Мінскі панк-рок гурт "Тлушч" прэзентаваў на партале Ultra-Music.com свой другі альбом "Зорка Венера". У рэліз увайшло 11 песень, адна з якіх запісаная пры ўдзеле музыкаў гарадзенскага гурта Dzieciuki. "Назва альбома – гэта адсылка ці нават паважны сцёб з Багдановіча", – тлумачыць вакаліст і гітарыст гурта Павел Белы.
– Хто ведае, можа, Вілендорфская Венера з вокладкі – гэта і ёсць Зорка Венера, якая натхніла яго на той самы верш? – працягвае ён. – А тлушч Вілендорфскай Венеры – гэта яшчэ і адсылка на нашу назву. Тлушч таксама можа быць прывабным, ён можа быць і сексуальным! Сама ідэя архетыпа жаноцкай багіні зараз асабіста мяне надта штырыць. І наогул, гэта ж паспяхова – змяшчаць на вокладку паўголых дзяўчат! То і мы вырашылі пайсці гэтым шляхам.
Рэпертуар гурта "Тлушч" складаюць песні на беларускай мове. Але на альбом "Зорка Венера" трапіла адна англамоўная кампазіцыя – "Lida Sneakers".
– Нам падабаецца крыху сцябацца з музычнай індустрыі. У тэксце нашага англамоўнага спева настолькі шмат тыпова беларускіх рэалій: Lida Sneakers, Svitanak, Gefest і гэтак далей – што native speaker гэты тэкст проста не зразумее! – смяецца Павел Белы. – Увогуле, забаўна, калі людзі называюць звычайную байку "світшотам" ці "худзі", п’юць латэ і смузі. Стаіш у сваіх Lida Sneakers і Svitanak t-shirt, глядзіш на ўсё, што адбываецца, і нічога не разумееш.
Першы альбом гурта "Тлушч" выйшаў год таму. За гэты час музыкі паспелі выпусціць пару новых сінглаў, выступіць на некалькі фестывалях у Беларусі і за мяжой, а таксама з'ездзіць у першы тур па гарадах Еўропы.
– Першы альбом мы наогул не хацелі называць панк-рокам: там жа і клавішы, і сальса, і шмат розных стыляў намяшана. Зваць гэта панк-рокам было б не зусім карэктна, таму мы казалі "каля-панк-рок" ці проста "рок". Але мне падаецца, што на другім дыску мы ізноў наблізіліся да каранёў, да панк-рокерскіх вытокаў, – тлумачыць гучанне новага Павел Белы.
Канцэртная прэзентацыя альбома "Зорка Венера" адбудзецца 14 снежня ў Shaka Bar (вул. Скрыганава, 6а; ст. м. "Маладзёжная"). Адмысловы госць канцэрта – гурт The Small. Пачатак у 19:00. Уваход: 40 000. Даведкі: +375 17 2561788.
Спампаваць альбом можна на сайце Ultra-Music
Тэкст: прэс-рэліз
Комментарии
В общем можно всё то же
В общем можно всё то же сказать, что я говорил про первый альбом. Но этот выглядит немного лучше, в плане текстов и музыки, но, всё равно, далеко от первого не ушёл.