На фэсце "Захід 2012" вядомы саксафаніст зайграў за гурт Лявона Вольскага ўжо ў другі раз – яго інструмент выдатна прагучаў у песні "Мур на пагорку". А першы выхад Аракеляна за "Крамбамбулю" адбыўся на імпрэзе ў Літве.
"Сустрэліся з хлопцамі, пасябравалі – вось так і атрымалася", – вельмі сцісла патлумачыў за сцэнай фэста "Захід 2012" свой пераход у "Крамбамбулю" саксафаніст Павел Аракелян. – Мне ў "Крамбамбулі" усё падабаецца. Чароўныя людзі, цудоўнае асяроддзе".
"Паша Аракелян – гэта выдатная знаходка для нас. Я маю надзею, што мы для яго таксама, – мяркуе Лявон Вольскі. – На мой погляд, "Крамбамбуля" зараз вельмі аздаравілася. Пабачым, што з гэтага будзе".
На фестывалі пад Львовам "Крамбамбуля" зайграла паўнавартасны сэт з 15 песень. На выступ гурта Лявона Вольскага прыйшло блізу 1 тысячы гледачоў. Прыкладна 200 чалавек прыехала на "Захід 2012" з Беларусі.
Тэкст, фота: Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"