Лідары новай хвалі беларускага хіп-хопу з Pananieba прадстаўляюць свой новы альбом. Праца атрымала назву "71", гэта дзве апошнія лічбы тэлефоннага коду горада Вілейка, адкуль паходзяць заснавальнікі гурта. Дыск выходзіць 30 снежня, і такім чынам будзе апошнім рэлізам гэтага года ў беларускай музыцы.
Праект Pananieba пачаў свой шлях у 2006 годзе. Усур’ёз пра сябе рэперы заявілі, калі выдалі першы студыйны альбом "На балоце", які атрымаў перамогу ў намінацыі "Лепшы дэбютны альбом" на ўзнагародах Experty.by. А песня з гэтага дыску "Ўсё будзе добра" увайшла ў лік галоўных гітоў сэзону 2010-2011 на інтэрнэт-партале Tuzin.FM.
Cвой другі альбом "71" рэперы S'viedak і SP Kava лічаць пераходным. "Першапачаткова мы думалі зрабіць максі-сынгл, але песень у выніку назбіралася на цэлы дыск. З таго моманту, як мы запісалі "На балоце", мы шмат у чым змяніліся, шмат чаго змянілася наўкол нас. Таму тое, што мы збіраемся рабіць далей, будзе адрознівацца. І "71" – гэта першы крок да таго, што чакае нас у будучыні,"– кажа S'viedak.
Спачатку дыску хацелі даць назву "Ненумарны", але ў працэсе запісу апошніх трэкаў яго вырашылі "алічбаваць". Хлопцы назвалі яго "71", паводле двух апошніх лічбаў тэлефонага коду Вялейкі, і такім чынам звярнулі ўвагу на сваё паходжанне. "У Вілейцы я вырас, там зараз жывуць мае бацькі, да якіх я, на жаль, усё радзей прыязджаю, і гэта вельмі сумна. Тут у Мінску такая мітусня, часта прыходзіцца мяняць здымныя кватэры, я нават не памятаю адрэсу, дзе зараз жыву, а вось кватэру і нумар роднага дому ніколі не забуду, – кажа SP Kava. – Для нас 71 – гэта не проста лічбы з тэлефоннага коду, гэта сімвал. Калі мы працавалі над песнямі, я знаходзіўся ў Мінску, S’viedak у Маскве, а ў правінцыі ўсё па-іншаму. Мне здаецца, час там запавольваецца, і 7 доўгіх дзён падаюцца як 1 вялікі. Галоўная думка нашага альбому, што варта кожны з 7 дзён на тыдні пражываць, як 1 апошні".
Акрамя ўласна заснавальнікаў Pananieba, удзел у запісе альбому ўзялі рэперы Zeman і Тарас з гурта "Планета всех", у трэку "Буйкі" ў якасці запрошанай вакалісткі выступіла маладая і таленавітая спявачка Natalika з Гародні. Адзін з трэкаў "Трываю" быў запісаны пры ўдзеле лідара гурта Neuro Dubel Аляксандра Кулінковіча. Альбомная версія гэтай песні гучыць крыху інакш, чым выкладзеная раней у сеціва.
Рэліз "71" выдае лэйбл БМА-груп сумесна з кампаніяй "Вігма". Жывую прэзентацыю свайго альбому Pananieba збіраецца зладзіць у студзені 2012 году.
Трэкліст:
1. Галоўнае
2. Трываю (feat. Neuro Dubel)
3. Становімся Мацней
4. Шукаю Выйсце (feat. Zeman)
5. Свой
6. Мой Раён
7. На Віражах
8. Не Веру
9. Буйкі ( feat. Natalika)
10. Гэта Не Ўсё
Тэкст: прэс-рэліз, www.pananieba.org
Комментарии
Водгук
У першым альбоме, сумленна кажучы, расчараваўся, думаў будзе лепей, пачуўшы ягоны сэмплер. Аднак гэты альбом думаю будзе больш якасны, нават пачуўшы трэк "Вяртанне", які першапачаткова павінен быў ўвайсці ў альбом, іншы ўзровень ужо. Без крыўды, але хлопцы робяць сапраўдны хіп-хап толькі ў фітах з Зэманам і Рызай, самі яны пакуль сапраўдную музыку рабіць не здольныя. Паглядзім які будзе новы альбом, можа нешта змянілася...
Першы альбом PANaNieba запау
Першы альбом PANaNieba запау у душу з першых акордау!!!!!!
Лепшы хип-хоп у РБ! Адназначна.
Доуги час мы з сябрами чакали 2 альбом - НАРЭШЦЕ!!!!!!!!
Дзе набыць??? у тарговых кропках не знайшоу?????????
альбо дзе спампаваць "71"???????????????
На маю думку пананеба робяць дарослы хип-хоп з глубоким сэнсам. Многия проста не хочуць думаць, а многия не чули пра гурт праз адсутнасць прадстауникоу пананеба у сродках масавай инфармацыи нажаль((
Беларусь з вами!!!!!!