5 жніўня Ірэна Катвіцкая з сольнай праграмай "Этна-фантазія" будзе прэзентаваць культуру Беларусі на адной з самых прэстыжных канцэртных пляцоўках свету ў межах VIII Міжнароднага фестывалю "Збіраем сяброў" у Маскве (Рахманінаўская зала).
Арганізатарамі фестывалю выступаюць Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П. І. Чайкоўскага і навукова-творчы цэнтр "Музычныя культуры свету". Фестываль праходзіць з 2 па 28 жніўня ў Маскве і традыцыйна збірае самыя цікавыя праекты сучаснай сусветнай музыкі. Сярод краін-удзельніц фестывалю прадстаўлены Арменія, Беларусь, Вялікабрытанія, Ізраіль, Іран, Італія, Кітай, Літва, Партугалія, ЗША, Турцыя, Японія і Расія.
– З Маскоўскай кансерваторыяй мяне звязваюць даўнія творчыя ўзаемаадносіны і ўдзел у канцэртах, навуковых канферэнцыях, майстар-класах і радыё-перадачах. Для мяне гэта заўсёды выдатная магчымасць паказаць і традыцыйную культуру, і сучасныя тэндэнцыі ў музыцы Беларусі, – каментуе Ірэна Катвіцкая.
Ірэна Катвіцкая – спявачка, кампазітар і выкладчыца, заснавальніца калектыва Akana-NHS. Альбом "Этна-фантазія" – яе сольны дэбют, які па выніках 2013 года стаў намінантам на "Лепшы фолк-альбом" на ўзнагародах Experty.by, а таксама быў адзначаны сярод найбольш цікавых альбомаў года папулярным расійскім рэсурсам Newsmusic.ru:
– Арганіка ў гэтага сімбіёзу, прыдуманага Ірэнай Катвіцкай, ўзрушаючая. У нейкім сэнсе гэта цалкам працяг традыцыяў "магутнай купкі" ці таго ж Шастаковіча, ўплятаюцца народныя мелодыі ў самыя сур'ёзныя свае творы... Магчыма, перад намі - лепшы альбом этна-музыкі ў гэтым годзе. Прызначаны для выканання ў акадэмічных залах, дзе этна-музыкі адчайна не хапае. І адрасаваны вельмі адукаваным знатакам.
Тэкст: Experty.by