Виктор Семашко о новом альбоме Re1ikt: "Абсалютна розныя па стылістыцы альбомы Re1ikt і B_Side яднае адчуваньне маруднага, цяжкога руху змрочнае рачное плыні. Падаецца, што мы рушым наперад, але рака апынаецца колам, ні да чаго не прыводзячы й нікуды не ўпадаючы. Кантынуум замкнуўся".
Як слухача, мяне ніколі не цікавілі пэўныя стылі. Мяне захапляюць асобы, мастакі зь вялікае літары. Трэці паўнавартасны альбом Re1ikt выйшаў ня толькі цалкам беларускім (хаця напачатку плянавалася й расейскамоўная версія), але й вельмі мастацкім, вельмі асабістым. Гэта вынік працяглых самакапаньняў і мэдытацыяў, душэўных пакутаў, надломаў ды іх лекаваньня. Мяркую, што музыкі на нейкім сакральным узроўні нарэшце адкрылі й прынялі сваю палескасьць: увесь альбом прасякнуты туманам і дымам, пахам вільготнае глебы, водарам балотаў, танцам аголеных дрэваў, а таксама невыноснай тугой, такой жа, як у народных сьпевах з Палесься. Re1ikt стварае на той жа тэрыторыі новы эпас, новы міт.
Прагрэс групы відавочны ва ўсім: у адмове ад куплетна-прыпеўных пабудоваў і строгага хранамэтражу, у аранжаваньнях, стылёвае й атмасфэрнае вытрыманасьці. Варта адзначыць, што таму папярэднічалі прадуктыўныя акустычныя вопыты ў межах самога Re1ikt, а таксама знаходкі праекту Re123+, які як раз займаецца пошукамі ў плынях post-metal і drone-doom. Re123+ стаўся "альтэрнатыўным я" Re1ikt і экспэрымэнтальным палігонам. Атрымоўваецца, што ў новым альбоме Re1ikt максымальна наблізіўся да свайго сайд-праекту.
Эмацыйны тон праграме задае гіпнатычна-трансавы вакал Уладзімера Казлова: ён то звужаецца ў крык ды рык ("Рэкі…"), то пашыраецца ў грыгарыянскі харал ("Кантынуум"). Гітарныя партыі, на мой слых, маглі б быць болей пазастылёвымі: у добрым сэнсе слова "няправільнымі", вынаходлівымі, нават атанальнымі. Тое б толькі пашырыла агульны зьмест. Разам з тым, кранулі фляжалетна-скрабучыя партыі ў кампазыцыі "Час вырашыць". Сучасныя працэсары ды прымочкі, якія па сутнасьці пераўтварылі электрагітару ў струнны сынтэзатар, скарыстаныя гітарыстамі прыстойна й без перабольшваньняў – гэткі гітарны жывапіс.
Чым бліжэй да часавага экватару альбома, тым больш пачынае ціснуць фармальная стабільнасьць. Прыходзіць адчуваньне, што аўтары ўжо быццам бы ўсё сказалі, але аніяк ня хочуць (ці то ня могуць) скончыць размову. Амаль акадэмічныя кантрастныя пераходы з апатыі да дынамізму не заўсёды становяцца апраўданымі. Ахоплівае прадчуваньне катастрофы, хуткага Апакаліпсісу, які, тым ня менш, увесь час адкладаецца. Запозьненым вырашэньнем тае безвыходнасьці магла б стаць "Рана на Івана", але й гэтая купалінка зрываецца ў тыповы й цягучы "цяжаляк". Экзістэнцыйная стома прыходзіць на фінальным трэку, аднак толькі ў якасьці перакуру: "Тры хвіліны перакур. Гадзіньнік стане. Я прыхаплю з сабою трохі туману…"
Што тычыцца словаў, то, каб у іх разабрацца, варта было б разьмясьціць тэксты песень у буклеце да CD. А сама па сабе вокладка "Рэкі прабілі лёд" – сапраўдны твор мастацтва, што ў нас рэдка сустракаецца. Манатыпія (нанясеньне акварэльных фарбаў на шкло з наступным водціскам на паперы) – цудоўны працэс, дзе мала што залежыць ад мастака, бо вынік непрадказальны. Рэліз суправаджаюць і выдатныя, розныя па эстэтыцы кліпы.
Напрыканцы хочацца правесьці паралель зь яшчэ адным выбітным сёлетнім рэлізам – B_Side "Smooth Season". Абсалютна розныя па стылістыцы альбомы Re1ikt і B_Side яднае адчуваньне маруднага, цяжкога руху змрочнае рачное плыні. Падаецца, што мы рушым наперад, але рака апынаецца колам, ні да чаго не прыводзячы й нікуды не ўпадаючы. Кантынуум замкнуўся.
P.S. Падчас напісаньня артыкулу даведаўся, што Ўладзімер Казлоў сышоў з гурту.
Оценка: 8 из 10
Прочитать рецензии "штатных" экспертов на этот альбом, ПРОСЛУШАТЬ ЕГО и поставить свою оценку вы можете здесь
Об авторе:
Музыкант, журналист, поэт. Родился в 1980 году в Минске. Учился в музыкальных школах (фортепиано, гобой). В 2002 году окончил факультет журналистики БГУ. Автор и ведущий радиопрограмм "Новая зямля" (радио Unistar, с 2005 по 2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", с 2010). С 2001 года – музыкант группы "Князь Мышкин", в 2004-2007 годах также участник группы "Нагуаль". Автор поэтических сборников "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).