. Зьміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Ваячак" – слухаць
Памятаю, што першыя песьні з праграмы на вершы Ваячака былі агучаныя Зьмітром на менскіх канцэртах яшчэ ў 2006 годзе. Асобныя рэчы выконваліся проста пад гітару ці пад адзін саксафон, і, што адметна, на мове арыгіналу. Адчувалася, альбом на вершы Ваячака можа стаць адным зь пікавых у вялікай дыскаграфіі Зьмітра – на ўзроўні плытак на вершы Маякоўскага ды Някляева. І адчуваньні не падманулі! Вынік стаў сапраўднай творчай перамогай. Зь першых нотаў альбом уражвае тым, як запісаны кантрабас Вячаслава Сяргеенкі. Прызнаюся, яшчэ ніколі на беларускіх кружэлках ня чуў, каб дабл-бас гучаў настолькі выразна, аб’ёмна й пявуча. Прычым, разам з духавымі – трубой і трамбонам – менавіта басу пан Тодар адвёў вялікую рэшту салюючых партыяў. Прынамсі, застаецца такое слыхавае ўражаньне. Баян Аляксандра Шувалава не такі навязьлівы й усюдыісны, як звычайна. Скрыпка Ксеніі Мінчанка задзейнічаная, на жаль, даволі сьціпла. А гітара навабранца Сяргея Канановіча ўспрымаецца хутчэй у ролі псыхадэлічнага шумавога эфэкту, але як раз там, дзе тое трэба.
Такі кантрастны альбом – то максымальна суцішаны, то атамна-выбуховы, то сьпеўны, то дэклямацыйны – ламае стэрэатыпы крытыкаў у адносінах да Вайцюшкевіча. Яго сапраўды прызвычаіліся бачыць выключна ў масцы шансанье. Да такіх кардыяграмных, шызафрэнічных скокаў мУзыку натуральна падштурхнулі нясьціпла аголеныя, часам вельмі нэрвовыя вершы. Каханьне й сьмерць прадэманстраваныя ў альбоме як гранічныя кантрасты глыбокага падсьвядомага кшталту. Лібіда, жарсьць, стваральнасьць чаргуюцца з упадкам, прастрацыяй, расчараваньнем. У гэткім кантэксьце прага да творчасьці можа дыктавацца страхам свайго скону, а сьмерць можа ўспрымацца, як татальнае вызваленьне ад усіх пакутаў. Жанчына становіцца сукупным сымбалем рэчаіснасьці альбо адваротнай брамай у іншасьвет. Вельмі цікава было б (насуперак "чорным сьпісам") пачуць гэтую праграму жыўцом з поўным складам WZ-Orkiestra й, калі магчыма, у першасным польскамоўным варыянце.
2. ДахаБраха & Port Mone "Хмелева Project" – слухаць
"Хмелева Project" – жывая істота, у якой ёсьць сэрца ды мозг. Відавочна, што за функцыі першага адказвае ўкраінская "ДахаБраха", за працу другога – беларускае Port Mone. Ірацыянальны, прыродны, дзікі, вясковы бок плыткі – гэта фальклёрныя сьпевы, адшуканыя "ДахаБраха" ў экспэдыцыях. Рацыянальны, культурны, усьвядомлены, гарадзкі бок – акустычная музыка з электронна-акадэмічным мысьленьнем, створаная Port Mone. Але гэта, канешне, калі груба матэматычна падзяляць цэлае на складнікі, бо як Port Mone раней не пазьбягала этна-інтанацыяў, так і "ДахаБраха" ўсяляк асучасьнівала архаіку. Два гурты ўзаемна спраецыяваліся. І нават становіцца дзіўна, як яны абыходзіліся адзін без аднаго раней. Асабліва крануў трэк "Вясьнянкі", у якім аб’ядналіся адразу тры п’есы. Калі ўслухацца, то твор перадае ўсе стадыі вясны – ад асаблівага саладкаватага паху ў паветры, туманнасьці, варушэньня каранёў, зьяўленьня першых птушак ды пупышак да поўнага адмыканьня зямлі, бурлівых і нястрыманых горных ручаёў, што разам з узбуджаным ветрам чысьцяць ды абнаўляюць асяродзьдзе.
Альбом атрымаўся вельмі натуралістычным: у гуку адчуваецца вільготная зямлістасьць, вышыня неба й глыбіня вады, крэпасьць камянёў і гнуткасьць дрэваў. Выдатна перадаецца ня толькі, як коціцца галава "Ванюшы", але й чароўны транс, што звычайна выклікаецца тонкім дыялёгам з прыродай – цела само па сабе пачынае гойдацца, падпарадкоўваючыся нейкім глебавым рытмам, а сьвядомасьць растае ў паветры. Але на тым транс не спыняецца, й прыходзіць адчуваньне патаемнае гармоніі, і што сутнасьцю тае гармоніі зьяўляецца Бог – усё гэта створана й ствараецца Ім. У тых жа "Вясьнянках" вельмі дарэчы зьяўляюцца тыпова Бахаўскія, быццам арганныя акорды, якія як раз сымбалізуюць урачыстае асваеньне Божае прыроды чалавечым розумам. Дарэчы, акром "Ванюшы", старыя беларускія аналягі маюць сьпевы "Крывы танец" і "Дубе кучаравы". "Хмелева Project" атрымаўся ад пачатку й да канца раўназначна моцным, хіба толькі што ў розных фрагмэнтах гукавога тэксту балянсуюць важкасьць, хуткасьць, напружанасьць. Сіла й прыгажосьць гэтага альбома ў натуральнай гармоніі, адчуваньні Божай усёпранікальнасьці, бачаньні таго, што знаходзіцца па-за… Прыемна будзе паназіраць, як досьвед, атрыманы ў супрацы з "ДахаБраха", адаб’ецца на новым альбоме Port Mone.
3. Ляпис Трубецкой "Рабкор" – слухаць
"Ляпіс" – флягман папулярнае песеннае культуры Беларусі й ня толькі. У памяць асабліва западаюць першыя два нумары: аркестрова-джазавы эпіграф, за якім адразу грымяць купалаўскія радкі. Песьня "Ня быць скотам" цягам году стала пратэстным гімнам на ўсёй постсавецкай прасторы. Увогуле, у "Рабкоры" апынулася рэкордная для Міхалка й кампаніі колькасьць песень на беларускай мове. Сярод усіх заяўленых пэрсанажаў ад Панаса да Сатаны ключавую ролю ў драматургіі альбома займае Ліліпут – зборны вобраз нізкамаральнага тыпа, што рэалізуе свае комплексы на народзе, які, зрэшты, гэтага тыпа й спарадзіў.
Яшчэ ніколі Сяргей Міхалок не выказваўся ў песьнях настолькі прамалінейна й жорстка, нават занадта. Ніколі яго сьпевы не былі такімі балючымі ды асабістымі, ажно да нельга, да мацюкоў, ужываньне якіх у дадзеным выпадку – прыкмета стомы. У "Рабкоры" адбіўся анархічны пратэст, які нечакана для сябе самога згубіў энэргію, крыніцу сілкаваньня. Тут адлюстравалася ня толькі айчынная, але й агульнаэўрапейская эмацыйная стомленасьць. Далей лягічна было б выдаць аўдыёзборнік інтэрвію альбо вершаў Міхалка, ці то нават альбом фізкультурных маршаў, ці то адвольную рэканструкцыю "Синей блузы"…
4. Сяргей Пукст "Внутреннее" – слухаць
Такога альбома ў дыскаграфіі Пукста яшчэ не было! "Внутреннее" апынулася калючым, разьмераным, шчыльным і ў чымсьці маніякальным. Вылучаецца насычанай ляканічнасьцю. Скразная тэма – чалавечае адчужэньне. Пукст паўстае ня толькі як аўтар музыкі й тэкстаў, але й саўнд-дызайнэр, які набіў нутро сваіх песень космасам. Падыход Сяргея за гукавога палатна выклікае прыемныя асацыяцыі з працамі двух расейцаў пэрыяду "нулявых" – Фёдарава ды Мамонова. Праўда, у выпадку зь Сяргеем альбом стаў саўндтрэкам да яшчэ больш глябальнай канцэпцыі – пэрформансу "Смерть Аполлона".
5. Sang Sattawood "Tree" – слухаць
Трыё выдатна вызначылася са стылістыкай – гаражны блюз-рок, бруд ды пяшчанасьць. Праз скупасьць фарбаў і шурпатую фактуру дакладней праяўляецца сутнасны зьмест. Гучаньне гурту - непрычасанае й дужа кампрэсаванае, яно, як грузавы самалёт, цяжкое, але адарванае ад зямлі (праз адсутнасьць баса). У сьвядомасьці паўстаюць каньёны, прэрыі, хайвэі, індзейскія рэзэрвацыі ды кактусы. То быццам саўндтрэк да псыхадэлічнага вэстэрну, кшталту "Мерцьвяка" Джармуша.
Калі б альбом уяўляў сабой вінілявую кружэлку, то я б актыўна слухаў першы бок і асобныя трэкі з другога. Падумалася, што калі б у Беларусі не перарываліся сувязі між пакаленьнямі, то чарговай рок-генэрацыі ня трэба было б ізноў даводзіць, што яна можа граць так, як на Захадзе. Аднак праз пэўную долю прыпадабненьня й капіяваньня Sang Sattawood у адрозьненьне ад большасьці айчынных ангельскамоўных гуртоў дасягнуў трансцэндэнтнасьці, зазірнуў у сакральнае й містычнае… Але па аналёгіі з тымі ж гуртамі хутка спыніў існаваньне.
6. Morfe "Ziziaq" – слухаць
Гэтую музыку можна разглядаць як пэўнага кшталту актыўную філязофію, рытмічнае суправаджэньне для мысьленчага працэсу высокага парадку.
Ня дзіва, што альбом, створаны інтэрнацыянальным этна-фьюжн-бэндам зь Беларусі, атрымаўся настолькі армянскім, бо асноўны яго аўтар – Аганэс Аванэсян. Разам з тым, асаблівасьці беларускага клімату не маглі не паўплываць на гэтую музыку. У іншых абставінах яна атрымалася б не такой.
У нейкім сэнсе "Ziziaq" уяўляе сабой адказ – і даволі гарачы, кантрастны – той рэальнасьці, у якой мы жывем. Адчуваецца, што кожны зь сямі твораў альбома зьбіраўся як мазаіка, па дробных элемэнтах, шматварыянтных пазлах. Відавочна, што кожны музыка дадаваў сваю партыю да рытмічна-гарманічнага каркасу. У нейкім пляне, Morfe – экспэрымэнтальны узор калектыўнага кампазытарства, праява цякучае супольнае сьвядомасьці.
У музыцы Morfe назіраецца цікавы й вельмі актуальны фокус: акустычныя інструмэнты да непазнавальнасьці апрацоўваюцца электроннымі сродкамі й у той жа час тыпова электронныя эфэкты й тэмбры здабываюцца акустычнымі інструмэнтамі. Зь іншага боку музыка Morfe мае ўнівэрсальны характар. Некаторыя асабліва мэтраномна-заквадрачаныя кампазыцыі маглі б выдатна суправаджаць, напрыклад, дэманстрацыі модных калекцыяў у этна-стылі, шоў-балетныя пастаноўкі альбо відэаролікі з рэклямай каўкаскіх курортаў.
7. ili-ili "Past Perfect" – слухаць
Палову песень з альбома хочацца слухаць няспынна, як колісь "Рух" "ДзеціДзяцей". Ад такіх параўнаньняў, даруйце, пакуль не адысьці. Шкада, праўда, што па-беларуску толькі адна рэч. Там і сям сустракаецца прывід Ганны Хітрык. Усе галасы ili-ili гучаць проста па-сяброўску, падтрымліваючы адзін аднаго, і некаторыя недакладнасьці выглядаюць нават міла. Прытым адсутнічае акторства, няма эмацыйнае найгранасьці, часта ўласьцівай такім калятэатральным утварэньням.
Тэма дрэваў праходзіць праз альбом "Past Perfect" тоўстым камлём. Ты быццам вясковы хлапчук лазіш па дрэве ў гушчы гукаў, словаў, вобразаў, і ўзьбіраесься да самае верхавіны, а, можа, да самага карэнішча. Альбо ідзеш па цёмна-зялёным бутэлькавым лёдзе па-над бяздоннай ракой… Альбом ili-ili прыемна паднырвае ў сьвядомасьць і зацягвае яе ў сваю плынь, выносіць кудысьці за межы, дзе кухонны побыт становіцца часткай касьмічнага парадку, дзе не разабраць гульню з тым, што адбываецца на самой справе, не адрозьніць дбаньне й нецьвярозасьць…
Таксама адчуваецца – нібыта музыкі пісалі вакальныя партыі скрозь сьмех, намагаючыся сказаць штосьці надзвычай важнае й, ледзь стрымліваючыся ад казытаньня, на мяжы глыбокага сур’ёзу з жаданьнем разрагатацца. Зрэшты, слушныя веды заўсёды мусяць выклікаць усьмешку.
8. Серебряная свадьба "Laterna Magica" – слухаць
Калі я ўпершыню праслухаў новы альбом "тэатру песьні" Сьветы Бень у электронным выглядзе, то ўявіў яго як набор каляровых дэкадэнцка-гумарных паштовак з Манмартра. Можаце сабе ўявіць, наколькі я быў уражаны, калі напаткаў альбом у фізычным сьвеце. Ён сапраўды аказаўся альбомам паштовак на кожны сьпеў. Што ні песьня – то раскошная й разам з тым выразная аранжыроўка, дзе кожны інструмэнт грае сваю вызначаную п’есай ролю.
Ствараецца адчуваньне, што ты знаходзісься ўнутры антыкварнае шафы, набітай бутафорным вінтажам – гук прыглушаны, мейсцамі сьціснуты, але ўтульны. Акром асноўнага СС-сэптэту, тут гучаць фартэпіяна й электраарган, габой ды фагот, клярнэт ды флюгель-горн, укулеле й тэрмэнвокс. Канешне, песьня, як форма, прадугледжвае пэўную ступень акторскага майстэрства, і вызначае тую норму сам выканаўца. Галоўнае, каб музыка засталася музыкай, а эмоцыі ня сталіся пустымі дэкарацыямі.
9. Drwiwy "Спокіў" – слухаць
Безумоўна, гэта адзін з самых неардынарных сёлетніх рэлізаў, дзе авангард моцна зьнітаваны з традыцыяй, а паэзія наадварот адвязаная ад музыкі ў той меры, якая дазваляе песьні дыхаць інакш, свабодна й нешаблённа. Паколькі гурт мае сувязь з Гомлем, падчас праслухоўваньня мне ўзгадаліся іржавыя баржы на Сожы, стараверы, нябачная, але прысутная ў размовах радыяцыя. Музыка вельмі графічная, аднак ёй ня варта пераходзіць мяжу, дзе пачынаецца нудота, вой у пустэчу. Дарэчы, пакапаўшыся ў слоўніках, я выявіў, што слова "дрвівы" блізкае па значэньні да "мінімальны" й "найніжэйшы".
10. Handmade "Demo (Songs From Unfreedom)" – слухаць
Многія песьні з гэтага выданьня ўжо пасьпелі набыць вядомасьць па этэрах, гіт-парадах ды кампіляцыях. Handmade грае інтэлігентны й лагодны нацыянальны поп-рок з добрым густам і паэзіяй, гурт уяўляе цікавае спалучэньне талентаў ды амбіцыяў. Музыкі ў такім стылі яўна не хапае.
Experty.by