Малады, але паспяховы гурт Navi рыхтуе навагодні падарунак – акустычны альбом на роднай мове. У альбом увойдуць песні, напісаныя за вельмі кароткі перыяд. – Настрой і атмасфера кампазіцый вельмі падобныя. Гэта і падштурхнула да думкі запісаць усё і адразу, – тлумачаць музыканты.
Адну з песень каманда выканае разам з вакалістам гурта "Re1ikt" Уладзімірам Казловым. Таксама на пласцінцы з'явіцца свая версія вядомай кампазіцыі гурта "Крама", якая ўжо атрымала добры водгук ад лідара групы Ігара Варашкевіча.
Прэзентацыя альбома адбудзецца 20 снежня ў мінскім бары "ДК". Музыканты рыхтуюць падарункі ўсім, хто прыйдзе на канцэрт:
– Мы вырашылі зрабіць нашым слухачам навагодні падарунак. Ідэя стварэння пласцінкі прыйшла спантанна, таму мы нават не сумняваліся, што трэба гэтую задуму ўвасобіць. Сам альбом з'явіцца ў сетцы незадоўга да канцэрту, а дыскі, адпаведна, толькі на самім канцэрце. Спадзяемся, што ўсё атрымаецца!
Гэты альбом музыкі прысвячаюць Глыбоцкай дзяржаўнай раённай гімназіі, Народнаму літаратурнаму тэатру "Жывое слова" і радыёстанцыі "Сталіца".
Тэкст: прэс-рэліз