О проекте

Віктар Сямашка: альтэрнатыўны топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аўдыё)

 

Добрая беларуская музыка не абмяжоўваецца рэйтынгамі і рэцэнзіямі Experty.by. Віктар Сямашка працягвае распачатую ў мінулым годзе традыцыю асобнага агляду лепшых беларускіх альбомаў 2015, якія па стылістычных ці іншых прычынах не трапілі ў асноўную сетку аглядаў Experty.by, а таксама робіць дадатковы аналіз стылістычных трэндаў.

Вынікі 2015 году як мінімум не аспрэчваюць тэорыю чатырох культурніцкіх рэвалюцыяў. Мы ізноў вяртаемся на тую самую магістраль, зь якой колісь збочылі. Ізноў пасьля працяглага штылю ўздымаецца новая хваля. Адбываецца абуджэньне каранёў і кронаў, зьмена звыклага ладу й перафарматаваньне сьвядомасьці. Відавочна, што многія апісаныя аўтарам гэтых радкоў тэндэнцыі 2014 году працягнуліся й летась. Не спыняецца беларусізацыя песеннае культуры й увогуле музыканцкае супольнасьці, актывізуюцца рэгіёны, захоўваецца цікавасьць да джазу (згадайма "Джазавыя вечары" ля ратушы ды сэрыю імпрэзаў "Improvise It!" у бары ДК).

Галоўная асаблівасьць 2015, як я ўжо зазначаў, – гэта матрыярхат і яго прамая праява ў гульні з фальклёрам (Kazalpin, Shuma, Re1ikt, Agata, Uła, Vuraj, Літвінава – Грынь, TerraKod, "Млын Сонца", "Ілюжан", "Варган" ды іншыя). Пералічу яшчэ некаторыя трэнды году й іх узоры, што адзначыліся летась сваімі LP, EP, SP, відэа-рэлізамі й вартыя пільнае ўвагі:

– жанчына за піяніна (архітыпічны вобраз выявіўся ў запісах Руж Янг, Аляксандры Грахоўскай, Юлкі Каціч, Дар’і Багасловай);

– пост-барды ("Бабэобі", "Нельга Забыць", Ганна Жданава, Барыс Капітанаў, Маркас Палубенка, Раман Яраш ды іншыя);

– сур’ёзны крэатыў у галіне року ды яго вытворных (TonqiXod, Haina, Vox Mira, Zolki Band, Saint Gooseberry, The Bangalors, The Glitchhh, Lake Spirit, Ільля Пуцікаў ды многія іншыя);

– польскі вэктар (маю на ўвазе значную колькасьць рэлізаў, запісаных альбо выдадзеных ў Польшчы беларусамі, што там жывуць, альбо запісы польскіх праектаў з удзелам беларусаў – Holy Chimp, Bonehider, Autonomicon, Kawalerowie Błotni, R.U.T.A., Radio Slam, R.F.Braha, "25 АББА Аркестр");

– вар’яцкі хіп-хоп (альтэрнатывай традыцыйнаму рэпу становяцца гукавыя ды тэкставыя абстракцыі, інтэлігенцкая шыза – Outro Pin, Metaphysics, "Браза вовсе спятил");

– пагавары са мной (адкрытыя лекцыі, сэмінары, дыскусіі часам зьбіраюць больш публікі, чым звычайныя сцэнічныя канцэрты нават гуртоў зь імем);

– пашырэньне публічнае прасторы (больш вольных пляцовак, але ніякага альтруізму, то бок, хочаш выступіць – плаці за арэнду).

Паколькі у фармаце Experty.by выключна лёнгплэі, сфармую свой альт-топ менавіта з альбомаў, на якія "штатнікі" па розных прычынах не складалі рэцэнзіяў.

1. Pawa "Жыта" – слухаць

Трэці па ліку поўнафарматнік гурту Pawa – першы, створаны цалкам на беларускім матэрыяле, і відавочна, лепшы іх альбом. "Фольктранічная" праграма гучыць адначасова тонка й тлуста, для эстэтаў і для масаў. Неяк усё выдатна спалучылася: самаробныя акустычныя інструмэнты з электронікай, мноства ўсялякіх жанраў зьліліся ў адно цэлае – не пералічыць. Для галасоў знайшлі адпаведную афарбоўку, дуда як галоўная гераіня. Канешне, кідаецца ў вушы, што "Жыта" ад Pawa мае шмат агульнага са "Жнівом" ад Shuma: абодва рэлізы выйшлі ў ліпені, нават асобныя песьні перасякаюцца, ня кажучы пра гучаньне, па дзьве вакалісткі зноў жа. Аднак у выпадку Pawa ўсё роўна адчуваецца моцны мужчынскі складнік. Фінальны трэк альбома, як прынята казаць у сацсетках, "зрабіў" маё лета й восень.

2. "Княжыч" & Percival Schuttenbach "Demo" – слухаць

Архіўны альбом, цалкам апублікаваны толькі летась. Полацкі гісторыка-культурніцкі клюб "Княжыч" выклаў да свайго 20-годзьдзя дэма-запіс, зроблены яшчэ ў 2001 г. з польскімі паган-мэталістамі Percival Schuttenbach з былога прускага места Лягніца. Гурты некалькі разоў выступалі разам і запісалі 9 трэкаў з адметным інструмэнтаром: галасы, гітара, бас, віялянчэль, часам далучаецца электронная пэркусія. Вельмі незвычайны беларуска-польска-прускі сымбіёз! Шкада, што да поўнавартаснага альбома справа не дайшла.

3. Sasha Ilyukevich "Песни под мостом" – слухаць

Хлопец зь вёскі Янавічы запісаў у Вялікабрытаніі, дзе ўжо стала жыве, альбом, на галаву (а то й на тры) вышэйшы за ўсё зробленае ім раней. У музыкі зьнянацку ўключыўся нейкі вар’яцкі драйв. Увесь альбом працінае псыхадэлічная чыгунка, імклівы, бязглузда сьмелы рух у невядомае. 11 песень яднаюцца ў канглямэрат фігураў і аб’ёмаў, слаістую карціну, кожны элемэнт якой пачынае рухацца, расплывацца, пералівацца вясёлкай – ледзь да яго дакраніся. Слыхавая ўвага няспынна занятая, пераключаецца з кампанэнта на кампанэнт, і выніку апынаецца ўцягнутай у густы каляровы вір. Саша Ільюкевіч прынцыпова не абмяжоўвае сябе ў сродках, поўная свабода дзеяньняў. 22 запрошаныя музыкі! Такому падыходу ў саўндпрадусаваньні варта павучыцца ўсім тутэйшым песьнярам. Зрэшты, аранжыроўкі аранжыроўкамі. Але, калі адкінуць усе напластаньні, у цэнтры застаецца той самы самотны постсавецкі постбард з гітарай. І ягоныя крыніцы натхненьня апынаюцца занадта відавочнымі, ажно да поўнае канкрэтыкі. Тым ня менш, альбом карысна праслухаць цалкам і тэт-а-тэт.

4. The Unlimited Trio "Falling Into Light" – слухаць

Тры беларускіх музыкі, якія працягваюць вучыцца ў Празе, выдалі другі па ліку альбом, даказаўшы сваю бязьмежнасьць. Дэбютнік быў больш акадэмічны. Цяперака ж хлопцы даводзяць, што грандж можна граць, па-першае, акустычна, а па-другое, у выглядзе камбінацыі з баяна, альта ды гітары. Назовы п’есаў кажуць самі за сябе: "Drive Me", "On Fire", "Darkness Of Mine", "Shadows Of The Abandoned Place"… Хаця тут шмат і барочных, і фолькавых інтанацыяў разам з уяўнай кінематаграфічнасьцю. Паводле прынцыпу smells like teen spirit, трыё грае па-падлеткаваму жорстка й кантрасна. Эмацыйныя арэлі балянсуюць між скрайняй жахлівай змрочнасьцю й вязкай расслабленай узьнёсласьцю, між агрэсіўнай жарсьцю й ураўнаважаным жыцьцялюбствам. То мэханіка мяхоў і скрэжат струнаў, то перадузята суцішаныя мейсцы. Цяжка прасачыць за зьменай настрояў і ўявіць сюжэт. То бок, як у клясычным балеце. Ёсьць герой і ліхадзей. Канфлікт чаргуецца з вырашэньнем, якое аднак правакуе новы канфлікт.

5. Haina "Прыцягненне" – слухаць

Ці магчыма было ўявіць сабе белрок без гітараў? Трыё Haina давяло, што й такое магчыма. Баян + скрыпка + бубны + вакал. Прычым, першыя два інструмэнты праходзяць праз адмысловыя лічбавыя эфэкты, якія пашыраюць іх тэмбральныя ды іншыя магчымасьці. Скразны драматызм з голасам падлетка, пэўная мэлядычная аднастайнасьць – тое не залічыш у плюсы. Аднак слухаючы Haina, ўспамінаецца баянна-барабанны Gurzuf. І гэта сьведчаньне пераемнасьці, што нарэшце паўстае ў нашай музычнай культуры. Як сьпявае Haina, "зьменім прозьвішчы і зноўку пазнаёмімся".

6. Konstantin Goryachy Trio "On The Bridge" – слухаць

Я чакаў ад "Гарачага трыё" больш чагосьці нетрадыцыйнага, можа быць, інтэлектуальнага. Хаця тут сапраўды адчуваецца палкая праца мозгу, які кіруе пальцамі, складае акорды, гармоніі й памеры. Таксама гэткую музыку не назавеш рэстрацыйнай, ня зробіш саўндтрэкам для непрыстойных фільмаў, як часта здараецца з мэйнстрымавым джазам. Музыка Канстаньціна хутчэй пляжная, узьбярэжная, а не гатэльная, рамантычная, фантазійная, а не забаўляльная. У любым выпадку гэта этапная праца, нават назоў альбома тое падкрэсьлівае. Між іншым, дзьве рэчы з гэнае кружэлкі ўвайшлі ў іншых вэрсіях у чарговы альбом Apple Tea "M1", таксама па-свойму цікавы.

7. Radiokoala "Whoop-De-Do" – слухаць

Бадай найцікавейшы беларускі электронны альбом летась выйшаў на касэце ў ЗША. Музыка гарадзенскай Radiokoala адразу падкупае сваёй працаёмкасьцю. Яна, як стос празрыстых дыяграмаў. Суцэльныя гукавыя джунглі. Radiokoala не прытрымліваецца пэўнае танальнасьці й не надакучае вузкімі петлямі. Выкарыстоўвае толькі аналягавыя модульныя сынтэзатары. У выніку ўзьнікае ілюзыя прыгожага прыроднага хаосу на ўзор сьпеву лясных птушак. Насычаныя парадаксальныя малюнкі.

8. Константин Яськов и Алесь Цурко "Zona Opus Posth" – слухаць

Яшчэ адна падзея на памежжы цішыні і гуку, альбо беларускай электронікі (Алесь Цурко) й сучаснае акадэмічнае музыкі (Канстаньцін Яськоў). "Zona Opus Posth" існуе ў двух вымярэньнях: як аўдыёзапіс і як інтэрактыўная вэб-старонка. Назовы кампазыцыяў запазычаныя ў музычнай літаратуры XIX – XX ст. Праект відавочна натхнёны тэорыямі Ўладзімера Мартынава пра канец эпохі кампазытараў. Уаўтарскім апісаньні "зоны" гаворыцца й пра карцінкі, намаляваныя нотнымі знакамі, і пра свабодную расшыфроўку нотнае графікі на фартэпіяна, і пра інтэрнэт-эпіграфы, знойдзеныя праз пашукавікі. У блізкай атмасфэры гучыць таксама гадзінная імправізацыя Алеся й Канстаньціна (у межах праекту Poltishiny) паводле калыханкі "Пайшоў каток у лясок". Канстаньцін тут грае на старым савецкім піяніна, у тым ліку смычком!

9. Vox Mira "VII" – слухаць

Гэты альбом Vox Mira на сем крокаў ва ўсе бакі сьвету шырэйшы за дэбютнік. "Сем кампазыцыяў, як сем прыступак у трансфармацыі лірычнага героя", – трапна зазначае ў анатацыі лэйбал "Пяршак". Прыемныя нечаканасьці пачынаюцца зь сярэдзіны трэцяга трэку: шумавыя імправізацыі, філязофская песьня са згадкай пра Будслаў, фальцэтны вакаліз… Калі казаць пра ўплывы на Vox Mira, то Queen тут, канешне, перадусім.

10. Ruzh Young "Postcard" – слухаць

Абсалютна таямнічая дзяўчына зь лірычным сапрана сабрала альбом з паасобку запісаных трэкаў. Сьпеў №2 разам з самаробным кліпам (https://www.youtube.com/watch?v=O48skz6nFY4), зьнятым у Грэцыі, мог бы стаць гітом. Увогуле дыскаграфія Руж Янг стартуе з 2008 г. Тэма сэксу скразная. Выбар моваў неабмежаваны. Можна напаткаць, што заўгодна – хрысьціянскія гімны, апрацоўкі фальклёру, джазавыя стандарты, запазычаныя мінусоўкі, дуэты, аўтарскія творы ў самых розных стылях – ад беларускае эстрады пачатку 1990-ых да мэлядэклямацыйных танка.

Пра аўтара:

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011), "Габітацыя" (2013). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2015.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net