Дуэт "Аляксандра і Канстанцін" выдае чацьверты поўнафарматны дыск "М1". Назву чацьвертаму альбому дуэта "Аляксандра і Канстанцін" дала інструмэнтальная кампазыцыя "Road M1". "Мы праводзім багата часу ў дарозе і разумеем добра, што жыцьцё ў руху. Менавіта ў руху нараджаецца наша музыка, зьяўляюцца словы і паўстае яскравая карцінка аранжыроўкі", – тлумачыць Канстанцін Драпеза.
У дыск "М1" увайшло 14 трэкаў, частка зь іх ужо вядомая наведнікам Tuzin.fm. Як, напрыклад, трэк "Садзіку-вінаградзіку", які музыкі прэзэнтавалі на нашым партале. Музыка новага альбому даволі разнастайная, а песьні запісаныя на трох мовах – беларускай, расейскай і ангельскай. Сярод іх – калядны сьпеў "Коледа", рамантычная боса-нова "Коцікі вярбовыя", прысьвячэньне Максу Мірнаму "Вслед за мечтой", трэк на словы Аляксея Саламахі "A Song in Excess" ды іншыя.
"Кожная з нашых новых песень самадастковая, яны ў розных стылях і на розных мовах, але разам з тым усе яны разам сплятаюцца ў яркі вянок з кветак і адценьняў беларускай аўтэнтыкі, кантры, джазу і рэгі", – кажа вакалістка Аляксандра Кірсанава.
Акром уласна Аляксандры і Канстанціна ў запісе дыска ўзялі ўдзел такія знаныя музыкі, як Ігар Бранкоўскі, Аляксандар Каліноўскі, Алесь-Францішак Мышкевіч, Віктар Маўчанаў, Вячаслаў Сяргеенка. Запісвалі праграму з дапамогай Генадзя Сыракваша.
Афіцыйная дата рэліза дыску – 1 сакавіка. Якраз у гэты дзень пройдзе жывая прэзэнтацыя, якую вырашана правесьці ў дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, што ў Траецкім прадмесьці. Пачатак канцэрту ў 17:00. Уваход будзе сымбалічным – 10 000 руб.
Тэкст: Tuzin.fm