Можна падзівіцца ўпартасці Рамана Арлова ў справе яго праекту "У нескладовае". Пасля доўгіх эксперыментаў з зорнымі вакалістамі і замежнымі гасцямі, ён вырашыў цалкам змяніць склад і разнастаіць рэпертуар сваёй каманды. Да хітоў з адзінага пакуль дыску вырашана было дадаць песні, створаныя калісьці для гурта "J:морс". Прэзентацыя новага складу, а таксама кліпа на новую кампазіцыю "Ў" прайшла ўвечары 27 верасня ў клубе Re:Public.
Пачаўся выступ з нумара аднаго з вакалістаў першага складу – Вадзіма Касалапава, які выканаў "Станцыю". Затым ініцыятыву перанялі новыя салісты Кацярына Поцюс і Яўген Зезялюк, якія развучылі песні, што раней выконвалі "зорныя" ўдзельнікі праекту – Аляксей Хлястоў, Аляксандр Памідораў, Алег Хаменка, Віктар Рудэнка. Галоўнае дзіва вечара – Раман Арлоў вырашыў звярнуцца да песняў, напісаных разам з Уладзімірам Пугачом. Гучалі "Паветра", "Так-цік-так", "Маё сонца"… "Морсаўскія" хіты прынамсі не папсавалі, але і жыццё ў іх не тое каб удыхнулі.
Затое добра так перайначылі песеньку з "Брэменскіх музыкантаў" – "Солнце взойдет" прагучала па-беларуску з панкаўскай уставачкай. Яшчэ адзін сюрпрыз – выхад на сцэну Андрэя Краўчанкі, лідара колісь вядомай мінскай каманды Why Not?, які даўно жыве ў ЗША. Ён праспяваў адзіную ангельскамоўную кампазіцыю праекту – "Take Me Away". Зрабіў прыемнасць Раман і свайму бацьку, які прысутнічаў на канцэрце, выканаўшы яго ўлюбёны твор "Хлопчык" на пару з Вадзімам Касалапавым.
Наогул жа дзея нагадвала хутчэй саўндчэк. Падавалася, што вось-вось у практычна пустую залу Re:Public запусцяць публіку, і пачнецца сапраўдны канцэрт. Да вялікага сольнага выступу "У нескладовае" аказалася папросту не гатовым. Адчувалася несыгранасць новых удзельнікаў. Яўген і Кацярына засведчылі свае вакальныя дадзеныя, але, да жалю, пакуль нельга сказаць, што яны маюць уласны твар. Сэт "Ў" трываў усяго з гадзіну. Было адчувальна, што ім яўна не хапае матэрыялу, нават з улікам кавераў і перапевак. Па два разы выканалі і новую "Будзьма беларусамі" ды песню пра ўласна літару "Ў". А "Станцыя" наогул прагучала ў гэты вечар ажно тройчы(!). "Каб лепей словы запомнілі", – патлумачыў Рома нешматлікім слухачам.
Да жалю, няма пакуль у праекту сваёй публікі. За дзень да выбараў "У нескладовае" засвяцілася ў канцэрце на тэлеканале АНТ, дзе выканала фінальную песню "Будзьма беларусамі" разам з мясцовымі эстраднікамі. Не дапамагла Арлову падтрымка дзяржаўных тэлеканалаў. Аднак упарты Рома заяўляе, што ў іх яшчэ ўсё наперадзе. Гурт працуе над другім альбомам і не адмовіўся ад планаў па скарэнні Масквы. Музыка перакананы, што пасля дасягнення поспеху ў Расіі іх будзе чакаць прызнанне тут. Застаецца толькі пажадаць лідару "Ў" плёну ў рэалізацыі сваіх амбітных задумаў.
Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: Аляксандр Ждановіч, Budzma.org