Вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў напярэдадні свайго дня нараджэння, якое святкуе 7 лістапада, прапануе слухачам новую песню "Залаты сэзон" і відэа да яе.
"Песня пачала пісацца для праекту, прысвечанага жыццю і творчасці Сяргея Пясецкага, які мае назву "Зброя, золата, кабеты", – распавядае Піт. – Залатая пара, залаты сезон для кантрабандыстаў наступаў позняй восенню, калі ночы былі даўгія, а снег яшчэ ня выпаў. Тады адлегласць паміж Ракавам і Мінскам у 33 км можна было прайсці за ноч, не робячы днёўкі і нідзе не хаваючыся".
Але нягледзячы на літаратурны кантэкст песня мусіць спадабацца кожнаму: "Чалавек, які нічога ня ведае пра Пясецкага, пра Ракаў, пра кантрабандыстаў, можа спакойна слухаць гэтую песню. У ёй – разважанні чалавека пра адносіны паміж людзьмі, мужчынам і жанчынай. Агульная думка: заўсёды ёсць варыянт зрабіць першы крок насустрач, але ёсць яшчэ больш просты варыянт, хоць і гвалтоўны – націснуць на курок".
Піт марыць пра тое, каб зрабіць кіно пра Пясецкага, а песні, сярод якіх "Залаты сэзон", стануць да яго саўндтрэкам.
"Хацелася, каб фільм зняла якая-небудзь незалежная ангельская каманда, але з удзелам беларускіх актораў і беларускай тусоўкі, вядома ж. Галоўную ролю мог бы сыграць Даніэль Крэйг. Ён ужо граў беларускага партызана і выглядае ён як звычайны беларускі хлопец. Але гэта – ідэя-фікс, а рэалістычная ідэя – напісаць сцэнар, да якога музыка ўжо ёсць".
Пакуль Піт плануе зрабіць музычны спектакль у фармаце ізуснага кіно, канцэпцыя якога зарадзілася ў Беларусі ў 80-ых гадах, а цяпер становіцца папулярнай ва ўсім свеце. Кліп жа на песню "Залаты сэзон" ілюструе іншы бок – тэхналогію стварэння саўндтрэку, і адлюстроўвае як адбывалася праца ў хатняй студыі паплечніка Піта, Глеба Галушкі, які запісаў для гэтай песні партыі акустычнай гітары і бас-гітары.
Піт запрашае ўсіх адсвяткаваць дзень нараджэння на канцэрце "ЖывыГукON-line" 7 лістапада ў мінскім клубе "Рэактар", дзе апроч ягонага гурта GARADzKIJA, таксама выступяць Clover Club, "Глебстеры", "Мутнаевока" і IQ48. Канцэрт пачнецца а 21-ай гадзіне і працягнецца да ночы. Квіткі на канцэрт будуць неверагодна таннымі – усяго 9 тысяч, а для тых, хто святкуе свой дзень нараджэння 7 лістапада, уваход будзе вольным (трэба мець з сабой пашпарт ці пасведчанне аб нараджэнні)! Квіткі можна набыць ужо зараз у касе клубу "Рэактар".
Відэа "Залаты сэзон" – http://www.youtube.com/watch?v=1cGamekDwws
Песня "Залаты сэзон" – http://zyvyhuk.org/files/zalaty_sezon.mp3