Панк-гурт PunKrot амаль скончыў працу над новым альбомам, які мае выйсці ў красавіку. Ён будзе складацца з 11 песень, асноўная частка якіх каверы... на саміх сябе. Праца над дыскам праходзіла на студыі Quadro пад кіраўніцтвам Яўгена Сіроты.
"За перыяд існавання гурта было запісана шмат песень у неадпаведнай якасці, і цяпер некаторыя з іх, якія часцей за ўсё можна пачуць на канцэртах, былі злёгку перароблены і перазапісаны, – тлумачыць ідэю стварэння альбома лідэр Мікалай Кротаў.
На дыску будуць прадстаўлены песні 2006-2012 гадоў. Але ж кавераў на саміх сябе будзе толькі дзевяць. Гуртом на канцэртах часам выконваліся каверы на гурты "Король и шут", "Ария", Manowar, Slipknot, "Бригадный подряд", "Демо" і беларускія народныя песні. Адзін з гэтых кавераў можна будзе пачуць на дыску.
Адзінадцатая песня на дыску будзе анонсам наступнага альбома з цалкам новых песень, якія яшчэ не былі апрабаваныя на публіцы. Ён можа пабачыць свет восенню 2014 года.
Калектыў быў заснаваны ў 2006 годзе, за час існавання запісаў 6 дыскаў. Апошні на гэты момант альбом "Пан Крот" быў выдадзены ў верасні 2013.
Тэкст: Experty.by аводле інфармацыі гурта