Мінскі гурт Pawa, які спалучае ў сваёй музыцы традыцыі еўрапейскага сярэднявечча і электронныя аранжыроўкі, прэзентаваў у Інтэрнэце другі альбом "Cristatus". Музыка гурта Pawa – гэта спроба данесці традыцыйную беларускую музычную культуру да сучасных беларусаў.
Добрым адлюстраваннем гэтых намаганняў стала і тое, што святкаванне новага 2013 году і цэнтральны святочны салют адбываліся пад творы гурта.
– Для нас гэта было нечаканасцю. Гарадскія ўлады не паведамілі, што будуць выкарыстоўваць нашыя творы. Мы раптоўна пачулі свае песні і, шчыра кажучы, былі здзіўленыя, але здзіўленыя прыемна. Маўляў, няхай беларускі народ святкуе пад свае песні, а не пад надакучыўшыя поп-хіты ў выкананні нашых суседзяў з усходу, – адзначае дудар Юрась Панкевіч.
Запіс новага альбому музыкі распачалі ў верасні 2012 года. Матэрыял запісваўся ў мінскай студыі Hiend Records.
– Наш новы альбом складаецца з некаторых песень, якія былі прадстаўленныя на першай плыце ("Kavaĺ", "Anglieza", "Hańdziulieńka", "Pava"), але прынцыпова адрозніваецца ад яе, – кажа аранжыроўшчык і клавішнік гурта Мікіта Седзянкоў. – Альбом быў створаны на значна больш прадвінутай тэхнічнай базе, мы шмат працавалі над тым, каб якасна і натуральна зафіксафаць гучанне дуды. Таму раю ўсім паслухаць альбом на якаснай акустыцы, гэта дасць магчымасць ацаніць гукавыя фішкі і эфекты, якіх багата на гэтым запісу.
Па словах музыкаў, альбом "Cristatus" – гэта вынік шчыльнай калектыўнай працы ўсіх удзельнікаў гурта як адзінага арганізма. Калі першы альбом можна назваць электроннымі апрацоўкамі ці рэміксамі на творы Testamentum Terrae, альбом "Cristatus" – гэта праца мінавіта гурта Pawa як самастойнай творчай адзінкі.
– Мы выдалі першы альбом на тэрыторыі Беларусі ў 2011 годзе і пачалі прасоўваць яго, актыўна канцэртуючы ў тым ліку і за мяжой нашай краіны, – тлумачыць прадусар гурта Валер Шаўчэнка. – Вынікам канцэртаў за мяжой сталі знаёмствы з літоўскімі, польскімі і расійскімі пракатчыкамі, з людзьмі музычнага бізнесу, а таксама цікаўнасць слухачоў гэтых краін да нашай музыкі. І ўжо падчас працы над другім альбомам да мяне амаль адначасова паступілі прапановы выдаць наш першы альбом Pawa ў Польшчы і Расіі. Таму мы вырашалі ўключыць трэкі, больш-менш вядомыя нашым слухачам за мяжой, у новы альбом, але ў больш дасканалым выглядзе, і выдаць "Cristatus" не толькі ў Беларусі, а таксама ў Польшчы, Расіі, магчыма, Украіне і Літве.
Як адзначаюць музыкі, альбом "Cristatus" – гэта зварот да сваіх каранёў і, больш таго, гэта прага захапіць прыгажосцю і першабытнай энергетыкай беларускай сярэдневечнай музыкі як мага больш слухачоў. "Cristatus" накіраваны да заўзятараў самай рознай музыкі, якія прагнуць пачуць нешта новае, не трывіальнае.
– Мы не стваралі звышканцептуальнага падмурка для нашага альбома, старыя песні, якім мы надалі новае гучанне, не змянілі свайго галоўнага пасылу – гэта песні пра жыцце кожнага чалавека, яны распавядаюць пра каханне, здраду, мужнасць і зайздрасць, яны падыходзяць да шалёных скокаў і да медытатыўных разважанняў, можа, таму яны і крочаць праз стагоддзі, і новыя пакаленні знаходзяць у іх нешта сваё, – адзначаюць музыкі.
Гурт Pawa быў створаны ў 2011 годзе. Яго склалі ўдзельнікі добра вядомага заўзятарам сярэдневечнай музыкі гурта Testamentum Terrae, да якіх далучыўся "электроншчык" Niko_S (Мікіта Седзянкоў). Галоўнай ідэяй праекту, па словах дудара абодвух калектываў Юрася Панкевіча, стала прага дапоўніць прыгожыя і таямнічыя мелодыі сярэдневечных музычных твораў сілаю і энергетыкай сучаснага электроннага гучання. У выніку творчага працэсу з’явіўся дэбютны альбом "Pawa", які быў выдадзены ў кастрычніку 2011 года на беларускім лэйбле Vigma.
За час існавання гурт узяў удзел у шматлікіх музычных фестывалях: "Басовішча", WOŚP (Польшча), Tautų mugė (Літва), "Камяніца", "Наследие веков" (Беларусь), а таксама выступіў на сцэнах шматлікіх клубаў Беларусі, Польшчы і Расіі.
Паслухаць альбом можна на сайце Ultra-Music.
Тэкст: Аляксандр Чарнуха, Ultra-Music
Комментарии
Достаточно живая музыка.
Достаточно живая музыка. Слушается хорошо. Подумалось, что если живьём слушать - то было бы вообще замечательно.