У пятніцу ў клюбе "Піраты" абвесьцілі вынікі музычнай прэміі ад парталу Tuzin.fm. У намінацыі "Адкрыцьцё году" найлепшым прызнаны Сяргей Башлыкевіч і яго гурт Leibonik. У намінацыі "Героі году" перамог гурт Dzieciuki.
Сяргей Башлыкевіч пераехаў у Менск з Ашмянаў. Выступае як сольны сьпявак і разам з гуртом. Акром уласных твораў любіць выконваць песьні вельмі розных выканаўцаў, часам цалкам пераасэнсаваныя – ад Аляксандра Башлачова і Боба Дылана да Ланы дэль Рэй. Асаблівай папулярнасьцю на яго канцэртах карыстаецца песьня "О, Купала" – пераробка сусьветнага поп-гіта другой паловы 80-х "Rock Me Amadeus". Сяргей зьвярнуў на сябе ўвагу сёлета, ён даў шэраг пасьпяховых сольных канцэртаў і стаў ляўрэатам фэстывалю "Бардаўская восень". Tuzin.fm віншуе Сяргея зь перамогаю і нагадвае, што прызнаньне "Адкрыцьцём году" – гэта хутчэй аванс, які добра было б апраўдаць у наступным годзе ды зрабіць усё магчымае, каб намінавацца ў галоўнай намінацыі "Герояў".
Героямі 2014 году ў беларускай музыцы прызнаны гарадзенскі фольк-панк гурт Dzieciuki. Каманда складаецца з музыкаў, якія былі задзейнічаныя ў гурце "КальЯн", частка зь іх грае таксама ў праекце "Людзі на балоце". На меркаваньне рэдакцыі Tuzin.fm менавіта гэты гурт заслугоўвае сёлета пачэсную ўзнагароду. Dzieciuki выдалі ў лютым дэбютны альбом "Гарадзенскі гармідар". Яго прэзэнтацыя на Tuzin.fm выклікала вялікі інтарэс – матэрыял стаў самым чытаным па выніках 2014 году. Іх песьні стала знаходзяцца ў топ-12 паводле праслухоўваньняў на канале Tuzin.fm на Soundcloud. Музыкі таксама зьнялі за год чатыры кліпы, паўдзельнічалі ў праекце "Re:Песьняры" ды зьезьдзілі ў тур па Эўропе, дзе далі 14 канцэртаў за 14 дзён.
Пераможцаў прэміі вызначаюць сябры рэдакцыі парталу Tuzin.fm, у якую ўваходзяць Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак, Мікалай Тамашэвіч.
Тэкст: Tuzin.fm