О проекте

На "кватэрніку" Артыста адсвяткавалі чатыры святы і зрабілі запіс песні (+фота/+відэа)

 

Напярэдадні сольнага канцэрту Віталь Артыст у інтэрв'ю Еўрарадыё распавёў, што аднойчы кожны лідэр мусіць зрабіць справаздачу перад фэнамі і, такім чынам яшчэ раз праверыць вартасць сваёй творчасці. Падобныя эксперыменты ладзяць музыкі ва ўсім свеце, напрыклад, небезвядомыя Том Ёрк і Аляксандр Васільеў.

Віталь Артыст: "Мне закарцела правесці такі творчы эксперымент, аднакратны, хутчэй за ўсё. У тым ліку мяне натхнілі на гэта музычныя дзеячы, якіх я паважаю. Напрыклад, Аляксандр Васільеў з гурта "Сплін" альбо Том Ёрк з Radiohead у свой час ладзілі сольныя канцэрты. Калі гурт жыве доўга, калі не памірае, калі ён даказаў, што мае права на сваё месца пад сонцам, то зусім нядрэнна, каб і яго фронтмэн калі-небудзь зрабіў справаздачу аб сваёй творчасці ў найбольш простым і адкрытым выглядзе".

Віталь не абяцаў геніяльнасці музычных рэчаў, папярэджваў пра магчымасць аўтэнтычных варыянтаў сваіх песень падчас выступу, хваляваўся з-за сваёй гітарна-піяніннай адзіноты на сцэне…

Не вядома, ці любяць танцаваць Том Ёрк і Аляксандр Васільеў, але тое, што Віталь Артыст – яшчэ той танцор, упэўніліся ўсе прыхільнікі творчасці "Без Білета", наведаўшы "Адзін кватэрнік" Артыста.

Ён сціпла выйшаў на сцэну, павіншаваў усіх з Днём закаханых, Даравальнай Нядзеляй, кітайскім Новым Годам і канцэртам Артыста, папярэдзіў, што, магчыма, на першай песні з-за адзіноты голас будзе дрыжэць, але, як кажа сябра Мацей Сабураў, у БГ ён заўсёды дрыжыць, і распачаў уласна музычную частку.

І чым далей ішоў канцэрт, тым больш станавілася зразумелым, што эксперымент Віталіка-лідэра пераўзыходзіць сольнікі шматлікіх беларускіх калег сваёй шматграннасцю і сучаснасцю. Віталік не сядзеў, абняўшы гітару і не правакаваў слухача на слязу. Віталік насіўся па сцэне як віхор: апроч заяўленых гітары ды клавішаў, Артыст смела выкарыстоўваў падчас канцэрту сэмплавую машынку і камп’ютэр, накладваў тут жа запісаныя гукі гітары, голасу, глядацкіх авацый, крыкаў. У выніку, песні "Без Білета" набывалі новыя колеры і недзе новы сэнс, а візуальная карцінка, што суправаджала ўвесь канцэрт на вялікім экране, толькі падкрэслівала актуальнасць і крэатыў ідэй Артыста і яго акружэння.

Паступова сцэнічная адзінота Віталіка пачала разбаўляцца з’яўленнем Сяброў на сцэне. Першым парадаваў колішні гітарыст "Без Білета" Сяргей Бакавец, які ў лепшых сваіх традыцыях дапамог Віталіку выканаць песню з "Афрыкі" "Танцуй" і не толькі. Хлопцы шмат жартавалі:

Віталь Артыст: "Рабяты, вы ўлічыце: мы – не "Петрасяны", усе гэтыя жарты тут не спецыяльна гучаць"…

Наступны Герой, які з’явіўся на сцэне – Мацей Сабураў, шыкоўна выканаў знакамітую "Шла дальше", прызнаўся, што Віталь Артыст – яго лепшы сябра, што з Віталём ім давялося шмат вандраваць па свеце ў якасці музыкаў пры тэатры "ІнЖэст":

Мацей Сабураў: "Я хацеў бы сказаць, што Віталік Артыст – мой лепшы сябар і мой лепшы партнёр".

Віталь Артыст: "Сёння даведаўся пра другое". Усе рагочуць.

Мацей Сабураў: "Таму што мы з ім у шматлікіх краінах свету разам вылі магчыма не такія прыгожыя мелодыі, як ён умее выпісваць, больш інфернальныя музычныя эксперыменты з тэатрам "ІнЖэст". І лепшага партнёра для гэтых вакалізацый я для сябе і не прыдумаю. Дзякуй!"

Бліжэй да канца свята Віталь распавёў пра хуткае перараджэненне альтэрнатыўнага гімну маладой Беларусі – "каранаванай" "Мая краіна – Беларусь", і паведаміў, што новая версія амаль гатовая, аднак ёй не хапае харавога выканання "Ла-ла-лай, мая краіна – Беларусь":

Віталь Артыст: "Нам не хапае ў прыпеве сэмплу, калі мы ўсе разам спяваем "Мая краіна – Беларусь". Як гэта бывае на канцэртах. Я адмыслова папрасіў у Жаны Дырыжабль прыладу. Я вас запішу, і вы апынецеся ў запісе, добра? У ноты трапляць не так важна. Важна быць у тэмпе. Гэта гістарычны будзе запіс. То бок, усе, хто прыйшоў сёння, застануцца на старонках гісторыі песні "Мая краіна – Беларусь".

Таму пры дапамозе метранома, дыктафона і Міхаіла Зуя была хуценька праведзена рэпетыцыя з залай. А потым, дзякуючы флейце, гітары і сэмплавай машынцы, запісаная інструментальная партыя да песні і пачаўся ўласна запіс. У новай канцэртнай версіі Міхаіл Зуй чытаў верш пра Беларусь, на экране змянялі адна адну карцінкі з беларускімі трактарамі, палямі і спартоўцамі, зала з усіх сіл спявала знакамітае "ла-ла-лай". А потым пачаліся танцы: Віталік і Міша вадзілі сучасны карагод, трымаючы ў руках чырвоныя стужкі…

Не абышлося на канцэрце без Сяргея Міхалка і іх з Віталікам дуэта "Чырвонаму дыску сонца". Міхалок прысутнічаў у запісе, аднак гэты факт зусім не псаваў агульны супер-драйв, які апанаваў усіх прысутных кватэрніка.

"Ну і які канцэрт без фанаграмы?!" – сказаў Віталь, і загучала "Афрыка". Такіх танцаў мы не бачылі даўно, і самі так не адплясвалі гадоў 100!

Ну а Еўрарадыё паспрабавала даведацца, якое з чатырох святаў святкавалі-такі прысутныя кватэрніка, і якім ім падаўся Віталік без гурта:

Першыя хлопец і дзяўчына: "Усе разам! Даравальную Нядзелю і добры канцэрт! Супер! Па-мойму, і ў гурце і сольна Віталь шыкоўны! А па-мойму крыху іншы, але класны!"

Другая пара: "Святкуем, напэўна, усе святы. Але больш – Дзень Закаханых. А на канцэрт патрапілі крыху выпадкова: апошні альбом Віталя класны, таму мы прыйшлі сюды".

Карацей, Віталь Артыст парадаваў. А нашы галасы трапяць у гісторыю разам з песняй "Мая краіна – Беларусь"! Ура!

Фотарэпартаж цалкам глядзіце тут.

Тэкст: Маша Лагодзіч
Фота і відэа: Tarantino
"Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net