Напярэдадні адказнага сольнага канцэрту, які прыпадае на ейнае 18-годзьдзе, Паліна Рэспубліка распавяла ў вялікім інтэрвію пра сваё эстраднае мінулае ды ўзаемаадносіны з Ксюшай Сітнік, згадала, як на яе паўплываў гурт N.R.M., ды выказала ўпэўненасьць у тым, што беларускі дух ня зьнікне ніколі. "У мяне да Беларусі своеасаблівая любоў. Я не магу адказаць, што я люблю дакладна. Гэта нейкі вобраз, я яго адчуваю і ён мяне натхняе. А вось словамі апісаць не магу".
– Паліна, ты толькі на год старэйшая за Ксюшу Сітнік. Прызнайся, ці радавалася яе перамозе на "Эўравізіі" ў 2005 годзе?
– Ну так, тады ўсе ганарыліся яе перамогай. Я тады зусім ня думала, што яна майго ўзросту. Проста дзяўчынка добра выглядала на сцэне, харызматычна ўсё рабіла.
– Невыпадкова згадаў пра Сітнік. Яе апошні сольны альбом завецца "Рэспубліка Ксенія". Хто ў каго пазычыў ідэю?
– Два гады таму пачула пра выхад гэтага альбома і стала трохі сумна, бо момант складаны. Я дакладна не пазычала, хоць і папракаць Ксюшу ў нечым не магу, можа яна сама такую назву прыдумала. Я стала падпісвацца "УКантакце" "Рэспублікай Палінай" даволі даўно, тры-чатыры гады таму. Быў там такі момант, што на сьцяне нашай агульнай сяброўкі напісала і я, і Ксенія. Пайшлі пасьля гэтага нейкія плёткі, але я ім не давярала б. А творчы псэўданім я свой наогул хацела памяняць. Але, як мая маці кажа, здараецца, што імя выбірае, таму ня стала яго зьмяняць.
– Сама, дарэчы, ня думала паўдзельнічаць у "Эўравізіі"?
– На дзіцячым – дакладна не. Можа на дарослым? Але схлушу, калі скажу: вой, як бы хацелася паехаць на "Эўравізію". Хоць было такое адчуваньне, што паўдзельнічаю ў гэтым конкурсе, калі пісала песьню "Як ты". Пісала яе вельмі доўга і ня ведала, якой яна будзе. Але калі дапісала яе да канца, адразу зразумела, што на "Эўравізію" зь ёй не паеду. У астатнім жа, адкажу так: калі б была падыходзячая песьня – чаму б не паехаць.
– У цябе ў прынцыпе ёсьць досьвед удзелу ў конкурсах?
– Канечне. Спачатку я займалася ў студыі эстраднай песьні "Рапсодыя". Памятаю, што ўдзельнічала ў "Сузор’і надзеяў", у Польшчу езьдзілі, дзе ўзялі гран-пры на фэстывалі ў Новай Рудзе.
– Што было тады ў тваім рэпэртуры?
– Сваіх песень не было. Цяпер ужо цяжка прыгадаць, якія менавіта. Хіба памятаю першую, зь якой выйшла на сцэну – "Дудочка", расейская такая: "Заиграла дудочка, в пляс пустилась уточка, повела в присядку курочку-хохлатку" (сьпявае і сьмяецца). Я, наогул, рана выйшла на сцэну, гадоў шэсьць мне было. Але бацькі да сьпеваў маіх ставіліся даволі спакойна: сьпявае і сьпявае, нічога асаблівага.
– Але што здарылася пасьля, чаму ты кінула займацца эстраднымі сьпевамі?
– У 12-13 гадоў у мяне пачаліся праблемы са зьвязкамі. Настаўніца, якая займалася са мной у студыі, параіла не сьпяваць. Ізноў пачала, ужо калі напісала першую песьню. Было гэта ў 2009 годзе. Першую напісала пра Фёдара, майго брата. Адразу ж пасьля былі "Розныя людзі" і "Гадзіньнік". Гэта было ў жніўні, а ў верасьні я пачала займацца гітарай. Тады ў нашай школе выкладала кампазытар Алена Храброва, нас разам неяк злучылі. І я ўзяла ўдзел у гарадзкім бардаўскім конкурсе "Срэбраныя струны". Гэта быў першы раз, калі я выконвала са сцэны свой уласны твор – песьню "Гадзіньнік". І мы трапілі зь ёй у другі тур. Перад ім напісалася яшчэ адна песьня "Вейкі". "Вейкі" і "Гадзіньнік" я выканала яшчэ і на "Бардаўскай восені".
– А калі здарыўся той момант, што ты адчула прыгажосьць беларускай мовы?
– У мяне нядаўна пыталі: чым я натхняюся. І я тады зразумела, што натхняюся якраз прыгожымі беларускімі словамі. Прыгажосьць мовы я адчула на акустычным канцэрце N.R.M. у канцэртнай залі "Мінск". Мне тады было 13-14 гадоў, мы былі зусім падлеткі. Такой прыгожай мовы дагэтуль я ня чула і для мяне тады ўсё – оп – і зьмянілася. Безумоўна, на мяне паўплывала і мая бабуля, якая ведала шмат беларускіх песень.
– Калі ў прынцыпе да цябе прыйшло ўсьведамленьне, у якой краіне ты жывеш?
– Такое адчуваньне прыходзіць увесь час. Па такіх маленькіх кавалачках. Мусіць нават было ня так, што я зацікавілася і асэнсавала, а потым пачала пісаць. А наадварот – гэта мяне песьні ўцягнулі ў тое, што я пачала цікавіцца ўсім беларускім. Мне здаецца, што існуе нейкі беларускі дух, нейкая сьвядомасьць, якая аніяк ня можа зьнікнуць. Такія містычныя рэчы… У мяне да Беларусі своеасаблівая любоў. Я не магу адказаць, што я люблю дакладна. Гэта нейкі вобраз, я яго адчуваю і ён мяне натхняе. А вось словамі апісаць не магу.
– Ці хапае табе словаў, каб выказаць свае думкі ў песьнях?
– Часам я з слоўнікам сядзела. Знайшла слова "вейкі", напрыклад, і адразу зразумела, што трэба напісаць. Тэма для мяне даволі сьлізкая, бо ня вельмі люблю распавядаць, як пішуцца песьні. Гэта адбываецца, калі ў цябе такі тонкі душэўны стан, на мяжы з шчасьцем і гістэрыкай. Тады яно прыходзіць. А можа выпадкова прыйсьці. Наогул жа я стаўлюся да песень, як да дзяцей: ёсьць пэрыяд, калі яна нараджаецца, а ёсьць пэрыяд, калі ты ня можаш яе сьпяваць камусьці, яна толькі твая і ты яе гадуеш і песьціш. Пасьля ўжо можаш яе вынесьці і паказаць астатнім.
– Ці лічаш ты свае творы вершамі?
– Як вершы я іх ніколі не выконвала. Усё ж для мяне яны існуюць, як спалучэньне музыкі і слова. Яно ўсё ж узаемазьвязана.
– Можаш назваць тых творцаў, зь якімі ты кіруесься ў адным рэчышчы?
– Я была вельмі шчасьлівая, калі адкрыла для сябе гурт "Дзецідзяцей", бо голас Ганны Хітрык быў такі вельмі свой. Што тычыць музыкі ды культуры ў прынцыпе, то мне здаецца, у мяне толькі цяпер фармуецца густ і я толькі пачынаю разумець, што мне падабаецца сапраўды. Трэба ўсё ж браць да разьліку, што мне 17 гадоў.
– Для цябе самой будучае 18-годзьдзе шмат чаго значыць?
– Разумею, што гэта пэўная мяжа, празь якую праходзяць людзі. У некаторай ступені буду пачувацца вальней. Напрыклад, магу самастойна паехаць у іншую краіну, а ня з кімсьці. У прынцыпе шмат чаго зьмянілася літаральна за апошнія паўгады, дзякуючы якраз песьням. Стаўленьне бацькоў зьмянілася, лад жыцьця зьмяніўся. Бо раней я была такой досыць хатняй дзяўчынкай.
– Як на цябе паўплывала такая досыць актыўная музычная дзейнасьць?
– Раней у мяне было стаўленьне да музыкі, як да нечага інтымнага, роднага. Ёсьць тое, чаму ты сапраўды радуесься, а ёсьць такое, чаго ты хацеў, але калі атрымаў, то адчуў, што яно не патрэбна. Калі здараецца шмат канцэртаў, ты разумееш, што фізычна ня зможаш атрымаць таго, што ты атрымліваў, калі выступаў раз на месяц. Па-іншаму пачынаеш ставіцца да справаў. Мне вось маці сказала, паслухаўшы запіс з канцэрту, што я кажу не зусім сваім голасам. Але я разумею, калі быць вельмі-вельмі шчырай, то хто-небудзь плюне ў тваю душу.
– Гэта значыць – ты на канцэртах не да канца шчырая?
– Шчырая, але іншая. Гэта пэўны вобраз. Мы ж мусіць усе такія: на працы адны, дома іншыя. Калі актор выходзіць на сцэну, ён жа таксама грае ролю і адрозьніваецца ад сябе самога па-за сцэнай. Тое самае і зь песьнямі – я ж не магу сумную песьню выконваць весела. Таму на выступах хочаш-ня хочаш, але мусіш быць у пэўным стане, у вобразе. Але ў песьні я ўкладаю сябе. Калі б гэта было штучна, ня мела бы ніякага сэнсу іх выконваць.
– Ты вырашыла даць вялікі сольны канцэрт якраз у дзень свайго 18-годзьдзя. Ці гэта значыць, што ты прызнаеш, што музыка для цябе справа сур’ёзная?
– Як толькі я пачала пісаць, у мяне была мара даць канцэрт у дзень народзінаў. Хаця б для таго, каб падвесьці сваю творчасьць да пэўнага этапу. Бо я разумею, што далей усё будзе трошкі па-іншаму. Трэба будзе рабіць усё больш прыгожа, сур’ёзна і якасна, даваць ужо не такія сумныя выступы.
– Альбом у 2012 годзе будзеш абяцаць?
– Так, дакладна. Думаю, што можа нават два. Адзін будзе больш лёгкі. А другі, як мне здаецца, запішам мы ўсё ж з Hasta la Fillsta, бо яны гэтага хочуць можа больш чым я. Для мяне гэта патрэбны досьвед. Мне падабаецца спрабаваць усё, бо я знаходжуся ў пошуку.
Паліна Рэспубліка (Паліна Паланейчык). Нарадзілася 8 красавіка 1994 году. Скончыла гімназію №15 у Менску. У 2011 годзе паступіла на рэжысуру ў Акадэмію мастацтваў. Уласныя песьні піша з 2009 году. Выступае сольна з гітарай, часам у суправаджэньні кантрабасу, рыхтуе асобную праграму з гуртом Hasta la Fillsta. Зьяўляецца пераможцай фэстывалю "Бардаўская восень – 2011". Прызнаная адкрыцьцём 2011 году на інтэрнэт-партале Tuzin.FM.
Сольны канцэрт Паліны Рэспублікі адбудзецца 8 красавіка (нядзеля) у 19:00 у менскім клюбе "Графіці" (зав. Калініна, 16).
Кошт квітка – 50 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 12:00 да 23:00 штодня, акром суботы і нядзелі.
Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq