О проекте

"Песняры": у кроку ад сенсацыі (+фота)

 

Здавалася б, у гісторыі "Песняроў" даўно не засталося не тое што загадак, але й проста невядомых эпізодаў. Але час ад часу на паверхню выплываюць факты амаль што сенсацыйныя, якія, аднак, вымагаюць руплівай праверкі. Такім чынам, наколькі адпавядае праўдзе наступная інфармацыя: 1. Замест "Песняроў" у 1976 годзе ў ЗША з канцэртамі павінен быў паехаць ансамбль "Ариэль"? 2. Ці сапраўды "Песняры" маглі выступіць у Лас-Вегасе ў адным канцэрце з Полам МакКартні?

"Песняры" замест "Аріэля"

Напярэдадні прыезду "Песняроў" у ЗША ў вядомым музычным часопісе "Billboard" з’явіўся артыкул, прысвечаны гэтай падзеі. Найперш цытата: "Песняры" – адна з лепшых савецкіх папулярных фолк-груп. Яны будуць упершыню даваць гастролі ў трынаццаці гарадах на поўдні ЗША з 1 па 15 снежня разам з New Christy Minstrels… "Песняры" – група з Грузінскай ССР, якая складаецца з 12 чалавек. Яны іграюць на рускіх народных інструментах, выконваючы сучасную музыку… "Песняры" прыязджаюць у ЗША дзякуючы Сіду Гарысу і Джорджу Грыфу… Гарыс дамовіўся з Дзяржканцэртам… Упершыню ён убачыў "Песняроў" на фестывалі МІДЭМ годам раней…Тое, што "Песняры" выступяць перад амерыканскай публікай замест калектыву "Ариэль", было ўспрынята ўсімі з вялікай радасцю".

Такім чынам, выразна відаць, што ў першапачатковых планах Дзяржканцэрту значыўся менавіта "Ариэль".

Нагадаю, што "Песняроў" Сід Гарыс пабачыў на ўласныя вочы на фестывалі МІДЭМ у 1975 годзе і адразу загарэўся жаданнем прывезці музыкаў у ЗША. Поўдзень ЗША быў абраны таму, што менавіта там музыка кантры карысталася найбольшай папулярнасцю, а стылістыка "Песняроў" збольшага адпавядала магчымым запатрабаванням публікі гэтых штатаў. У той жа час малаверагодна, каб Гарыс мог адважыцца ўзяць "ката ў мяху" (то бок "Ариэль"): добра ведаць гэты калектыў ён наўрад ці мог.

Уладзіслаў Місевіч пацвердзіў, што ў ЗША Гарыс паказваў музыкам "Песняроў" перапіску з Дзяржканцэртам, дзе фігуравала назва "Ариэль". Заўважу, што на чале беларускай "песняроўскай" дэлегацыі ў 1976 годзе стаяў мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі па эстраднай дзейнасці Леанід Бароўскі, які катэгарычна заявіў мне, што за ўвесь час знаходжання ў ЗША з амерыканскага боку ані разу не прагучала назва "Ариэль".

Скан артыкула пра "Песняроў" у часопісе Billboard ад 25 снежня 1976 г., частка 1

Тым не менш дазволю сабе яшчэ адну цытату, гэтым разам лідэра "Ариэля" Валерыя Ярушына:

– У пачатку 1976 года ў нас сапраўды была інфармацыя з Дзяржканцэрту адносна таго, што мы мусім паехаць у ЗША. Мы нават пачалі рыхтаваць дакументы. Але наш тагачасны барабаншчык меў судзімасць і да таго ж раней "касіў" ад войска. Зразумела, ягоная кандыдатура прайсці праз "органы" не змагла. Адшукаць хуткую яму замену не атрымалася. Відаць, менавіта таму Дзяржканцэрт і паслаў замест нашага калектыву "Песняроў".

"Песняры" і Пол МакКартні

Леаніду Бароўскаму напярэдадні выезду ў ЗША на сустрэчы ў ЦК КПСС у Маскве яшчэ раз нагадалі ні на крок не адыходзіць ад падпісанага з Сідам Гарысам кантракту. Ужо ў Амерыцы Леанід штодня пісаў справаздачу ў амбасаду СССР. Вось чаму ён, як кіраўнік дэлегацыі, проста абавязаны быў ведаць пра ўсе магчымыя мерапрыемствы па-за кантрактам, у тым ліку і пра выступ у Лас-Вегасе.

– Такой гутаркі са мной не было! – гэтак жа катэгарычна адказвае на маё пытанне Леанід. – Калі б Гарыс прапанаваў "Песнярам" выступіць у адным канцэрце з МакКартні, я пра гэта ведаў бы безумоўна! Разам з намі ездзіла перакладчыца з Дзяржканцэрту Наталля, магчыма, Гарыс з ёй пра нешта такое й гаварыў, але да мяне гэтая інфармацыя не даходзіла.

Скан артыкула пра "Песняроў" у часопісе Billboard ад 25 снежня 1976 г., частка 2

Ці мог Сід Гарыс, свядома выходзячы па-за рамкі кантракту, рабіць прапанову "Песнярам" выступіць перад групай МакКартні, не інфармуючы пры гэтым кіраўніка дэлегацыі? Не, ён мусіў афіцыйна гутарыць пра гэта менавіта з Бароўскім, а неафіцыйна, канешне ж, – з кім заўгодна з музыкаў. Ці мог сам сэр Пол праз уласны мэнеджмэнт мець нейкую інфармацыю пра экзатычную групу з СССР, каб запрасіць яе выступіць на "разграванні"? Тэарэтычна мог, але… У раскладзе канцэртаў МакКартні ў канцы 1976 года выступ у Лас-Вегасе не значыцца. Праўда, гэта мог быць звычайны, як цяпер кажуць, карпаратыў, а таму ягоны саюз з "Песнярамі" быў магчымы. Але наўрад ці Дзяржканцэрт даў бы на тое згоду: дастаткова згадаць, як у тыя гады савецкая прапаганда выстаўляла "сталіцу сусветнай распусты". Каб там выступалі савецкія музыкі?! Ды ніколі!

Засталося пагутарыць з яшчэ адным удзельнікам паездкі 1976 году – Уладзіславам Місевічам.

– Сід Гарыс быў дастаткова вядомым у музычных колах чалавекам. Апрача "New Christy Minstrels", ён апекаваўся і іншымі выканаўцамі, у тым ліку Бары Ўайтам. І я магу засведчыць, што прапанова выступіць у Лас-Вегасе была: аднойчы ён пра нешта гутарыў з Мулявіным і Дзямешкам, я падышоў да іх і на ўласныя вушы чуў пра гэта. Ды толькі мы адразу адказалі: маўляў, гатовыя выступіць, адно што нічога ў яго не атрымаецца. На пытанне Сіда: "Чаму?" мы адказалі проста: ніхто нам не дазволіць. На тым гэтая неафіцыйная прапанова і закрылася.

У выніку ў 1976 годзе ў ЗША "Песняры" далі 13 канцэртаў і адзін дадатковы ў амбасадзе СССР. Тагачасны пасол Анатоль Дабрынін сказаў, што канцэрты "Песняроў" прынеслі карысці больш, чым праца савецкіх дыпламатаў цягам некалькіх апошніх гадоў.

Дзмітрый Падбярэзскі
"Свободные Новости Плюс"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net