О проекте

"Палац" адсвяткаваў дазволены юбілей (+фота)

 

У "Палаца" атрымаўся класны Дзень нараджэння! Як і мусіць быць у заслужанай каманды – з успамінамі, сяброўскімі віншаваннямі, кветкамі, новымі і старымі песнямі. І з аншлагам: тыя, хто здаў квіткі пасля паведамлення пра адмену канцэрту "Палацу", іх зноў набылі, калі з’явілася навіна пра дазвол імпрэзы. Алег Хаменка быў шчыра рады такой любові публікі. І нават паабяцаў на Каляды зладзіць яшчэ адзін канцэрт.

"Думаю, што паспрабуем усё ж зладзіць калядны канцэрт – "Палац" збірае сяброў". Спадзяюся, адбудзецца ў гэтым годзе. Ну, не ведаю. Можа будзе на 200 чалавек, можа на 20… Галоўнае, каб не на 220", – жартуе музыка. А мы тым часам выпраўляемся ў людзі па добрыя словы пра юбіляраў.

"Мне, напрыклад, песні "Палацу" слухаць вельмі прыемна, бо яны сапраўды вельмі добра зробленыя, – разважае кіраўнік студыі "Осмас" Павел Юрцэвіч. – То бок, калі нават параўноўваць з той жа "Троіцай", то ні ў якое параўнанне не ідзе. Хаця "Троіца" – гэта таксама крута, але яны зусім пайшлі сваёй дарогай. А "Палац" усё-такі даносіць тую старадаўнюю рэч да непадрыхтаваных розумаў, што таксама добра і правільна. Я ў гэтым бачу ўвогуле асноўную карысць "Палаца". Гэта папулярызацыя народнай культуры. Вельмі прафесійная, якасная, удалая і вясёлая".


Нязменны трубач гурта Юрась Белякоў


Нязменны дудар, перкусіяніст, бэк-вакаліст і падтанцоўка каманды Андрэй Хвісевіч

Праграма юбілейнага канцэрту складалася з 4 частак, як і любяць музыкі. Спачатку гучалі хіты і песні з новага альбома "Кола грукатала". Потым музыкі зайгралі новыя песні ўжо ў акустычным варыянце, чым падрыхтавалі выхад гасцей – "Аляксандры і Канстанціна", Алеся Камоцкага, Юрыя Несцярэнкі, Анастасіі Шпакоўскай і Ігара Варашкевіча.

"Усё вельмі проста. Я лічу што "Палац" – гэта лепшы беларускі гурт. Вось калі мне сумна ці весела, я заўсёды слухаю "Палац". Ні "Краму", ні N.R.M., ні Змітра Вайцюшкевіча, а "Палац"", – цалкам сур’ёзна кажа Варашкевіч і папярэджвае, што спяваць не будзе – спяшаецца на працу.


Шоўмэн гурта Зміцер Карабач (а таксама баяніст, лірнік і спявак)

А потым ізноў гучалі песні любові і мудрасці ад "Палацу". Натуральна, што ўсім было зразумела, што зала РТБД для такога канцэрту замалая, і што "Палац" даўно чакае як мінімум вялікая зала КЗ "Мінск". І што "Палац" патрэбны не толькі тым, каму за 40, а перадусім моладзі.

"Я не чакала, што ўсё-такі будзе кантынгент маладзейшы за 40 з плюсам, – здзіўляецца Наталля. – Значыць, усё нармальна. Значыць, мы не дарма працуем, значыць мы закладаем моладзі тое, што трэба, і яны ўбіраюць і вырастаюць сапраўднымі асобамі і грамадзянамі. Я так разумею. Насамрэч, вельмі станоўчыя ўражанні".


Сяржук Трухановіч падчас канцэрту быў у Маскве. Яго замяніў Аляксандр Вінакураў


Бубнач Андрэй Цераховіч і Зміцер Карабач у акустыцы

У актуальнасці "Палацу" ўпэўнены і Алесь Мазанік:

"Я займаюся распаўсюдам беларускай музыкі апошніх дзесьці 10 гадоў. І вось я назіраю пэўную пераемнасць пакаленняў, калі раней слухалі кагосьці аднаго, зараз некага іншага. Але "Палац" застаецца па-за часам. І вельмі добра заўважна, што нават праз 20 гадоў мы назіраем на канцэрце людзей розных пакаленняў. І гэта значыць тое, што іхняя справа сапраўды па-за часам і будзе актуальная і яшчэ праз 20 гадоў".


Алег Хаменка акампануе на кахоне Несцярэнку

Пад канец пад песень, "якія любяць граць музыкі "Палацу", публіка-такі не вытрымала і пусцілася ў танцы. А потым стала ў чаргу па аўтографы – тым больш, што Алег паабяцаў паставіць аўтографы ўсім: бабе, дзеду і нават кату Марсіку.

"Канешне, выхваляцца ня сціпла, – кажа стомлены і задаволены Хаменка пасля раздачы аўтографаў. – Але ў мяне быў настрой вельмі добры. Канешне, вельмі моцна падтрымалі сябры. Гэта неверагодная падтрымка сяброў! І вельмі-вельмі шмат падтрымалі тэхнічна – абсталяваннем. Пры чым, вельмі тэрмінова. І ўсё адбылося. Увогуле, мае хлопцы задаволеныя. Ну то й я павінен быць задаволеным! Самае галоўнае, што падзея адбылася. Гэта важна. Гэта мне самому прыемна. І людзі так, ой, добра як людзі прымалі".


Бас-гітарыст гурта Зміцер Жыгараў

Не аднаго Алеся Мазаніка, мяркуем, канцэрт зарадзіў добрай энергетыкай і натхніў дзейнічаць і быць беларусам. Еўрарадыё віншуе "Палац" са святам і жадае вясёлых новых песень!

Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net