Толькі расклаўшы рэчы і яшчэ не пасьпеўшы дабегчы да адной з фэстывальных сцэнаў "Be2gether", пачулі знаёмы голас. "Руся?", – падумала я. – Ня можа быць: як яна можа тут апынуцца?" Але адчуваньні не падманулі – сярод рознанацыянальных выступоўцаў фэсту разам зь менскім гуртом CherryVata сьпявала Руся. У спрыяльнай творчай атмасфэры фэстывалю рок-князёўна 2006 году распавяла аб лёсе Indiga, беларускага року і ўласных новых этна і джазавых праектах.
Даўшы агульныя каментары "СТВ" ў складзе гурту CherryVata, Руся натхнёна распавядае мне пра сябе сучасную:
"Я падумала, што час ідзе, і хопіць губляць яго толькі на працу і на нейкія рэчы, якія не прыносяць ніякага кайфу, акрамя грошаў. Таму я спыніла ўсе свае працоўныя праекты, і вырашыла больш праводзіць часу адпаведна сваім жаданьням і намаганьням".
Руся скарыла сэрцы музычных аматараў у складзе гурта Indiga, створанага ў 2002 і выпусьціўшага пасьпяховы альбом, сынгл, шэраг трэкаў для супольных складанак ды заваяваўшага перамогу на фэстывалі "Басовішча". У 2006 годзе Руся атрымала статус рок-князёўны на дзесятай "Рок-каранацыі". Аднак другога альбому гурта прыхільнікі не дачакаліся. Так "скончылася" Indiga.
"Кожны гурт мае свой тэрмін годнасьці. У нас былі свае канфлікты і цяжкасьці, якія мы не змаглі пераадолець. Вось і ўсё. І пытаньне так і стала. Я тады ўжо адчувала, што вось-вось і скончыцца эра рок-н-ролу беларускамоўнага. Усё відавочна: рок-н-ролу беларускага больш няма. І я не магла вырашыць, куды мне далей пайсьці: у джаз ці ў этніку, бо мне падабаўся і той стыль, і другі. А тут зьявілася "Akana", якая папрасіла проста падстрахаваць, бо ў іх сышла вакалістка. Тая ж самая гісторыя, як і ў CherryVata. У выніку ў "Akanа" так зацягнула, што ня ведаю нават, калі гэта і спыніцца. Спадзяюся, ніколі".
Цяпер Руся працуе ў асноўным у двух музычных праектах: этна-джазавая Akanа-NHS (гурт распачаў вялікія экспэрымэнтальныя сайд-праекты) ды ньюджазавая CherryVata, супрацу зь якой сьпявачка апісвае як "падабаецца і паглядзім, што атрымаецца".
"Мне вельмі падабаецца nu juzz, гэтая эстэтыка, пераасэнсоўваньне джазу ў электронным варыянце, так што я атрымліваю вельмі шмат задавальненьня ад супрацы з гуртом. Ды й Indiga, на жаль, скончылася, і не хапала вось гэтага паху гастрольных бусікаў, калі адзін на адным сядзяць, і трэба недзе наруліць ежы, недзе знайсьці сабе месца паспаць. Я па гэтым, шчыра кажучы, сумую, а зараз гісторыя нібыта пачынаецца наноў. Спадзяюся, у CherryVata атрымаецца дасягнуць посьпеху".
Вандраваць Русі даводзіцца шмат – праца дазваляе будаваць уласны графік. Ужо амаль год дзяўчаты Akanа-NHS супрацоўнічаюць са швэйцарцамі – прыгожыя "аканаўскія" галасы ў атачэньні джазавых швэйцарскіх музыкаў. Такім складам супольны праект рыхтуе ля 10 канцэртаў ўвосень у Менску гэтай восеньню.
"Увогуле вельмі цікавае спалучэньне атрымалася: гэтыя млявыя швэйцарцы са сваіх Альпаў, сьнег, лянота і беларускія бабуліны песьні", – распавядае Руся ўражаньні з супольнай працы гэтай зімою ў Базэлі.
На чарзе ў музыкаў канцэрты ў Фінляндыі, а таксама ў Швэйцарыі, куды Руся плянуе прыехаць і з CherryVata.
"Мы гралі ў Піцеры канцэрт сольны і прыйшоў нейкі дзядзечка, уладальнік ньюджазавага клюбу ў Цюрыху і Боне. А мы выконвалі апошнюю песьню, якую ні я, ні бубнач ня ведалі, і давялося імправізаваць. Я не знайшла нічога лепшага, чым такія вакалізы этнічныя рабіць. І так класна атрымалася, што гэты дзядзька швэйцарац вочы вылупіў: "О які кайф, які кайф! Хачу вас запрасіць!"
Аднак на гэтым Руся не спыняецца і ўвесь вольны час аддае на музычныя экспэрымэнты: нядаўна запісаная супольная песьня з "Hasta la Fillsta", ідзе супраца з дыджэем – праект у стылі deep house мае намер скарыць Нямеччыну, выношваецца супольны музычны нямецка-галяндзка-беларускі экспэрымэнт.
"Яшчэ спрабую зрабіць маленечкі сольны праект больш джазавы. Дзе браць грошы на жыцьцё – ня ведаю. Музыкі – во так во!" – усьміхаецца і характэрна паказвае рукою Руся.
А каб быць у форме і браць сілы на ўсе творчыя экспэрымэнты ды пошукі, Руся запісалася ў спорт-залю ды пайшла займацца вакалам, зьмяніўшы этнічную школу сьпеваў на акадэмічную, узяўшы ў выкладчыкі "моцнага і таленавітага" 60-гадовага опэрнага сьпевака, які навучаўся ў пецярбурскай кансэрваторыі.
"Я зразумела, што болей за ўсё на сьвеце хачу сьпяваць. Лічу, што лёс падараваў мне неблагі голас і не карыстацца ім будзе вельмі няправільна", – дадала Руся, адзначыўшы, што на "Be2gether" найперш чакае выступ хэдлайнэраў "Skunk Anansie", а можа быць нават атрымаецца паразмаўляць са Skin: "Я яе вялікі фанат".
Тэкст: Воля Вітушка, Generation.by
Фота: Юра Сідун, Generation.by
Комментарии
О чем статья?
Про Акану-матату все ясно. Про "cherry vatu" - тоже. Но как это свидетельствует о том, что "...рок`н ролу беларускага больш няма..." не понятно. В объективе - отдельно взятая рок-княжна и ее творчество. Ищу в статье объявленные симптомы гибели белорусского рока, но не обнаруживаю. Где же подтверждение?
Хоронили рокенролла
Хоронили рокенролла хоронили...)))
О чем статья?
Статья действительно, о творчестве отдельно взятого человека. И трупность рокэнролла - личный взгляд Руси, который похоже она и не собиралась комментировать. Просто эта мысль одна из отправных точек в смене творческого пути. А вот заголовок явно вводит в заблуждение. Жив или мертв белрок - явно не этой статьи тема.