Самая славутая беларуская мэтал-каманда Gods Tower уваходзіць у "Залю славы беларускага рок-н-ролу" на "Тузіне Гітоў", а таксама вяртаецца на сцэну, нягледзячы нават на тое, што гітарыста і кампазытара гурта Аляксандра Ўракава няма ў жывых. Вакаліст каманды Ўладзіслаў Наважылаў, вядомы яшчэ як Лэсьлі Найф ці проста Ножык, распавёў "ТГ" пра запіс лёсавызначальнага альбома, алькаголь, выступ на "Sziget" ды пра шмат чаго іншага.
Gods Tower адна зь нешматлікіх беларускіх рок-камандаў, якая здолела здабыць сусьветную вядомасьць. Ужо ў сярэдзіне 90-х яны лічыліся заканадаўцамі моды ў постсавецкай мэтал-музыцы. Пра іх тады казалі: "Gods Tower для былога СССР, што Metallica для ўсяго астатняга сьвету". Іх альбомы "The Eerie" і "The Turns" перавыдаваліся некалькі разоў – для Беларусі, потым для СНД, а потым для ўсяго сьвету. Урэшце, менавіта "Gods Tower" сталі першай беларускай камандай, якая выступіла на буйнейшым эўрапейскім фэсьце "Pepsi Sziget-2000" у Будапэшце разам з такімі камандамі, як Oasis, Guano Apes і HIM.
Лэсьлі Найф заўжды сьпяваў выключна па-ангельску, але пры гэтым не забываў пра сваю нацыянальную прыналежнасьць: "Канечне, мы пазыцыянавалі сабе, як беларусаў! Нашае вітаньне было: "Гэта Gods Tower зь Беларусі!", толькі што казаў я гэта па-ангельску. Пасьля нашых шоў людзі часта пыталі пра нашу Радзіму, іх вельмі зьдзіўляла тое, што мы зусім не расейцы, і што мы апроч усяго яшчэ граць умеем".
Каманда заявіла пра сябе ў 1993 годзе з выхадам "The Eerie" (з ангельскай – змрочны, вусьцішны). Дагэтуль музыкі гралі злобны дэстрэш і называліся "Chemical Warfare". Але пры канцы 1992 году гэтыя патлатыя хлопцы вырашылі зьмяніць свой музычны сьветапогляд. Адбыліся кардынальныя зьмены – ня ў складзе, а ў ідэалёгіі гурта. Музыкі засталіся ў цяжкай музычнай плыні, але да іх музыкі ўжо больш пасавалі такія эпітэты, як фольк, паган, готык, дум, брутал.
Якраз за ідэалёгію і адказваў Лесьлі "Нож", па-за музычнымі коламі вядомы як просты савецкі пекар Уладзіслаў Наважылаў. Музыкант дагэтуль ня страціў сваіх несур’ёзных алькагольных адносінаў да жыцьця, напаўбандыцкай весялосьці ды катэгарычнасьці ў меркаваньнях: "У гэтым сьвеце ёсьць толькі тры сапраўдныя каштоўнасьці: піва, гэві-мэтал і прыгожыя дзяўчыны".
Тое, што іх альбомы "The Eerie" і "The Turns" палічылі пэрлінамі цяжкай музыкі ва ўсім сьвеце, вельмі зьдзівіла гомельскіх музыкаў: аўтарытэтныя "мэталёвыя" часопісы выдавалі нагара станоўчыя рэцэнзіі, гурт трапіў у пяцёрку лепшых мэталёвых бандаў Эўропы. Gods Tower падпісалі кантракт з аўтарытэтнай маскоўскай кампаніяй MetalAgen Records, пісаўся на Aria Records, выдаваўся на польскім і нямецкім лэйбле і граў разам з зоркамі сусьветнай музыкі. Але падобна на тое, што надзвычайнага посьпеху самі не адчувалі. Лэсьлі кажа, што ён лунаў у нябёсах ды не ўсьведамляў, што адбываецца. Усё, што ён можа прыгадаць пра выступ гурта на буйнейшым эўрапейскім фэсьце "Pepsi Sziget" у 2000 годзе, гэта "шмат віна, рогату й дэкадэнцкую атмасфэру". Але тады музыкі ўжо адчувалі "пачатак канца".
Каманда распалася ў 2002 годзе. Афіцыйная прычына – праблемы з алькагалізмам. Ёсьць нават дата разыходу – 16 ліпеня. Лэсьлі прыгадвае той дзень: "Змрочны быў гэты дзень. Мы ў цягніку ўсё вырашылі… Спачатку часова, потым – як надалей апынулася – доўгачасова". 14 сьнежня 2003 году аўтар музыкі да песень і гітарыст гурта Аляксандар Уракаў пайшоў у іншы сьвет.
У годзе 2005 годзе беларускія музыкі запісалі трыб’ют у выглядзе двайнога CD. Гэта магла быць добрая нагода для адраджэньня гурта. Але музыкі пра гэта тады ня думалі. "Мне было значна цікавей пабыць ў вольным палёце, – кажа Лэсьлі, – Ды і ўсе іншыя былі надта занятыя сваімі справамі і праектамі. Апроч таго, нельга ня ўлічваць таго, што распад гурта адбываўся ў нэрвова-жалобным стане і паміж намі былі ўсялякія цяжкасьці этычна-маральнага пляну. Трэба было, каб прайшоў пэўны час… Пры ўсёй высакароднасьці той добрай нагоды адраджэньне было проста немагчыма".
Пра вяртаньне на сцэну гурт заявіў у траўні. Некаторыя іх прыхільнікі сустрэлі гэтую навіну з насьцярогай, бо лічаць, што Gods Tower наўрад ці можа існаваць без Уракава. Але музыкі абвінавачваньняў у недабрасумленасьці сваіх намераў не баяцца. "Чаго баяцца, мы проста заробім мільярд эўра ды паедзем на Канары. Да ўсяго пра якіх прыхільнікаў вядзецца – нашых ці Ўракава? Калі пра апошніх, то гэта тыя пацаны, якія яму да апошняга моманту налівалі, а потым звыкліся жэрці ў яго гонар гарэлку. Нах", – кажа Лэсьлі. На месца гітарыста запрасілі Зьмітра Лазарэнку – сябру і вучня Аляксандра Ўракава, які нават падобны да заснавальніка гурта зьнешне.
У Gods Tower засталося шмат нявыдадзенага матэрыялу, які можа пабачыць сьвет. Новых песень музыкі ствараць не зьбіраюцца, будуць выконваць свае клясычныя рэчы – якраз тыя, якія ад іх чакаюць. Свае першыя канцэрты адроджаныя зоркі даюць 4 ліпеня ў Менску, 18 ліпеня ва ўкраінскім горадзе Сьмела ў межах фэсту "Про-Рок". Увосень 2010 году плянуецца вялікі тур гурта.
MP3:
"Twilight Sun"
"Blood"
"Rising Arrows"
"The Eerie"
Сайт Gods Tower - www.thequietplace.net/godstower/
Тэкст: Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"
У матэрыяле выкарыстана інфармацыя з артыкулу Паўла Сьвярдлова з кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу"
Комментарии
Исправьте ошибку
"Ножика" зовут Владиславом, а не Владимиром. Звукосочетание вЛАдиСЛАв делает имя похожим на венгерское ЛАСЛО и, соответственно, в английском звуковом аналоге ЛЕСЛИ. Исправьте ошибку, пожалуйста.