Рэпер Вожык прадставіў на сайце "Арт Сядзібы" свой новы міні-альбом, які атрымаў назву "Лікёры". Новы EP – першы крок да другога паўнавартаснага сольнага альбому, які ўбачыць свет увосень.
З часоў дэбютніка "У віры падзей" (2011) навінаў ад беларускамоўнага рэпера з Сянна было няшмат. Ён меркаваў набраць жывы склад музыкаў і актыўна выступаць, але планы пакуль не спраўдзіліся. За гэты час Вожык даў некалькі невялікіх канцэртаў, а летась прэзентаваў песню "Бандэра" – на канале Tuzin.Streaming_Belarus яна карыстаецца добрым попытам і мае каля 11 000 праслухоўваньняў. У EP "Лікёры" яна, дарэчы, не ўвайшла. Затое тут ёсьць тры новыя сольныя трэкі – "Лузэр", "Карсары" і уласна "Лікёры", а таксама два ўжо вядомыя фіты – з гуртом ZnaROCK ("Тацяна") і з Зэманам ды Дрьомічам ("Міцний союз").
– Я разглядаю гэты рэліз як першы сур’ёзны крок да трывалага вяртання ў беларускую прастору, – зазначае Вожык. – Але сёлета гэта не галоўная падзея. Галоўнае чакае вас увосень – канешне ж, гэта вялікі альбом. Студыйная праца над ім ужо вядзецца. Сваёй творчасцю я не хачу нікому нічога сказаць, і, тым больш, навучыць. Я раблю хіп-хоп толькі таму, што мне гэта падабаецца, а справу адзнак я пакіну слухачам і крытыкам, – рэзюмуе Вожык.
Спампаваць рэліз можна на сайце "Арт-сядзібы".
Тэкст: "Арт-сядзіба" і Tuzin.fm