Адна зь яркіх камандаў айчыннай альтэрнатыўнай сцэны сярэдзіны 00-х – Krok абвесьціла пра сваё вяртаньне. Музыкі дадуць канцэрт у арыгінальным складзе 13 траўня. Лідэр гурта Раман Сухоцкі кажа, што такім чынам яны хочуць узгадаць "той час, якога ўжо няма" і называе будучы выступ "рэтра-вечарынай".
Гурт Krok за восем гадоў існаваньня пасьпеў выдаць адзін студыйны альбом, выступіць на "Басовішчы" і застацца ў памяці заўсёднікаў панк-грандж вечарынаў тых часоў. Каманда паўстала ў 2002 годзе. Музыкі вырашылі працаваць у стылістыцы пост-гранджу і сьпяваць выключна на беларускай мове. Празь некалькі гадоў каманда прадставіла свае першыя студыйныя запісы на "Тузіне Гітоў". Гэта былі песьні "Навальніца" і "Рай". У 2006 годзе на самым пасьпяховым на той час беларускім лэйбле West Records выйшаў іх першы студыйнік, які так і назвалі – Krok. Музыкі пачалі было ўжо анансаваць свой другі альбом, але нечакана распаліся. "Рашэньня распусьціць каманду я не прымаў. Усе ўдзельнікі вырашылі, што жадаюць займацца ўласнай творчасьцю асобна ад маёй", – патлумачыў тады лідэр каманды Раман Сухоцкі, які заснаваў каманду Avias.
Праз два гады пасьля распаду, Krok вырашыў сабрацца сваім арыгінальным складам. Праўда пакуль толькі з адзіным канцэртам. Раман Сухоцкі кажа, што такім чынам яны хочуць узгадаць "той час, якога ўжо няма" і называе будучы выступ "рэтра-вечарынай". Дадатковай нагодай для ўзьяднаньня стаў дзень народзінаў былога ўдзельніка каманды Аляксея Худніцкага, які прыедзе на канцэрт зь Пецярбургу, дзе стала жыве ўжо некалькі гадоў. Да Рамана і Аляксея далучацца гітарыст Андрэй Глотаў і бубнач Аляксей Камоцкі (цяпер гурт Every Nine Time).
Krok згадае ўсе песьні з таго самага свайго дэбютнага і апошняга дыску, а таксама пакажа так і ня выдадзеныя творы. Канцэрт адбудзецца 13 траўня ў менскім JackClub. Намерам даць гэты выступ усе пляны адноўленай каманды пакуль і абмяжоўваюцца. Але пры пасьпяховым канцэрце, музыкі не выключаюць, што могуць натхніцца на працяг.