На лэйбле "Каўчэг" выйшаў дыск музычна-вандроўнага аркестрыка Vuraj пад назвай "Песні, казачкі ды танцы". Дыск атрымаўся выдумленна-вясёлым. "Тут і песенькі, i казачкі, нават некалькі "танцулечак", пад якія так любяць танчыць на канцэртах Vuraju, – кажа музыка і казачнік Сяржук Гаюн. – Дыск прысвечаны ўсім нашым слухачам-гледачам з тых краін, дзе мы былі, гралі, спявалі ды вандравалі".
Запіс альбому адбыўся падчас выступу Vuraj у маскоўскім клубе "ДОМ". Канцэртнае гучанне, па словах Сяржука Гаюна, лепш перадае настрой гурта. Дзея адбылася 6 снежня 2011 года, а запіс зрабіў вядомы гукарэжысёр Макс Хайкін "Дыназаўр" (КЦ "ДОМ", фестываль "Пустые холмы"). Усе малюнкі і вокладка альбому зроблены таленавітай мастачкай Лорай Арловай.
Прэзентацыя дыска "Песні, казачкі ды танцы" адбудзецца 23 снежня ў Loft café на святочным канцэрце "Ранішнік" з удзелам гуртоў "НагУаль", Recha, а таксама Таццяны і Адася Матафонавых.
Тэкст: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music