О проекте

ili-ili запісалі беларускамоўны альбом: "Калі табе прыносяць ліст, трэба танчыць!"

 

Вось-вось пабачыць свет новы рэліз ад гурта ili-ili. Музыкі вырашылі, што іх новы альбом будзе цалкам беларускамоўным. Пра адзін з самых доўгачаканых беларускіх дыскаў 2013 года расказалі ўдзельнікі каманды – Зміцер Есяневіч (далей – З.), Павел Яскевіч (далей – П.), Віталь Кулеўскі (В.) і Міхась Зуй (М.).

Упершыню свае новыя песні музыкі прадставілі ў пачатку года ў межах праекта "Жывы Тузін", потым выдалі двайны сінгл з песнямі "Танчыць" і "Сэрцы" ды падмацавалі гэтую справу кліпам на песню "Танчыць". Прэзентацыя альбома адбудзецца 5 снежня ў мінскім клубе "Re:Public".

– Якім чынам вы саспелі да беларускамоўнага альбома? Гурт жа нібы задумваўся як расійскамоўны.

П.: ili-ili ніколі не задумваўся як расійскамоўны гурт. У нас адпачатку існавалі песні на абедзвюх мовах, проста расійскамоўных было болей.

З.: Мы неаднойчы расказвалі пра падарожжа з Купалаўскім тэатрам па Францыі, якое стала знакавым для нашага гурта. Ад таго моманту песень па-беларуску ў нас нараджаецца ўсё больш і больш. Іх так шмат, што некаторыя застануцца па-за межамі альбома.

М.: Дарэчы, я ў той вандроўцы шмат чытаў Быкава, часам ён проста выратоўваў. Таму можна сказаць, што яго творы таксама паўплывалі на тое, што па-беларуску пачало пісацца болей.

– У чым карэнныя адрозненні альбома "list" ад папярэдняга вашага дыска "Past Perfect", акрамя мовы?

В.: Адрозніваецца новая праца найперш гучаннем. Акрамя сталых удзельнікаў гурта ў запісе ўзялі ўдзел выдатныя музыкі Зміцер Харытановіч (DrumXTC) ды Аляксандр Сіманаў (Artefakt), такім чынам склалася жывая рытм-секцыя.

М: Па-другое, "list" вылучаецца сваёй атмасферай, характарам. Журналіст Віктар Сямашка пісаў, што наш першы альбом "Past Perfect" "паднырваў у падсвядомасць". Дык вось, "list" ідзе да слухача наўпрост, у сэнсе падачы ён больш рашучы.

– А як будзе даходзіць "list" да слухача? Дзе яго можна будзе паслухаць і ці можна будзе набыць дыск?

П.: Мы збіраемся дасылаць "list" па пошце. Cур’ёзна. Здаецца, што для альбома пад назвай "list" такі механізм распаўсюду выглядае цалкам натуральна. Пасля рэлізу ў вольным продажы адразу ён не з’явіцца, але гэта адбудзецца абавязкова. Проста трошкі пазней.

З.: Мы прыдумалі так, што першыя трыццаць ахвотнікаў , якія зойдуць на нашую суполку "Укантакце" ды пакінуць свой тэлефон у спецыяльнай тэме, атрымаюць цікавы бонус. Мы абяцаем асабіста даставіць "list" да іх дамоў.

М.: Але памятайце – калі табе прыносяць ліст, трэба танчыць!

– Чаму вы вырашылі звярнуцца да практыкі краўдфандынгу і ці можна сказаць, што яна была паспяховай?

П.: Гэта было проста цікава для нас. Мы не надта разлічвалі цалкам сабраць грошы на запіс выключна сярод сваіх прыхільнікаў. Хаця яшчэ невядомая канчатковая сума, якую атрымалася сабраць. Хто яго ведае, можа, там будзе болей, чым трэба. У любым разе, гэтую схему мы разглядалі як яшчэ адзін сродак прыцягнення ўвагі да новага альбома.

– А вы наогул адчуваеце, што прыхільнікаў у вас шмат? Здолееце сабраць цэлы Re:Public, як лічыце?

М.: Ведаеце, у нашай суполцы "Укантакце" з’явіўся чалавек з Паўночнай Карэі! Не думаю, што ён прыедзе на наш канцэрт, але гэта сведчыць пра тое, што нерэальна назваць усіх людзей, якія ўпадабалі нашу музыку, ды іх паходжанне. А збяром ці не…

В.: Альбо-альбо. Са свайго боку шмат робім для гэтага. Прыдумляем розныя цікавосткі. Напрыклад, заахвочваем студэнтаў зніжкай у 25%.

З.: Насамрэч галоўнае каб альбом атрымаўся так, як задумана – тады і людзі прыйдуць.

– Ёсць на альбоме песні, якімі з нейкіх прычынаў вы асабліва ганарыцеся?

П.: Мы лічым ганарлівасць грахом (усміхаецца). Але нам давялося скарыцца таму факту, што найбольш вядомыя нашы песні – гэта "Танчыць" ды "Сэрцы".

– Тых песень, якія вы стварылі разам з Ганнай Хітрык у альбоме "Рух", вам не шкада?

З.: Цікава, што на альбоме "Рух" ёсць песня, якую ili-ili выконвалі на першых канцэртах ледзьве не дзесяць гадоў таму.

М.: На дадзены момант у ili-ili дастаткова свайго матэрыялу, трэба з ім разабрацца. Але магчыма, пазней некаторыя песні з "Руху" ўвойдуць у рэпертуар ili-ili. Яны вартыя таго.

– Чаго ад вас чакаць надалей? Закіньце некалькі ідэй на будучыню.

В.: Акрамя канцэрта 5 снежня ў Re:Public мы робім тур па Беларусі ў падтрымку альбома. 15 лістапада ў нас Віцебск, легендарны "Чердачок". На наступны дзень Бабруйск, бар "Кочевник". А 22-га паедзем у Наваполацк, клуб Plastilin. І гэта толькі пачатак падарожжа па Беларусі.

П.: Яшчэ год таму ў нас не было паўнавартаснай беларускамоўнай праграмы. Цяпер яна ёсць. Невядома, што будзе далей. Наш гурт увесь час знаходзіцца у стане зменаў. Практычна перад кожным выступам ёсць адчуванне кроку ў невядомае. Мне здаецца, што гэта прыкмета жывога арганізму.

Жывая прэзентацыя альбома "list" пройдзе пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" 5 снежня ў 19.00 у клубе Re:Public. Старонка падзеі Vk.com.

Тэкст: Мікалай Дубавіцкі, Budzma.org


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net