О проекте

Паліна Рэспубліка: "Не так даўно я пачала разбіраць свае песні і думаць, пра што яны" (+фота)

 

Намінантка прэміі Ultra-Music Awards і будучы рэжысер Паліна Рэспубліка сустрэлася з карэспандэнтам Ultra-Music і распавяла, што б яна змяніла, калі б была міністрам адукацыі, што рабіць, калі маці не плача ад песень, і паразважала аб тым, ці павінна яна была стаць намінанткай музычнай прэміі.

"КАЛІ МАЦІ ПЛАЧА, ТО ЎСЁ НАРМАЛЬНА"

– Пачнем з простага. Уяві сабе, што ты злавіла Джына, аб якіх трох жаданнях ты бы яго папрасіла.

– Канечне, маё першае жаданне, каб усе былі жывыя і здаровыя… Галоўнае – гармонія і шчасце ва ўсім, а прасіць нешта для сябе мне нават неяк няёмка, а калі б усё ж прыйшлося, я б папрасіла, каб ён дапамог мне нарэшце запісаць альбом.

– Дарэчы, распавядзі пра свой альбом. Калі ўжо нарэшце?

– Ой, давайце не будзем! Апошнім часам мяне ўсе пытаюць: "Паліна, калі будзе альбом? Паліна, калі будзе альбом???". Паліна не ведае. Паліна сама вельмі хоча, каб у яе быў альбом. Вельмі хочацца, каб гэта было хуценька і файненька, але… Ёсць шэраг пытанняў. Мне цяжка зараз што-небудзь пракаментаваць, бо мы нават не пачыналі запіс. А пачаць цяжка з тае прычыны, што я не маю дастатковага досведу ў гэтым плане. Але ён будзе! Канечне, будзе альбом. І наогул мне здаецца, што ўсе значныя падзеі, звязаныя з маей творчасцю, адбываюцца неяк лёсава. Мы з музыкамі яшчэ не граем і года. Я перажываю, таму што ўсе чакаюць альбом, і гэта мяне нават напружвае (маўляў, як гэта я нічога не раблю), але я ведаю, што ўсё павінна адбыцца ў свой час. Хочацца зрабіць гэта на ўзроўні. Калі ты выпускаеш альбом – гэта сур’ёзна. Але я не буду імкнуцца запісаць яго адразу на сусветным узроўні. Проста хочацца запісаць яго такім, якім ён будзе мне падабацца. Ды і добрага гукарэжысёра мы пакуль не знайшлі, з гэтым таксама ёсць шэраг пытанняў. Але ёсць яшчэ такі нюанс, што мы не пішам аркестр, мы не пішам бубны…

– Ці плануеце вы ў далейшым граць з бубначом?

– Былі прапановы і шмат, але хлопцы кажуць, што пакуль ён не патрэбны. Мне было б цікава паспрабаваць пайграць з маленечкім аркестрам, і, думаю, яно будзе не залішне. Але я пакуль не магу растлумачыць для сябе прынцып ці механізм таго, як усе адбываецца ў творчасці. Яна дзіўная. Усё пабудавана на адных і тых жа акордах. Ёсць нейкае зерне, якое чапляе людзей. Калі ты граеш у калектыве, то не заўжды з’яўляешся гаспадаром таго, што робіш. Ты проста чакаеш выпадку. Можа, так і не мусіць быць. Можа, патрэбна, каб я сама нешта рабіла. І я спрабую, але пакуль, як паказвае практыка, самыя значныя падзеі адбываліся знянацку. Лёсава, выпадкова і раптам. І непрадказальна. Мне здаецца, калі ёсць творчасць, значыць яна павінна быць, а калі яна павінна быць, то ўсё роўна нешта адбудзецца.

А калі не патрэбна, то ўсё будзе табе перашкаджаць, каб яно не адбылося. Тут ты проста павінен зразумець, што зробіш ты, а што проста зробіцца само сабой.

– Зараз у нас модна сінглы выдаваць на заходні манер.

– І гэта таксама будзе. У мяне ў планах зняць кліп… А да яго будзе песня! Гэта будзе мая курсавая работа ў Акадэміі мастацтваў, і да летняй сесіі я мушу гэта зрабіць, бо інакш мяне выганяць. Хочацца шмат чаго зрабіць, і я ведаю, што менавіта. Галоўнае, што ёсць ідэя, а каб яе ўвасабіць, ты выбіраеш пэўны час. І зраблю, канечне! У мяне яшчэ ўсё жыццё наперадзе!

– А на якую песню ты плануеш рабіць курсавую?

– Я пакуль думаю. Дарэчы, не так даўно я пачала разбіраць свае песні і думаць, пра што яны. Стала аналізаваць, запісваць на паперу іх сэнс, фармуляваць звышмэту. Мне стала так цікава! Я па-новаму паглядзела на сваю творчасць.

"ЧАСАМ У МЯНЕ ЗДАРАЮЦЦА ГІСТЭРЫКІ З-ЗА ТАГО, ШТО ВЕЛЬМІ ДОБРА І ВЕЛЬМІ ДРЭННА"

– Што галоўнае ў песні, як лічыш?

– Мне здаецца, што шмат сэнсу песні надае менавіта голас. Я не ведаю, якім чынам, але ён дзейнічае чароўна. Я не магу слухаць свой голас на відэазапісах, калі я размаўляю, але калі спяваю – мне і самой падабаецца.
А вось тэксты я баюся зараз нават паказваць, таму што, калі ты ўжо напісаў нейкі хіт, паказваць новы значна складаней. Ты разумееш, што ёсць больш моцныя песні, ёсць слабейшыя.

Мне маці казала: "Паслухай. Калі табе дадзена пісаць песні, то гэта не проста так, і трэба гэта данесці людзям; мабыць, калі гэта не так патрэбна табе, то яно будзе патрэбна камусьці". Я нават маці не магу сыграць песню. Я запісваю яе і кажу: "Ідзі туды, націснеш вось гэтую кнопачку", а сама бягу ў залу, завальваюся пад коўдру, накрываю галаву падушкай, ляжу. Ляжу, думаю: "Так, яна праслухала яе ўжо чатыры хвіліны, яна напэўна ўжо скончыла, нават калі паслухала два разы". Прыхожу: "Ну што?". Калі яна плача, то ўсё нармальна. Калі не, то кажа: "Ну, нармальна". Ёсць такія песні, якія я спяваю на канцэртах, а пасля маці можа хадзіць і сама спяваць цэлы дзень. А бывае, што кажа: "Ну, песня як песня". Калі яна так кажа – усё! Гэта правал! Такую песню я больш нікому ў жыцці не буду паказваць, граць і нічога такога. Таму яно цяжка паказаць, але вось думаеш, што ёсць людзі, якія робяць… ну, у іх няма таленту. Яны проста маюць моцнае жаданне, і яны робяць нібы такое мастацтва? Але ў іх ёсць упартасць. І яны напісалі гэтую песню пра "любоў-маркоў" і аднясуць яе на радыё, зробяць аранжыроўку, здымуць нейкі кліп, будуць яе прасоўваць, прасоўваць, прасоўваць. І вось – уяўленне пра беларускую музыку такое. Якой няма. І ты разумееш, што ты робіш не горш. І чаму ты не робіш, калі ты можаш зрабіць гэта? Гэта, канечне, мяне матывуе.

– Як ты пішаш свае песні? Працуеш над імі, пакуль не атрымаецца, ці неяк знянацку?

– Так, яно атрымоўваецца раптоўна. Ёсць нейкі такі момант, які можа наступіць вось нават зараз, калі прыходзіць нейкае зерне. Ёсць зерне, ёсць нейкая маленечкая ідэя, матыўчык, адчуванне, нейкае спалучэнне слоў і музыкі. Гэта зерне расце, і невядома, што можа атрымацца. Ёсць песні, якія можна напісаць за вечар, а ёсць і такія, якія можна пісаць два гады; і яны такія розныя. А прыходзіць яны могуць так… Звычайна ў метро. Часам, калі я пішу песню, то не магу супакоіцца. Часам у мяне здараюцца гістэрыкі. Гістэрыкі з-за таго, што табе вельмі добра і вельмі дрэнна. Ты не можаш зразумець, што з табой адбываецца, і пачынаеш плакаць. Робіш вынік, што калі песня так напісана, то яна кране і другога чалавека. Есць такія моцныя песні, якія я магу шмат разоў спяваць, і кожны раз мне проста рве душу. Я не плачу, але яны вельмі тонка эмацыйна мяне пранізаюць. Гэта па-рознаму людзі ўспрымаюць. Я ведаю, што не кожны разумее мае песні. У кагосьці яны выклікаюць негатыўныя водгукі, і ў прынцыпе гэта нармальна. Ёсць шмат творчых людзей, чый голас мне вельмі падабаецца, але іх творчасць проста мяне не кранае, я проста не патрапіла на іх хвалю і ўсё. Цяжка ставіцца да крытыкі. Але чым больш яе, тым спакайней ты да яе ставішся, калі яна не канструктыўная. Вось быў аднойчы канцэрт, які мне не вельмі спадабаўся, і потым мне напісалі: "я ў Паліне Рэспубліке расчаравалася". У такіх выпадках я вельмі перажываю. Усё. Трагедыя. Думала, больш ніколі не буду граць.

– Ці ёсць у цябе нейкая мэта як у музыкі?

– Ёсць. Гэта тая колькасць людзей, якія пішуць, што ім прыемна слухаць мае песні, што яны знайшлі ў іх нешта сваё.

Для мяне вельмі важна, калі пішуць: "От, хоць песня і на беларускай мове, але выдатна выкананая". Калі людзі пачынаюць адкрываць для сябе беларускую мову праз мае песні – гэта прыемна. У гэтым сэнсе ты з’яўляешся нейкім асветнікам. Любоў да Беларусі ёсць ва ўсіх, часам, вельмі своеасаблівая. І ёсць глыбокая душа беларускага народу, нашай гісторыі, культуры, якую вельмі хочацца ўзняць на пэўны ўзровень. Гэта я і лічу сваёй звышмэтай. Я не нарадзілася ў беларускамоўнай сям’і, любоў да мовы прыйшла сама. Я зразумела, як гэта насамрэч крута і блізка да сэрца; гэта адчуванне мне хочацца данесці і людзям. Любоў да мовы трэба пашыраць. Часам сустракаюцца людзі, якія размаўляюць па-беларуску ў транспарце, але для большасці людзей гэта ўсё ж такі нешта дзікае. Мне здаецца, што калі ёсць беларускія карані, калі была гэтая мова некалі ў пашане, калі яно было чымсьці важным, то яно не можа не прарасці, таму што гэтае зерне ёсць на нашай зямлі, і яно ўсё роўна будзе расці, як бы яго не выкапывалі.

– Што цябе прывяло да музыкі?

– У дзяцінстве мы не самі ўсё вырашаем. Так склалася, што ў мяне досыць музычная сям’я. Спачатку мяне хацелі аддаць у гімназію Ахрэмчыка, але там прымалі з сямі год, і я пайшла у звычайную музычную школу. Мяне адразу заўважыла настаўніца па вакальных дысцыплінах, а песні я пачала пісаць год у чатырнаццаць. Зноў жа раптоўна… У школе асноўным інструментам у мяне быў фартэпіяна, я пайшла трошкі павучылася граць на гітары, пасля ўжо сама там нешта спрабавала рабіць, граць… Дзесьці ў 9-м класе мяне накіравалі на конкурс бардаўскай песні, дзе я перамагла. Потым паступова ўсё раскруцілася…

– Калі мы ўжо закранулі тэму адукацыі, уяві сабе на хвіліну, што ты раптоўна стала міністрам, што б ты змяніла?

– Я б неяк мадэрнізавала працэс навучання. Там шмат чаго трэба зрабіць! Нават у той жа Акадэміі мастацтваў… Гэта такая кансерватыўная школа. Ёсць такая справа, што ў ВНУ мастацкіх накірункаў студэнты часцей за ўсё займаюцца самаадукацыяй. З аднаго боку, гэта добра, таму што ў цябе як у мастака ёсць пэўная свабода, але ведаў не хапае, не хапае досведу, і атрымліваецца, што навучэнне абмежаванае. Ёсць некаторы ўзровень, да якога не можаш падыйсці сам. Ёсць, канечне, людзі таленавітыя, але з мадэрнізаванай сістэмай адукацыі справа рухалася б значна хутчэй.

"Я НЕ ЧАКАЛА, ШТО БЕЛАРУСЬ ВЕЛЬМІ РОЗНАЯ"

– Ці падабаецца табе ездзіць з канцэртамі?

– Канцэртаў, канечне, шмат. Нават стараюся рабіць так, каб у мяне на тыдні было іх не болей за два. Нас час ад часу запрашаюць у Вільню і Варшаву; у красавіку гэтага году была ў Маскве. Вельмі цікава было паездзіць і па Беларусі. Для мяне было адкрыццём, што яна такая розная. Я думала, што ўсё паўсюль аднолькавае будзе, а яна ў кожным месцы мае нешта сваё, нейкія свае асаблівасці, прычым дакладныя.

– Напрыклад?

– Гэта цяжка растлумачыць словамі. Напрыклад, нядаўна мы былі з канцэртам у Віцебску. Віцебчане так цікава і з любоўю распавядаюць пра свой горад! Канечне, кожны шчыра любіць тое месца, дзе ён нарадзіўся. Яшчэ ў мяне засталося ў памяці, як у лютым мінулага году я ездзіла ў Вілейку і Глыбокае. Тады было вельмі вельмі зімна. -32. Але мы ўсё ж такі паехалі да людзей. Там ты трапляеш у нейкую мікракультуру, і табе кожны хоча нешта данесці. Пачынаюць распавядаць, якая ў іх там царква, звычаі, як яны жывуць. І гэта цікава. Вельмі цікава. Дарэчы, менавіта там я ўпершыню ў жыцці ўбачыла беларускамоўнае дзіцё, што мяне вельмі ўразіла.

– Уяві, што ты атрымала прэмію Ultra-Music Awards…

– Насамрэч, у мінулым годзе я была на Ultra-Music Awards, мы тады як раз запісвалі песню, і мне далі туды запрашэнне. Я прыйшла, у мяне нават нешта пыталі. Зараз я была вельмі здзіўлена, што нас запрасілі заспяваць, бо я сябе яшчэ не стаўлю на ўзровень беларускага музыкі. Вось калі будзе ў мяне альбом, тады я ўжо магу і ў прэміях удзельнічаць, а зараз для мяне гэта нечаканасць, але хочацца паспрабаваць. Цікава, што з гэтага будзе! Мне здаецца, што ў гэтым годзе будзе трошкі іншы фармат, чым у мінулым, таму што "Цэнтр" і Re:Public усе ж розныя клубы. Я не ведаю нават, якую нам прэмію могуць даць. Якая ж намінацыя? Кліп, якога ў нас няма, ці студыйны альбом, якога ў нас таксама няма? Ну калі толькі "адкрыццё"… Але канцэрты мы пачалі граць толькі ў мінулым годзе. У гэтым годзе яно ўсё толькі пачалося, а людзі кажуць: "Вось! Вы там ужо на сцэне цэлы год!" А я разумею, што я ЎСЯГО паўгады граю.

Тэкст: Юлія Хвошч, Ultra-Music
Фота: Anna Yunhova, Ultra-Music


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net