Гурт "Нельга забыць" прадставіў альбом "Mertvets". Адметнасьць гэтай працы ня толькі ў арыгінальным паглядзе на спадчыну Максіма Багдановіча, але і ў тым, што ўся музыка была напісаная якраз у той хаце, дзе жыў паэт.
Гурт "Нельга забыць" узяў назву паводле першай сваёй канцэптуальнай праграмы, створанай у жанры музычнага спэктаклю паводле рамана Ўладзімера Караткевіча "Леаніды ня вернуцца да зямлі" (з цэнзурных меркаваньняў – у час кіраваньня Леаніда Брэжнева – твор быў пераназваны ў "Нельга забыць"). Наступнае праграма каманды мела назву "Месца моцы", напісаная на вершы лідэра каманды Міхаіла Бараноўскага. Зь ёй гурт перамог на фэсьце "Бардаўская восень-2012".
У новай праграме музыкі зноў зьвярнуліся да клясыкі. Адметнасьць праграмы ў тым, што музыка да вершаў Максіма Багдановіча стваралася акурат у той самай хаце, дзе жыў паэт у 1916 – бадай што ў беларускай музычнай гісторыі гэта першы падобны выпадак. Міхал працуе ў музэі Багдановіча і сьцярджае, што музыка да яго прыходзіла сама, калі ён знаходзіўся ў гэтых сьценах. Ні над ніводнай песьняй ён не сядзеў наўмысна. Усе творы адбудаваліся ў праграму. "Праца мае сваю драматургію і кожная песьня знаходзіцца на сваім месцы, каб кожны, хто асьмеліцца, мог прайсьці шлях разам з Максімам і музыкамі гурта ад бязьмежнага адчаю да “Пагоні”", – тлумачыць музыка.
Праграму "Mertvets" гурт выконвае раз-пораз на сваіх канцэртах з канца мінулага году, а ў студыі запісана на пачатку 2014. Праца вялася ў студыі Everest. Акром Міхала ў яе стварэньні паўдзельнічалі такія музыкі, як Надзея Процька, вядомая таксама з гурта Pawa (вакал, скрыпка) і гітарыст Уладзь Пыльчанка (Markuts Band, HandMade, гурт Паліны Рэспублікі ды інш.). Цяпер рэліз выкладзены для вольнага спампоўваньня ў сеціва. "Наш альбом зьяўляецца спробай асэнсаваць сьмерць праз трагічны лёс і вершы знакамітага паэта, які з 17 год пакутваў на сьмяротную хваробу, але нават пазбаўлены будучыні, знайшоў сілы рухацца да сьвятла, да сваёй мройнай краіны, нібы знакаміты герой стужкі Джыма Джармуша, на шляху якога нельга станавіцца, бо ён усё роўна пераможа", – распавядае Міхаіл.
Што да назвы альбому, напісанай па-расейску лацінкай, то Міхал кажа, што гэта даніна павагі русізмам Багдановіча, яго імкненьню да Беларусі: "Гэта такое пераадоленне ў сабе маскавіцяніна. І спроба фанетычна якраз адпавядае задуме альбому".
У бліжэйшы час праграму "Mertvets" можна будзе пачуць на выступе гурта 17 ліпеня ў Менску ў межах акцыі "Мір вакол нас: канцэрт на бамбасховішчах". Падрабязнасьці – у нашай афішы.
Тэкст: Tuzin.fm
Комментарии
Текст не сочиняли, в музыке
Текст не сочиняли, в музыке особо не напрягались, но получилось очень живо и органично. Хорошая работа