Гурт Recha прэзентаваў у Інтэрнэце кліп на песню "Гражына" – сонечнае відэа з'яўляецца адначасова віншаваннем з надыходзячым Новым годам і анонсам будучага альбома, які мусіць убачыць свет у сярэдзіне 2012. Пра ўсё гэта сайту Experty.by распавёў лідар калектыва Андрусь Такінданг.
– Падаецца, што даволі даўно не было чуваць пра гурт. Чаму?
– Сапраўды, у нас не так многа канцэртаў адбываецца ў Беларусі. На тое ёсць некалькі прычынаў. У гэтым годзе мы паездзілі па Польшчы, наведалі з сольнымі выступамі Уроцлаў, Лодзь, Белхатаў, Варшаву, Гданьск, Сопат. Дарэчы, песня "Гражына" напісана менавіта падчас паездкі ва Уроцлаў – мы засумавалі па беларускім прыгажуням, і ў выніку нарадзіўся гэты лірычны сюжэт пра дзяўчыну з такім прыгожым беларускім імем. Лірычны герой песні прапануе Гражыне, не марнуючы дарма час, пайсці з ім у ажыны.
– Гурт існуе ўжо даволі даўно, але дагэтуль не мае альбома...
– Альбом мы пачалі пісаць даўно, але на нейкім этапе мы вырашылі зрабіць не проста альбом, а відэа-альбом. У нас ужо запісана многа кліпаў, на падыходзе яшчэ два. Так што можна сказаць, альбом на перадапошняй стадыі, у сярэдзіне наступнага года ён абавязкова з'явіцца. І песня "Гражына" натуральна ўвойдзе ў яго.
– Кліп рабілі самі ці нехта дапамагаў?
– Адметнаю рысай кліпа на песню "Гражына" стала тое, што ён быў зняты дзякуючы намаганням нашых слухачоў, якія і сталі героямі кліпа. Рэжысёрам кліпа з'яўляецца ўзыходзячая зорка беларускай кінарэжысуры Ігар Чашчэня, а аператарам – сапраўдны прафесіянал сваёй справы Ягор Барташэвіч. Па кадрам кліпа можна лёгка пазнаць мясціны Мінску, дзе ён здымаўся: гэта Траецкае прадмесце, узбярэжжа Свіслачы. Некаторыя сцэны здымаліся ў жнівеньскім полі пад Менскам.
– Што адкажаце тым, хто паскардзіцца на адсутнасць ідэі ў кліпе?
– У кліпе мы хацелі паказаць атмасферу нашых вулічных канцэртаў, гэтыя няўлоўныя моманты шчасця і радасці ад сустрэчы з людзьмі, калі мы, музыкі, дорым музыку, а нам у адказ дораць усмешкі і натхненне. А ідэя кліпа вельмі простая, але яна ёсць – не губляйце час на мітусню, лавіце сваё шчасце, любіце, кахайце. Любоў і каханне – гэта тое, дзеля чаго мы тут, на гэтым свеце!
– Калі вас можна пабачыць у Беларусі?
– Пакуль што больш граем на карпаратывах, але ў наступным годзе збіраемся шчыльней заняцца публічнымі выступамі. Плануем гастрольны тур разам з гуртом Босае Сонца па розных гарадах. Тур распачнецца 17 студзеня сольным канцэртам у "Графіці".