Гурт "У нескладовае" выклаў для спампоўкі інтэрнэт-сінгл "Станцыя", адзін з трэкаў якога быў запісаны з удзелам гурта "Братья Грим". 5 жніўня адбудзецца канцэртная прэзентацыя дыска ў Маскве, а ўжо ў гэтую суботу "У нескладовае" прадставіць яго ў межах "Канцэрта на траве 2" на знакамітым хутары Шаблі пад Валожынам.
Песню "Станцыя" напісаў адзін з лідараў "У нескладовага" Раман Арлоў. У выніковы сінгл трапіла тры версіі кампазіцыі, запісаных з рознымі вакалістамі. Апрача Косці Грым яе выканалі Яўген Чалышаў ("Харлі"), а таксама экс-лідар мінскага гурта Why Not Андрэй Краўчанка, які зараз жыве ў ЗША.
"Спецыфіка нашага праекта абумоўлівае тое, што вакалісты ўвесь час мяняюцца песнямі. У дадзеным выпадку было цікава атрымаць рознае прачытанне песні, пабачыць, што кожны вакаліст можа дадаць у яе ад сябе і той краіны, у якой жыве – Беларусі, Расіі і ЗША", – распавёў Раман Арлоў.
Другі лідар праекта "У нескладовае" Вадзім Марголін паспрабаваў прааналізаваць версіі ўсіх трох вакалістаў:
"Косця Грым – гэта лёд і рыжае полымя. Падвышаная канцэнтрацыя пазітыву на сантыметр кубічны. Праблема выбару каляіны не стаіць – трэба проста ісці наперад, са станцыі на паўстанак. Цягнік не пойдзе пад адхон ні пры якіх умовах. Жэня Чалышаў – гэта меланхалічны беларускі партызан перыяду рэйкавай вайны 1944 года. Праблема выбару каляіны не стаіць – Фатум вызначыць, які менавіта цягнік сёння. Андрэй Краўчанка – рамантычны жыхар сусвету. Яго галоўнае пытанне – на якой станцыі я сустрэну сваё каханне? Выбар зроблены, але адсутнічае аб’ект выбару. Ідзе пошук".
Cінгл "Станцыя" – спампаваць
Маскоўская прэзентацыя сінгла "Станцыя" адбудзецца 5 жніўня ў клубе "Радиосити". Апрача дэсанта з Мінска гледачоў чакае дуэт з Косцей Грым, якому спяваць па-беларуску вельмі спадабалася.
“Мне было цікава папрацаваць разам, таму што нашыя мовы маюць агульны падмурак. Не сакрэт, што ў беларускай мове славянскіх слоў нават больш, таму гэты праект дапамог па-новаму паглядзець і на рускую мову. У фанетычным кантэксце спадабалася цвёрдае "ч" – вельмі цікава гучыць! Не адразу атрымалася "дз", але ўсё даволі хутка выправілася. Ну і сама песня добрая, запамінальная, можа таму ўсё так лёгка запісалі ", – прызнаўся Косця Грым.
Між тым ужо ў гэтую суботу "У нескладовае" з праграмай "Станцыя" будзе хэдлайнерам "Канцерта на траве 2", які адбудзецца на хутары Шаблі ў 80 км. ад Мінска. У выступе возьмуць удзел Аляксандр Памідораў, Яўген Чалышаў, Вадзім Касалапаў. Таксама ў праграме мерапрыемства порцыя сёрфу ад The Silicon і самыя актуальныя беларускамоўныя праекты – рэпер Vinsent з жывым складам і касмічныя рамантыкі Akute.
> ДЗЕ ЗНАХОДЗІЦЦА
Хутар Шаблі – вёска Малае Запруддзе 29а, Валожынскі раён. Гэта 80 км. ад Мінска ў бок Вільнюса. Арыентыры – вёска Гародзькі, вёска Лоск.
> КОШТ КВІТКОЎ
60 тыс. – толькі ўваход (даезд самастойна).
90 тыс. – ўваход + кемпінг на выходныя (даезд самастойна).
120 тыс. – уваход + квіток на аўтобус ад агенцыі "Шаблі".
Дзеці да 12 год пад дагладам бацькоў – бясплатна.
Кемпінг адчыняецца 15 чэрвеня ў 18 гадзін, зачыняецца 17 чэрвеня ў 18 гадзін.
> НАБЫЦЬ КВІТКІ
– Мінск, бар "Малако" (пр. Незалежнасці 37а) – запытацца ў бармэна
– Мінск, каса КЗ "Мінск" (вул. Кастрычнічкая 5)
– Мінск, каса ў пераходзе паміж ГУМам і McDonalds
– Мінск, распаўсюднік у пераходзе на пл.Я.Коласа (выхад да Філармоніі)
– Усе рэгіёны – у сістэмах ticketpro.by і kvitki.by
Увага: продаж квіткоў ў касах Мінска і Інтэрнэце спыняецца ў 17 гадзін 15 ліпеня. Пасля гэтага квіткі можна будзе набыць толькі на пляцоўцы хутара Шаблі.
> ПА ЎСІХ ПЫТАННЯХ
(017) 280 15 10, (033) 6 5555 96, (029) 6 5555 96
Комментарии
Спасибо! Интересно было
Спасибо! Интересно было почитать, вернусь еще!