О проекте

Віктар Сямашка: альтэрнатыўны топ-10 беларускіх альбомаў за 2013 год (+слухаць)

 

Пазаштатны экспэрт Віктар Сямашка прапануе дадатковую дзесятку беларускіх альбомаў 2013, з ліку тых, якія не разглядаліся на Experty.by.: "Сыходзячы з прыведзенае альтэрнатыўнае "дзесяткі", можна адчуць набліжэньне 4-е авангардовае (культурніцкае, творчае) рэвалюцыі".

Гукавая карціна 2013 атрымалася значна шырэйшай і глыбейшай, больш пярэстай і нават узбуджальнай! Таму прапаную дадатковую дзесятку выбітных леташніх запісаў, якія не разглядалі штатныя экспэрты

Сыходзячы з прыведзенае альтэрнатыўнае "дзесяткі", можна адчуць набліжэньне 4-е авангардовае (культурніцкае, творчае) рэвалюцыі. Папярэднія, як мне падаецца, адбыліся ў 1910-1920-х, 1950-1960-х і 1980-1990-х гадах. Кожная доўжылася прыкладна па 10 год з паўзамі ў 20-30 год і суправаджалася рэзкай зьменай палітычнага рэжыму ды ростам нацыянальнае самасьвядомасьці. Час прысьпеў!

Да гэтага сьпісу варта дадаць яшчэ выдатныя EP – Shuma, Hum Flying Bulletproof Noodle, 2morrow2late, SP – Recha, Harotnica, TonqiXod… Апошні гурт лічу сапраўдным, выбуховым і шматабяцальным адкрыцьцём 2013 году. Сярод вартых увагі супольных праектаў трэба адзначыць "Апошні золак" і рэмэйк "Весёлых нищих".

1. The Archestra "Arches" – слухаць

На мой погляд, галоўная асаблівасьць 2013 году – прарыў у кірунку rock-in-opposition. Ён праявіўся, канешне, ня столькі ў публічнай сфэры, колькі на ўзроўні кампазытарскае думкі. Дэбютнік The Archestra быў выдадзены францускім лэйблам Soleil Mutant. Ансамбаль на чале з Кірылам Крысьцям шмат у чым працягвае традыцыі "Рацыянальнае дыеты" – гэта суворы віртуозны рок-ін-апазішан, скамбінаваны хаос, альгебраічны цуд, каляж неверагодных спалучэньняў, фрактальная архітэктоніка са схаванымі парталамі ды галерэямі. Структуры будуюцца й рушацца так, што не пасьпяваеш ад іх стаміцца. Няспынныя мэтамарфозы быццам аддаляюць ад кропкі невяртаньня, аднак абмотаныя сувязямі нелінейнага парадку.

2. Five-Storey Ensemble "Not That City" – слухаць

А гэта дэбютнік другое паловы "Рацыянальнае дыеты", аб’яднанай з гуртом Fratrez. Кружэлка выйшла ў Італіі на лэйбле Altrok. Музыка Five-Storey Ensemble вельмі структураваная, разьлінееная, у некалькі паверхаў з фундамэнтам і дахам. Прычым, цягам разьвіцьця кампазыцыі тыя паверхі могуць узьнікаць і выдаляцца, зьмяняць вышыню, замяняцца іншымі, знаходзіць новы фундамэнт, а дах, тым часам, можа непрыхавана зьяжджаць… Большасьць прадстаўленых твораў належыць пяру Вольгі Падгайскай – вакалістцы й арганістцы, прадстаўніцы новае перадавое генэрацыі беларускіх кампазытараў. Музыкі дакладна фармуюць ляндшафт кожнае рэчы. Ніці інструмэнтаў плятуць сюжэт нібыта нагрэтай Сонцам алейнай фарбай. У партытуры зьмяшчаецца практычна ўся гісторыя музыкі Старога Сьвету – ад танцавальнага фальклёру праз барока й клясыцызм да джазу, пасьляваеннага авангарду й да таго ж rock-in-opposition.

3. Fratrez "Ora" – слухаць

Fratrez (асобна ад Five-Storey Ensemble) таксама выдалі ўласны альбом. Такое ўражаньне, што зьмест кружэлкі навеяны Італіяй, а дакладней позьняй Рымскай імпэрыяй. Гэта быццам сьпевы таемнага манаскага ордэну. Адметна, што опусы Fratrez, ня гледзячы на зьнешнюю акадэмічнасьць, нараджаліся калектыўным розумам. Большасьць кампазыцыяў пабудаваная на танальных паралелях, даўгіх нотах, між якімі віецца вакал Сяргея Долгушава. А баян Аляксандра Ясінскага (вядомага па групе BosaeSonca) дадаў з аднаго боку эмацыйных усплёскаў, і ў той жа час арганнай шырыні ды фактурнасьці. Выйшла гадзінная сымфонія-меса ў духу сакральнага мінімалізму.

4. Gurzuf "Märchen" – слухаць

Запіс ідзе каля 20 хв., але аўтар – Ягор Забелаў – называе яго альбомам. Рэліз афіцыйна датуецца 2012-ым годам, але прэзэнтаваны быў напачатку 2013. Кароткая па агульным часе, але важкая праца дэманструе вынік сямігадовага існаваньня дуэту. Ягор тут узброены ня толькі кнопкавым акардэонам, але цымбаламі ды ўсялякімі спэцэфэктамі, а Арцём Залескі спалучае барабаны з пэркусіяй і розныя школы граньня – рокавую й джазавую. Па стылістыцы "Märchen" таксама можна аднесьці да rock-in-opposition, нечага на мяжы року й акадэмізму. Зроблена тое па-нямецку строга, з рэзкімі кантрастамі, варыятыўнай дынамікай. Аголеныя эмоцыі раньняга "Гурзуфу" зьмяніліся на інтравэртную засяроджанасьць. Інструмэнты зрасьліся між сабой і максымальна павялічылі ўласныя магчымасьці. Шкада, калі гэта будзе сапраўды апошні запіс Gurzuf. Дарэчы, і дадзены альбом, і шмат выдатнае тэатральнае музыкі Ягор зьмясьціў на пэрсанальным сайце.

5. Camerata "Паміж небам і зямлёй" – слухаць

Зноў жа пытаньне з датамі: плытка выйшла напрыканцы 2012 году, але больш-менш была заўважаная толькі ў 2013-м. Гэтым разам вакальны сэптэт прапанаваў захапляльнае падарожжа па Эўропе, на Блізкі Ўсход і Афрыку, але Беларусь — перадусім. Большая частка кампазыцыяў натхнёная айчыннай аўтэнтыкай, хаця вядома, што Camerata ніколі не выкарыстоўвае прамых цытатаў з фальклёру. Практычна ўвесь матэрыял, прадстаўлены на дыску, створаны адной з вакалістак – Вольгай Вераб’ёвай. Чальцы Camerata ня толькі замяняюць сабой любыя музычныя інструмэнты, але й імітуюць галасамі розныя мовы і мэтэазьявы. Гэта чысты імпрэсіянізм, музыка ўражаньняў! Яны захавалі дзіцячае ўспрыйманьне сьвету й азіраюцца навокал з шырока расплюшчанымі вачыма.

6. Ilo&Friends / Сяргей Пукст / Re1ikt "Тузін. Немаўля" – глядзець

Праект па сучасным ажыўленьні беларускае кінаклясыкі выйшаў на трох DVD. Зрэшты, прадстаўленыя саўндтрэкі могуць гучаць і цалкам самадастаткова. Прызнаюся, калі я глядзеў "Кастуся Каліноўскага" ў фартэпіянным суправаджэньні Пукста, то нават забыўся, што гэта той самы Пукст – правакатар ды эпатажнік. Настолькі ўсё было гарманічна, па-тапёрску, бязь лішніх алюзіяў і сэнсавых гульняў. Імправізацыйныя пасажы трапна ўпляталіся ў сюжэт, скручваліся з кінастужкай у адзіную сьпіраль. Хаця, чым бліжэй фінал, тым больш Пукст дае сабе волю.

7. Knyaz Mishkin, Yury Yaremchuk "Krach-Dach" – слухаць

Гурт "Князь Мышкін" цягам 2013-га году ня толькі пераўтварыўся ў лябараторыю-студыю, да якой пастанна далучаюцца маладыя музыканты, але й пасупрацоўнічаў са знакавымі пэрсонамі ў імправізацыйнай музыцы (Бэдэрман, Ярэмчук, Радзецкі й Токар). Запіс з галоўным авант-джазавым саксафаністам Украіны Юрыем Ярэмчуком атрымаўся, на мой густ, найбольш удалым і арганічным. Значным пунктам у вялікай дыскаграфіі КМ стаў і альбом "Палескія песьні", запісаны са згаданымі вышэй Катвіцкай і Долгушавым. Па сутнасьці, гурт Лявона Нарушэвіча – адзіны калектыў у Беларусі, які цалкам і з поўнай упэўненасьцю можна залічыць да на праўду Сучаснага, на праўду Беларускага й на праўду Джазу. Гурт правераны часам, але недаацэнены сучасьнікамі.

8. Алесь Чумакоў і Ceilidh Ceol "Сыны старадаўняй Літвы"

"Ірляндзкія гістарычныя песьні па-беларуску". Алесь Чумакоў стварыў уразьлівае фэнтэзі пра дзіўную краіну, жыхары якой – рэальныя гістарычныя постаці, а падзеі дэтальна нагадваюць паўстаньні ў Беларусі XIX стагодзьдзя й больш ранейшыя эпізоды. Галоўныя героі з пакаленьня ў пакаленьне мусяць абараняць сваю Радзіму ад ворагаў. І ўсё гэта адбываецца пад адаптаваныя ірляндзкія сьпевы. Прапанаваны сымбіёз дае моцны эфэкт – накшталт перадачы вялікіх энэргіяў бесправадным шляхам. Голас барда Чумакова высякае кожнае слова, як іскры з крамяня. Цяпер песьні, экспартаваныя зь іншага краю Эўропы, сталі й нашымі. Хай ірляндцы не крыўдуюць. Кружэлка дэманструе патрыятызм высокага гатунку. Асобныя выразы я буду памятаць усё жыцьцё: "адзін, прынамсі, за цябе меч узьняты" альбо "салодкая за Радзіму сьмерць".

9. Разные артисты "Место подписи – трибьют Neuro Dubel" – слухаць

Па сутнасьці, гэта новым альбом Аляксандра Кульлінковіча зь велічэзнай колькасьцю запрошаных гасьцей. 5 год на падрыхтоўку рэлізу прайшлі не дарма. Па разнастайнасьці трыб’ют ня горшы за НРМ-аўскі, а па градусе крэатыўнасьці нават пераўзыходзіць сваіх папярэднікаў. Вопусы пана Кульлінковіча загучалі ня толькі ў розных стылях, але й на розных мовах. Постмадэрновы канглямэрат абсурду ды сюру, смачнае рэха постперабудовачнага хаосу!

10. Чтобы-чтобы "Сделать за месяц 10 песен" – слухаць

Гэта першы альбом у выглядзе паштоўкі з QR-кодам, які трымаў у рукох. Напэўна, гэта й першы аўтарскі песенны альбом прыдуманы ды запісаны ў Беларусі роўна цягам месяца. Калі разглядаць "Сделать за месяц 10 песен" як RAP-рэліз, то ён адпавядае цікаваму трэнду: хуліганскі слэнг у "рытмічнай паэзіі" выціскаецца кніжнай лексыкай – мудрагелістымі паняцьцямі, ідэямі й фармулёўкамі. Пры ўсім зьнешнім мінімалізьме ды інфантыльнасьці кухонны хіп-хоп з Баранавічаў мае й прамое дачыненьне да авангарду. У выпадку з "Чтобы-чтобы" любы дробны эпізод жыцьця альбо дэталь інтэр’еру, альбо сам Дзіма Ску становяцца арт-аб’ектамі. На альбоме-паштоўцы зафіксаванае натхненьне, дасягнутае сілай намеру!

Пра аўтара:

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

Комментарии

выдатна

+1
0
-1

выдатна.
першы і другі пункт чамусьці ў беларускай прэсе практычна ніхто не заўважыў, і гэта вельмі крыўдна. дзякуй Віктару.

 

его выбор в корне отличается

+1
0
-1

его выбор в корне отличается от выбора предыдущих экспертов

 

petia

+1
0
-1

petia, вы внимательно прочитайте преамбулу :)

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net