Гурт Harotnica скончыў працу над дэбютным альбомам. За паўтары гады, якія гурт працаваў у студыі "Осмос", некаторыя песні змяніліся і па настроі, і па саундзе. На гэта паўплывалі і змены ў камандзе – музыкі запрасілі новага гітарыста, былога ўдзельніка сталічных гуртоў Avias і My Ocean Аляксандра Фунта.
Як распавяла "Еўрарадыё" вакалістка каманды Валерыя Валадзько, першапачаткова Harotnica грала даволі складаную музыку, якую няпроста было зразумець "не музычнаму" вуху.
"Палова альбома запісаная ўжо з новым гітарыстам, таму гэтыя кампазіцыі атрымаліся больш цяжкімі, драйвовымі, з панк-рокавымі рыфамі. За гэтыя гады мы крыху спрасцілі матэрыял, зрабілі яго больш зручным для слухача, каб не толькі музыканты маглі паслухаць Harotnicu. Цяпер у нас з’явілася форма "прыпеў-куплет", якой раней не было ўвогуле", – распавядае Валерыя Валадзько.
Па словах Валерыі, стылістычна альбом атрымаўся вельмі розным – знайшлося месца для ска, джаза, рэгі, панк-рока і нават "балканшчыны". У тэкстах гурт па-ранейшаму апявае гаротную жаночую долю. Адна з кампазіцый пласцінкі пераведзеная музыкамі на англійскую мову – для таго, каб і заходні слухач змог зразумець, пра што спявае гурт, тлумачыць Валерыя.
"Нават не ведаю, у які стыль Harotnicu запісаць, – разважае Валерыя – Альтэрнатыўны рок з выкарыстоўваннем духавых? Каларыту нашай камандзе, вядома, дадае домра. Праўда, з-за гэтага нас часта хочуць і ў фолк запісаць, хоць у нас абсалютна аўтарская музыка".
Некалькі песень з новага альбома Harotnica ужо прэзентавала на Еўрарадыё ў выглядзе сінглаў ("Finka" і "На краі"). Яшчэ адна новая песня, якую гурт вырашыў паказаць напярэдадні прэзентацыі, атрымала назву "Невылечны". На напісанне гэтай кампазіцыі Андруся Такінданга, аўтара ўсіх тэкстаў Harotnicy, падштурхнула нечаканае знаёмства з хворым хлопчыкам у анкалагічнай лякарні ў Бараўлянах.
"Хлопчык страціў здароўе раптоўна. быў спартоўцам, вучнем, звычайным дзіцём і знянацку занядужаў. Малы ледзь рухаўся, а ўсё дзівіўся на маю кучаравую прычоску , распытваў пра ўсялякія дробязі, – распавядае Андрусь. – Я падумаў, што вось ён памірае, а цікавіцца нейкімі драбніцамі. Пасля нашага спаткання нарадзілася ''Перапёлка'' – песня-прысвячэнне дужа хвораму хлопчыку, які перажывае не за сваю смерць а за малую птушку. Але каб пазбегнуць фолкавых асацыяцый, песня ''Перапёлка'' стала называцца "Невылечны''".
Рэліз альбома запланаваны на снежань. Падчас прэзентацыі пласцінкі Harotnica плануе сабраць не толькі музычную тусоўку, але і мастацкую. Так, музыкі аздобяць канцэртную залу творамі тых мастакоў, з кім доўгі час сябруюць і чые мастацкія погляды падтрымліваюць. У выставе возьмуць удзел Жанна Капуснікава, Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Аляксей Хацкевіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза, Валік Благадаў, Мікалай Ярунін. Кожны з мастакоў праілюструе сваім творам адну з песень каманды, а таксама прадставіць гледачам іншыя карціны. Імпрэза адбудзецца ў мінскім клубе "ДК". Цяпер гурт актыўна шукае мецэнатаў, жадаючых падтырмаць выхад альбома і яго прэзентацыю. Таму калі вы жадаеце спрычыніцца да акту мастацтва, звяртайцеся сюды
Тэкст: Міра Шульц, "Еўрарадыё"
Комментарии
Многообещающая песня
Многообещающая песня